Як глушчане Масленіцу адгулялі

“Напячы, кума, бліноў, ды каб былі пышныя, бо на Масленічны тыдзень можна з’есці лішняе!” Дык жа і елі (не толькі бліны), і пілі (не толькі гарбату), і спявалі, і танцавалі, і спрыт-сілу паказвалі — з размахам адсвяткавалі ў мінулую суботу глушчане Масленіцу.
Блінамі ды іншымі прысмакамі, накшталт дамашняга печыва і гарбаты з сапраўдных самавараў, частавалі ўстановы культуры раёна і мясцовыя кааператары.
Тут жа, на бульвары Грахоўскага, можна было набыць сувеніры і сыграць у латарэю. Культурную праграму забяспечылі артысты цэнтралізаванай клубнай сістэмы.

За спартыўную частку адказвалі спартыўныя ўстановы. Традыцыйна вялікую колькасць балельшчыкаў сабрала спаборніцтва па перацягванні каната. Шэсць арганізацый выставілі свае каманды: лясгас, райбальніца, аддзел па надзвычайных сітуацыях, аддзел унутраных спраў, ДРБУ-213 і райгаз. Перамога ў гэты раз была на баку РАНС, другое месца заняла каманда РАУС, трэцімі сталі хлопцы з лясгаса.

А вось масленічны слуп з падарункамі пакарыўся далёка не адразу. Колькі чалавек да яго ні падыходзілі — да верху не дабіраліся, коўзкі ж занадта, казалі. Пакуль не знайшоўся той спрытны і жвавы смяльчак — завуць яго Аляксандр Саўчук, які змог першым зняць з вярхушкі прывабны пакецік.

У гіравым турніры ўдзельнічалі не толькі мужчыны,к глушчанеале і дзяўчаты, а першае месца заслужыў Іван Палуян.

Не пуставала ў гэты дзень і хакейная пляцоўка (калі яшчэ такое будзе, каб на Масленіцу лёд трымаўся?!).
У таварыскай сустрэчы паміж юніёрамі і дарослымі перамагла каманда апошніх, перамагла не без цяжкасцей, пра накал барацьбы сведчыць лік: 7:8.
Упершыню (на маёй памяці) сярод клубаў правялі “блінны” конкурс. Кожны клуб быў адзначаны ў адной з намінацый (“блінная кампазіцыя”, “лепшая фаршыроўка бліна”, “самы шырокі асартымент” і іншых), першае месца ў конкурсе прысудзілі Заеліцкаму сельскаму дому культуры і вольнага часу, гран-пры дасталася Завалочыцкаму СДК.

Кульмінацыяй свята стала спальванне пудзіла Зімы. Пудзіла ўсе разам, вялікім карагодам, спалілі і ўсе трывогі-непрыемнасці ў тым агні пакінулі.


Масленіцу адгулялі, зіму правялі — цяпер вясны чакаем!
А. ВАСІЛЕЎСКАЯ, фота аўтара