22 сакавіка — Дзень памяці ўсіх спаленых беларускіх вёсак. Як палілі Зубарэвічы і Зелянковічы

У сакавіку 1943 года нямецкія захопнікі спалілі вёскі Зубарэвічы і Зелянковічы. У час правядзення карнай аперацыі загінула шмат мірных жыхароў. Паказанні тых, каму ўдалося выжыць, і паліцэйскага, што ўдзельнічаў у спальванні вёсак, дазваляюць аднавіць падзеі таго трагічнага дня.
Апытанне сведак следчымі праводзілася ў 1950 і 1953 гадах. На той час ніхто з апытаных не змог успомніць дакладную дату спальвання вёсак. Але ўсе сыходзіліся ў тым, што гэта было ў сакавіку 1943 года. Па іх словах, у карнай экспедыцыі прымалі ўдзел каля 200 паліцэйскіх з паліцыі Парыч і каля двух дзясяткаў немцаў.
Раніцай, калі многія жыхары яшчэ спалі, паліцэйскія акружылі вёску Зубарэвічы. Жыхароў зганялі на пагорак каля калгаснага двара, дзе размясціліся немцы. Іншыя паліцэйскія рабавалі дамы, выносячы прадукты, адзенне, хатнюю маёмасць. З хлявоў павыводзілі жывёлу, а хаты і іншыя пабудовы падпалілі. Алена Аляксееўна Гербач, якая хавалася ў сваёй хаце, прасіла не спальваць яе жыллё. Але паліцэйскі адказаў, што ім загадана забраць усё дабро, а вёску спаліць. Гаспадыня ўсё ж такі здолела загасіць полымя, бо ў гэты час на паліцэйскіх напалі партызаны.
Амаль што ўся вёска была выпалена. Згарэла 120 ці 130 дамоў. Паліцэйскім, відаць, удалося адбіцца ад партызан. Жанчын яны адпусцілі, а 35 мужчын забралі з сабой. Пасля гэтага карная экспедыцыя накіравалася ў суседнюю вёску Зелянковічы. Аднак нападзенне партызан занепакоіла немцаў, і яны выклікалі на дапамогу авіяцыю.
Жыхары Зелянковіч бачылі, як гарыць суседняя вёска. Якаў Анікеевіч Голуб успамінаў, што гэта напалохала вяскоўцаў. Таму ён і іншыя мужчыны, забраўшы жывёлу і ўсё, што маглі ўзяць з сабой, паспелі схавацца ў лесе.
Пра зверствы, якія ўчынілі немцы і іх прыслужнікі ў Зелянковічах, вядома з паказанняў М. Ф. Рыбіцкага. Ён уваходзіў у групу паліцэйскіх, якія акружылі вёску і нікога з яе не выпускалі. Хутка прыляцелі нямецкія самалёты і пачалі бамбіць хаты. Людзі кінуліся бегчы ў лес, але іх сустрэлі кулямётным і мінамётным агнём. Партызан паліцэйскія не знайшлі. Сярод забітых было шмат жанчын, дзяцей і старых.
Пасля бамбёжкі і расстрэлаў паліцэйскія пачалі рабаваць вёску. Усяго адабралі 60 кароў, 25 коней і валоў, усякім дабром нагрузілі 30 падвод. Былі арыштаваны шэсць мужчын і дзве жанчыны. Вёску паліцэйскія падпалілі і паехалі ў напрамку Пратасоў. Але далёка ад’ехаць не паспелі, як натрапілі на засаду партызан. Пяць паліцэйскіх было забіта, дзесяць паранена, адзін узяты ў палон. Пакінуўшы частку нарабаванага дабра, карны атрад адступіў у Пратасы.
Жыхар вёскі Зубарэвічы Фёдар Іванавіч Філіповіч быў сярод арыштаваных. Ён успамінае, што, калі пачаўся бой, многім удалося ўцячы. Але яго і яшчэ чацвярых паліцэйскія забралі з сабой. У лесе каля Ратміравіч Фёдар Іванавіч здолеў збегчы. Астатнія чацвёра праз некалькі дзён таксама вярнуліся. Дваіх з іх хутка забралі партызаны, што з імі стала, невядома. Казалі, што яны пагадзіліся супрацоўнічаць з немцамі і даносіць пра партызан. Захар Данілавіч Сініцкі пазней загінуў на фронце. Яшчэ адзін з вярнуўшыхся, па прозвішчы Фільчанка, памёр хутка пасля заканчэння вайны.
Жыхары спаленых вёсак, якім пашчасціла выратавацца, жылі ў зямлянках ці незгарэўшых пабудовах. Нешта з нарабаванай маёмасці, якую кінулі паліцэйскія пры ўцёках, нават удалося вярнуць. Спачатку самі вярнуліся дадому коні і каровы. А потым партызаны далі дазвол наведаць месца, дзе праходзіў бой, і пашукаць сваё дабро.
Пасля праведзенай карнай экспедыцыі немцы і паліцэйскія больш у Зубарэвічы і Зелянковічы не прыязджалі. Але толькі пасля вызвалення раёна ў 1944 годзе жыхары ўзяліся за аднаўленне сваіх вёсак. Пабудавалі хаты, абзавяліся гаспадаркай. Але перажытае не забываецца.
Калі ў 1953 годзе следчы прапанаваў Дзянісу Кірылавічу Харытановічу паспрабаваць пазнаць паліцэйскіх па фотакартках, васьмідзесяці-трохгадовы стары вельмі расхваляваўся.
Ці ж можа ён пазнаць людзей, якіх бачыў толькі раз у жыцці? І прыглядацца да іх не было калі, бо думаў, што зараз заб’юць. Памятае толькі, што яго канваіры былі зусім маладыя яшчэ хлопцы.
З жахам думаў, што яны проста і абыякава застрэляць яго. Страшней за смерць можа быць толькі чаканне смерці, пакуты родных і блізкіх.
А ўспаміны пра перажытыя выпрабаванні не пакідаюць і бярэдзяць душу ўсё жыццё.
А. ЕМЯЛЬЯНАЎ