Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 20 лютага падпісаў Указ № 65 аб узнагароджанні ордэнам Маці

За нараджэнне і выхаванне пяці і болей дзяцей такой высокай узнагароды ўдастоены 203 жыхаркі ўсіх абласцей і горада Мінска.
Гэта работніцы розных сфер дзейнасці — прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, лясной і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, сацыяльнай сферы, гандлю, сувязі, устаноў адукацыі і аховы здароўя, культуры, індывідуальныя прадпрымальніцы і хатнія гаспадыні. У ліку ўзнагароджаных і жыхарка Глуска Крысціна Панкрацьева.
Крысціна Пятроўна — хатняя гаспадыня, яе муж Ігар Аляксандравіч працуе ў Глускім лясгасе станочнікам дрэваапрацоўчых станкоў. У іх сям’і пяцёра дзяцей, трое старэйшых, Анастасія, Ульяна і Аляксей, вучацца ў гімназіі, Сярожа ходзіць у дзіцячы садок, а меншаму, Руслану, яшчэ і двух гадкоў няма, ён дома з мамай.
Сям’я добрая, бацькі ўдзяляюць вялікую ўвагу выхаванню дзяцей, створаны ўсе ўмовы для іх вучобы і развіцця, дзеці гадуюцца ў атмасферы ўзаемаразумення і павагі, расказалі рэдакцыі ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.
Віншуем Крысціну Пятроўну і ўсю яе сям’ю з такой адметнай жаночай узнагародай.
Т. ЛУКАШЭВІЧ