Сіманавічы: ад бронзавага веку да нашых дзён

Сярод усіх населеных пунктаў Глушчыны вёска Сіманавічы мае самую старажытную і працяглую гісторыю існавання. Упершыню людзі з’явіліся на гэтым месцы 3 тысячы год да нашай эры, у эпоху неаліту, і жывуць пачынаючы з бронзавага веку да нашых дзён. Пра гэта сведчаць знаходкі крамянёвых і керамічных вырабаў, якія адносяцца да тых часоў. На адным месцы ці непадалёк адзін ад аднаго размешчаны стаянка бронзавага веку, грунтовы могільнік і селішча жалезнага веку, курганны могільнік, яшчэ адно селішча, а таксама брацкая магіла партызан і савецкіх воінаў. Вось так у гэтым месцы сходзяцца мінулае і сучаснасць. Усе пералічаныя помнікі з’яўляюцца матэрыяльнымі гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі рэспубліканскага значэння. Непадалёк ад вёскі, на дарозе Слуцк — Бабруйск, захаваўся будынак паштовай станцыі, пабудаванай у сярэдзіне XIX стагоддзя.
Паездка ў Сіманавічы зацікавіць тых, хто любіць павандраваць па старажытных стаянках і селішчах, а таксама аматараў помнікаў архітэктуры. Гэта падарожжа для сямейнага адпачынку ў выхадны дзень, для арганізаванай экскурсіі з пазнавальнай мэтай ці проста для ўласнага задавальнення.
Калі захочацца пашукаць селішча і паблукаць па берагавых тэрасах, то лепш узяць з сабою боты і верхняе адзенне. Трэба памятаць, што матэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці знаходзяцца пад аховай дзяржавы. Іх уласнікамі з’яўляюцца Завалочыцкі сельвыканкам і ААТ “Эксперыментальная база “Глуск”.

Стаянка бронзавага веку размешчана на свабодным месцы паміж дамамі на вуліцы імя С. Ф. Шутава, у самым яе пачатку. Можна арыентавацца на металічную вышку сувязі, каторая стаіць ля дарогі.
У жалезным веку на месцы стаянкі жыхары суседняга селішча стварылі грунтовы могільнік. Яшчэ пазней узнік курганны могільнік, а ўрочышча атрымала назву “Доўбішча” (месца бітвы). Стаянка і грунтовы могільнік ніяк не выражаны на мясцовасці, а курганы можна пабачыць. На жаль, іх не пашкадавалі ні час, ні людзі.
З сямі вядомых насыпаў засталіся толькі два значна пашкоджаныя пахаванні, якія не так проста заўважыць. Курганы маюць акруглую форму да васьмі метраў у дыяметры і вышыню каля аднаго метра.
Селішча-2 жалезнага веку і месца раскопак знаходзіцца пад дзвюма высакавольтнымі лініямі электраперадачы. У час раскопак, праведзеных Н. М. Дубіцкай, знойдзены рэшткі жылых пабудоў і сабрана багатая калекцыя знаходак. Насельніцтва селішча належала да плямён кіеўскай культуры. Многія археолагі лічаць іх старажытнымі славянамі, гісторыя з’яўлення каторых пачынаецца яшчэ да рассялення летапісных дрыгавічоў, крывічоў і радзімічаў. Пазней жыхары селішча перасяліліся ўверх па цячэнні ракі на больш зручнае месца.
Каб адшукаць другое селішча, трэба прайсці ці праехаць трохі далей па вуліцы. Можна знайсці праход паміж дамамі ці абысці іх, калі яны скончацца. Новае селішча знаходзіцца паміж ракой і агародамі. Высокая тэраса ўзвышаецца над поймай ракі і зараз парасла дрэвамі, таму давядзецца крыху пахадзіць і пашукаць. Высокі абрывісты край селішча выглядае як сапраўдны вал гарадзішча.
Фрагменты ляпной і ганчарнай керамікі рознага часу знаходзілі на ўсёй тэрыторыі Сіманавіч. Атрымоўваецца, што вёска — суцэльны археалагічны помнік! На аснове селішчаў жалезнага веку ўзнікла сярэдневяковае паселішча. Першае ўпамінанне пра Сіманавічы ў пісьмовых крыніцах адносіцца да 1560 года.
У полі, што на ўскраіне вёскі, знаходзіцца брацкая магіла часоў Вялікай Айчыннай вайны. Там пахаваны 175 партызан і чырвонаармейцаў, якія загінулі з 1942 па 1944 год у баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Абеліск вышынёй два з паловай метры зроблены з чорнага граніту і месціцца на двухпрыступкавым п’едэстале. На верхняй частцы абеліска ёсць металічная дошка з надпісам на рускай мове: “Вечная слава воинам, героически павшим в боях за свободу и независимость нашей Родины. 1941—1945”. У ніжняй частцы абеліска — гранітная пліта, на якой пазначаны воінскае званне, прозвішча і ініцыялы, даты смерці пяцярых партызан і воінаў Чырвонай Арміі, імёны каторых вядомы.
Паездку ў Сіманавічы можна завяршыць аглядам будынка паштовай станцыі на шашы Слуцк — Бабруйск. Паштовая служба на дарозе, каторая ў свой час звалася “варшаўкай”, бо звязвала Маскву і Варшаву, пачала дзейнічаць 2 студзеня 1850 года. Большасць паштовых станцый на “варшаўцы” збудаваны па тыповым праекце швейцарскага архітэктара Луіджы Руска ў класічным стылі. Сам будынак захаваўся даволі добра. Маюцца таксама рэшткі гаспадарчых пабудоў.
Аляксандр ЕМЯЛЬЯНАЎ, фота аўтара