Темы

Магілёўскай вобласці — 88 год

Магілёўскай вобласці — 88 год

У 1938 годзе, 15 студзеня, рашэннем 1-й сесіі Вярхоўнага Савета СССР была створана Магілёўская вобласць. Пасля шэрагу тэрытарыяльна-адміністрацыйных змяненняў фарміраванне тэрыторыі вобласці закончылася ўключэннем у яе склад Глускага раёна ў 1960 годзе і ўдакладненнем мяжы Мсціслаўскага раёна ў 1964 годзе. Зараз плошча вобласці 29,1 тысячы кіламетраў квадратных. У яе склад уваходзіць 21 раён, 17 гарадоў (з іх два абласнога падпарадкавання), шэсць пасёлкаў гарадскога тыпу, 2960 сельскіх населеных пунктаў (у тым ліку 204 аграгарадкі). Па стане на 1 студзеня 2025 года ў рэгіёне пражывала 971 365 чалавек, у тым ліку гарадское насельніцтва — 789 718 чалавек, сельскае — 181 647 чалавек.

Гісторыя Магілёўшчыны пачынаецца ў глыбокай старажытнасці. Рэкі Дняпро і Сож былі галоўнымі шляхамі пранікнення ў Беларусь першабытнага насельніцтва падчас каменнага і бронзавага вякоў. Каля вёскі Абідавічы Быхаўскага раёна вынайдзены крамянёвыя вырабы неандэртальцаў эпохі сярэдняга палеаліту (100—40 тысяч год назад).  У жалезным веку на поўдні вобласці пражывала насельніцтва, на аснове каторага склаліся ўсходнеславянскія плямёны.

У сярэднявеччы тэрыторыю вобласці засяляюць плямёны крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў. Найбольш старажытнымі гарадамі лічацца Мсціслаў (заснаваны ў 1135 годзе), Прапойск (цяпер Слаўгарад) і Крычаў (абодва вядомы з 1136 года).

Магілёў, які ўзнік каля 1267 года, паступова стаў самым буйным горадам беларускага Падняпроўя, а к сярэдзіне XVII стагоддзя — буйнейшым горадам усяго Вялікага Княства Літоўскага. У склад Расійскай імперыі магілёўскія землі былі ўключаны пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай.

У 1772 годзе па рашэнні імператрыцы Кацярыны II ствараецца Магілёўская губерня з цэнтрам у Магілёве.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі і ўтварэння БССР пачынаецца сучасная гісторыя Магілёўшчыны. У 1930-я гады ў сувязі з напружаным становішчам у Еўропе планавалася перанесці сталіцу БССР з блізкага да мяжы Мінска ў Магілёў. Пасля ўз’яднання з Заходняй Беларуссю гэта рашэнне было адменена.

Аднак менавіта тады ў Магілёве былі пабудаваны аб’екты, якія да гэтага часу вызначаюць прыгажосць і непаўторнасць горада: Дом Саветаў, кінатэатр “Радзіма”, гасцініца “Днепр”, будынак НКУС (зараз галоўны корпус Беларуска-Расійскага ўніверсітэта).

У даваенны час у Магілёўскай вобласці паскорана развівалася прамысловасць. Пачалі выпускаць прадукцыю фабрыка штучнага валакна і аўтарамонтны завод у Магілёве, дрэваапрацоўчы камбінат у Бабруйску, цэментавы завод у Крычаве, папяровая фабрыка ў Шклове, шклозаводы ў Асіповіцкім і Быхаўскім раёнах.

У выніку калектывізацыі больш за 91,5 % сялянскіх гаспадарак аб’ядналіся ў калгасы.

У вобласці працавалі тры вышэйшыя навучальныя ўстановы, 24 тэхнікумы і шэсць рабочых факультэтаў. Былі пабудаваны 58 бальніц і 38 амбулаторый. Культурныя патрэбы жыхароў вобласці забяспечвалі 4 тэатры, 226 кінатэатраў і перасоўных кінаўстановак, 20 Дамоў культуры, 367 клубаў і 360 хат-чытальняў.

Аднак Магілёву ўсё ж такі давялося стаць сталіцай БССР — у пачатку Вялікай Айчыннай вайны. З 25 чэрвеня па 3 ліпеня 1941 года ў горад былі эвакуіраваны партыйныя і дзяржаўныя органы кіравання рэспублікі. У абарончых баях на Магілёўшчыне і пры гераічнай абароне Магілёва было затрымана наступленне нямецкай групы армій “Цэнтр”. Гэта дало магчымасць падрыхтаваць абарону Смаленска і атрымаць перамогу ў бітве за Маскву.

У час вызвалення Беларусі ў ходзе аперацыі “Баграціён” на тэрыторыі вобласці пачаўся разгром групы армій “Цэнтр”, што падарвала ваенную магутнасць фашысцкай Германіі. Героямі Савецкага Саюза сталі 114 ураджэнцаў Магілёўскай вобласці, палкоўнікі

І. І. Гусакоўскі, С. Ф. Шутаў і

І. І. Якубоўскі атрымалі гэта высокае званне двойчы.

У 1967 годзе за актыўны ўдзел у партызанскім руху, мужнасць і гераізм у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі і за поспехі ў аднаўленні гаспадаркі Магілёўская вобласць была ўзнагароджана ордэнам Леніна. У 1980 годзе Магілёў узнагароджваецца ордэнам Айчыннай вайны I ступені, а Бабруйск у 1987 годзе — ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

У чэрвені 2009 года Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ “Аб узнагароджанні некаторых населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь вымпелам “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны”. Сярод іншых вымпел атрымалі Магілёў, Бабруйск, Клічаў і Крычаў.

За гады Вялікай Айчыннай вайны Магілёўская вобласць панесла цяжкія страты. Загінуў кожны трэці яе жыхар, у гарадах засталося 18,3 % жыхароў ад даваеннай колькасці. Былі разбураны 1172 прамысловыя прадпрыемствы, пасяўныя плошчы скараціліся больш чым напалову. Страты народнай гаспадаркі Магілёўшчыны склалі звыш 12,5 мільярда рублёў.

У выніку напружанай працы жыхароў вобласці і дапамогі іншых саюзных рэспублік за гады чацвёртай пяцігодкі даваенны ўзровень гаспадаркі быў адноўлены.

У 1950—1980-я гады ў прамысловасці найбольшае развіццё атрымалі машынабудаванне і хімічная вытворчасць. У Бабруйску дзейнічалі машынабудаўнічы і суднарамонтны заводы, заводы вагавымяральных прыбораў, трактарных агрэгатаў і дэталей, у Магілёве — “Строммашына”, “Электрарухавік”, “Тэхнапрыбор”, “Зеніт”, “Ліфтмаш”, а на заводзе імя Кірава асвоілі выпуск дарожна-будаўнічых аўтамабіляў. Пачалі выпуск прадукцыі Бабруйскі гідролізны завод, камбінат “Бабруйскшына”, магілёўскія камбінаты шаўковых тканін і “Хімвалакно”. У пачатку 1980-х гадоў хімічная прамысловасць апярэдзіла машынабудаванне і выйшла на першае месца ў вобласці па аб’ёму вытворчасці. Крычаў і Касцюковічы сталі вядучымі цэнтрамі цэментавай вытворчасці рэспублікі. Пасля правядзення электрыфікацыі, механізацыі, хімізацыі і меліярацыі на новы ўзровень развіцця выйшла сельская гаспадарка вобласці.

Вялікай нацыянальнай трагедыяй для беларускага народа стала аварыя на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі ў 1986 годзе.

У нашай вобласці найбольш моцна пацярпелі Быхаўскі, Касцюковіцкі, Слаўгарадскі, Чэрыкаўскі і Чавускі раёны. Зараз праводзіцца паслядоўная палітыка рэабілітацыі і аднаўлення выведзеных з гаспадарчага абароту зямель.

 З 1991 года пачалася новая старонка ў гісторыі Магілёўскай вобласці як часткі суверэннай Беларусі. Прамысловыя і сельска-гаспадарчыя прадпрыемствы змаглі пераадолець крызісныя з’явы сярэдзіны 1990-х гадоў, перайсці на выпуск новай канкурэнта-здольнай прадукцыі, вынайсці новыя рынкі для яе збыту. Прадпрыемствамі вобласці вырабляецца прыкладна 10 % прамысловай і каля 15 % сельскагаспадарчай прадукцыі рэспублікі.

У 2002 годзе для прыцягнення замежных інвестыцый і стварэння ўмоў для рэалізацыі сучасных высокатэхналагічных праектаў у рэгіёне створана свабодная эканамічная зона “Магілёў”. На яе даводзіцца амаль трэць прамысловай вытворчасці вобласці і палова рэгіянальнага экспарту.

Магілёўская вобласць валодае буйнейшымі ў рэспубліцы запасамі цэментавай сыравіны (мелу, мергелю, цэментавых глін і суглінкаў). Маюцца адзіныя ў Беларусі радовішчы фасфарытаў — сыравіны для вытворчасці фосфарных угнаенняў, значныя запасы пясчана-жвіравых сумесей, будаўнічых і сілікатных пяскоў, торфу, сапрапелю, мінеральных вод, трэпелу і нафты.

Нельга не сказаць пра багатую культурную спадчыну: на тэрыторыі вобласці знаходзіцца 1055 помнікаў археалогіі, гісторыі, архітэктуры і мастацтва. Працуюць 24 музеі, тры тэатры, філармонія. У 2025 годзе адкрыўся Музей Славы Магілёўшчыны. Рэгулярна праводзяцца разнастайныя культурныя мерапрыемствы. Гэта рэспубліканскае свята “Купалле”, свята сярэднявечнай культуры “Рыцарскі фэст. Мсціслаў”, Міжнародны музычны фестываль “Залаты шлягер” у Магілёве і іншыя.

Падрыхтаваў А. ЕМЯЛЬЯНАЎ

Последние новости

Культура

«Созвездие талантов». В Глуске прошел отчетный концерт Глусской детской школы искусств

27 мая 2026
Читать новость
Будь в курсе

С этого года в Беларуси зарегистрировано 69 происшествий на воде

27 мая 2026
Читать новость
Будь в курсе

Годовщины свадеб: как называются и что подарить

27 мая 2026
Читать новость
Будь в курсе

Включи ближний свет: мероприятие «Внимание – дети!» проводится в Могилёвской области

27 мая 2026
Читать новость
Будь в курсе

Как обманывают доверчивых граждан

27 мая 2026
Читать новость
Будь в курсе

Могилёвский облисполком 2 июня проведет горячую линию по вопросу деятельности службы «Контакт-центр — 115»

26 мая 2026
Читать новость

Рекомендуем