У Глуску па вуліцы Жыжкевіча будзе новая дзіцячая пляцоўка

У Глуску па вуліцы Жыжкевіча вядзецца капітальны рамонт прыдамавой тэрыторыі дома № 12. Доўгі час, больш за 20 гадоў, гэты двор быў адгароджаны ад вуліц Жыжкевіча і Савецкай вялікай драўлянай сцяной з бярвенняў з уваходнай вежай, стылізаваных пад старажытнасць і нават казачнасць.
Гэтая сцяна стала, так бы мовіць, візітнай карткай і адметнасцю “афганскага” дома. Аднак усё мае свой тэрмін прыдатнасці, аджыла сваё і гэтая драўляная сцяна. Замены на новае, сучаснае патрабавала і абсталяванне на дзіцячай пляцоўцы. Так і атрымалася: на прыдамавой тэрыторыі ўстанаўліваюць дзіцячы гульнёвы комплекс “Ньюкасл” — яркі, прыгожы, з разнастайным абсталяваннем, на цвёрдым падмурку з рызінавым пакрыццём. Прадугледжаны дадатковыя пешаходныя дарожкі, азеляненне. Калі старую сцяну дэманціравалі, то некаторыя жыльцы дома хваляваліся, што двор будзе адкрыты на дзве вуліцы, і няўтульна, і небяспечна. Аднак хваляванні гэтыя дарэмныя, бо агароджа тэрыторыі таксама прадугледжана, няхай і не такая масіўная, як раней, расказалі рэдакцыі ў аддзеле архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама. Каштарысная вартасць аб’екта — амаль 110 тысяч рублёў. Завяршэнне капітальнага рамонту прыдамавой тэрыторыі жылога дома № 12 па вуліцы Жыжкевіча прадугледжана ў красавіку.
Таццяна ЛУКАШЭВІЧ
Фота Ірыны ГРАМЫКІ