З асаблівым клопатам да асаблівых дзетак. Пабывалі ў дзіцячым сацыяльным пансіянаце “Веснава”

У дзіцячы сацыяльны пансіянат “Веснава” мы накіраваліся не так сабе, а з важкай нагоды: па выніках работы за 2025 год ён заняў 3-е месца сярод сацыяльных пансіянатаў нашай вобласці. Адпаведны дыплом кіраўніку ўстановы Вячаславу Клімовічу быў уручаны ў Магілёве на пашыранай калегіі камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Магілёўскага аблвыканкама. Узнагародамі адзначаны і некаторыя работнікі пансіяната. Юрысконсульт Вольга Грамыка занесена на Дошку гонару камітэта пра працы, занятасці і сацыяльнай абароне, Падзякі камітэта ўдастоена шэф-повар Таццяна Ляпко, Граматы камітэта — культарганізатар Алена Падбярозная.
Пагадзіцеся: такі россып узнагарод сведчыць пра сапраўды значную работу, пра актыўнае, цікавае і насычанае жыццё пансіяната і яго насельнікаў.

А пражывае тут зараз 175 чалавек, уласна кажучы, на такую колькаць ён і разлічаны, узрост жыльцоў — ад шасці гадоў і старэйшыя, расказвае дырэктар пансіяната Вячаслаў Клімовіч. Выхаванцаў ад 6 і да 18 гадоў тут 49 чалавек, з іх 46 праходзяць адпаведнае іх стану навучанне, з астатнімі (гэта тыя, каму больш за 18 гадоў) займаюцца інструктары па працатэрапіі. У асноўным яны заняты ў сталярнай, ганчарнай, швейнай майстэрнях, на падсобнай гаспадарцы, у шматлікіх гуртках. Заняткі праводзяцца з усімі выхаванцамі, падкрэслівае дырэктар, ніхто з іх не выпадае з поля зроку, з імі працуюць або настаўнікі, або выхавацелі, або інструктары па працы. Працэс навучання арганізоўвае і праводзіць аддзел па адукацыі, яго педагогі. Гуртковую работу і працоўныя заняткі вядуць работнікі пансіяната.
Год назад у Веснава ўрачыста адкрылі новы корпус, і ўжо можна гаварыць, што дадатковыя памяшканні паспяхова асвоены. Там размясціліся вучэбныя класы (лічы, туды пераехала школа), медыцынскія кабінеты: прыёмна-карантыннае аддзяленне, лабараторыя, фізіятэрапеўтычны і стаматалагічны кабінеты, кабінет лячэбнай фізкультуры, паліятыўнае аддзяленне (палаты, дзе знаходзяцца цяжкія пацыенты). Ёсць там памяшканні і для гуртковай работы, і ўсе яны актыўна выкарыстоўваюцца.


У гэтым пераканаліся самі, дакладней, з дапамогай намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Таццяны Карповіч, прайшоўшы з ёю па новым корпусе. Плошчы тут і сапраўды не пустуюць: у невялікіх рэкрэацыях стаяць маляўнічыя стэнды з фатаграфіямі, аб’ёмныя фігуры, зробленыя на гуртках, у калідоры-пераходзе — дрэўцы з прыродных і штучных матэрыялаў.

“Гэта ўсё ўласныя вырабы, і стаяць яны тут не толькі дзеля красы, — тлумачыць Таццяна Уладзіміраўна. — З белымі кветачкамі — дрэва вясной, з зялёнымі лісцікамі — летам, з жоўтымі — восенню, а дрэўца без лісця, з гронкамі чырвоных ягад, паказвае, што прыйшла зіма. Пра ўсё гэта расказваем і нагадваем дзецям”.
Зайшлі ў медыцынскія кабінеты, яны добра аснашчаны, асабліва звярнулі ўвагу на адмысловае масажнае крэсла — і яно тут не дзеля раскошы. У многіх жыльцоў пансіяната праблемы з апорна-рухальным апаратам, а такое крэсла паскарае мікрацыркуляцыю, паляпшае сілкаванне мышцаў, дапамагае знімаць ацёкі і боль, стымулюе выпрацоўку гармонаў задавальнення. Словам, усё прадумана і ўсё патрэбна.
У стаматалагічным кабінеце затрымлівацца не сталі, бо там быў пацыент, і ўжо гэта гаворыць, што патрэбнае абсталяванне там ёсць, і яно таксама выкарыстоўваецца, а вопыт доктара Алега Фядорчанкі (у пансіянаце ён прымае пацыентаў ужо 18 гадоў) гарантуе добры вынік.

Вось дзе затрымаліся з задаваль-неннем, дык гэта кабінет сацыяльна-бытавой арыенціроўкі. Тут і кухня, і швейная майстэрня разам. Кухня — каб дзеці вучыліся карыстацца бытавой тэхнікай і іншым абсталяваннем.
Для гэтага там ёсць пліта, электрачайнік, мікрахвалевая печ, мультыварка, неабходны посуд, прас, пыласос, пральная машына. Ракавіны і кухонныя шкафчыкі нізкія — пад дзіцячы рост і каб людзі ў інваліднай калясцы маглі імі карыстацца. Пасярэдзіне — вялікі стол для раскройвання тканіны, па баках — некалькі швейных машынак з адмысловымі функцыямі, адна з іх — для вышывання. Усё абсталяванне ў дзеянні, расказвае Таццяна Уладзіміраўна і паказвае проста неверагоднай прыгажосці рэчы, пашытыя і аздобленыя машыннай вышыўкай: наборы прыхватак для гарачага, палатняныя сумкі-шоперы, ручнікі. Усё гэта шыюць і ўпрыгожваюць дзяўчаты, а вучыць іх, займаецца з імі сацыяльны педагог Алена Грынёва.



Мы і самі ўбачылі, як Алена Уладзіміраўна задала праграму для вышыўкі, а працэс выконвала адна з яе выхаванак. Вельмі спадабаліся нам лялькі ручной работы і арыгінальныя пасхальныя кампазіцыі. Было што паглядзець і ў кабінеце з ганчарнымі вырабамі, там добрыя рэчы як для хатняга ўжытку, так і для аздаблення інтэр’ера, пра іх стварэнне нам падрабязна расказала кіраўнік гуртка Ірына Шкавянцова. Зрэшты, там што ні кабінет, то сапраўдная сувенірная крама, а вырабы такія, што ад завадскіх не адрозніш — настолькі ўсё прадумана, прыгожа і па-майстэрску зроблена.

Выхавацелі тут вялікія ўмельцы, майстры на ўсе рукі, перакананы дырэктар, працуюць па шмат гадоў, майстэрства сваё даводзяць да дасканаласці і вучаць гэтаму сваіх выхаванцаў. Усе гэтыя рэчы на 90 працэнтаў зроблены менавіта жыхарамі пансіяната, пацвярджае Таццяна Карповіч.




Заняткі, якія праводзяцца з выхаванцамі ў гуртках і ў майстэрнях, вельмі дапамагаюць ім у развіцці. Гэта адзначаюць псіхолаг пансіяната Ірына Саўчук і загадчыца аддзялення суправаджаемага пражывання Ірына Грышына. У дзіцячым пансіянаце “Веснава” рэалізуюцца праекты па набыцці жыццёвых навыкаў і па аднаўленні дзеяздольнасці выхаванцаў.

І тое, што за шэсць гадоў (пачынаючы з 2019-га) сем выхаванцаў аднавілі ў дзеяздольнасці, а чатырох не пазбавілі (працэдура пазбаўлення дзеяздольнасці адбываецца, калі выхаванцу спаўняецца 18 гадоў), — вынік усёй праводзімай тут работы, ад умоў пражывання і фізічнага развіцця да медыцынскай і псіхалагічнай дапамогі, педагагічнай, выхаваўчай, працоўнай дзейнасці. Гэта, безумоўна, вынік агульных намаганняў.
“З боку можа падацца, што змены, якія адбываюцца, і крокі, якія ў сваім развіцці робяць нашы выхаванцы, зусім нязначныя, — кажа псіхолаг Ірына Саўчук, — але насамрэч для іх стану гэта вялікія зрухі. Я праводжу псіхадыягностыку (планавую і па запытах медыкаў), кансультаванне, псіхапрафілактыку, псіхалагічную асвету, трэнінгавыя заняткі з педагогамі, індывідуальныя і групавыя заняткі з дзецьмі, выкарыстоўваю казкатэрапію, арт-тэрапію, дзеці малююць, адказваюць на пытанні. Установа гэта спецыфічная, і кантынгент тут асаблівы, ёсць свае асаблівасці і свае цяжкасці. Але ж ёсць і плюсы. Галоўны ў тым, што дзеці тут вельмі адкрытыя, шчырыя, не хаваюць сваіх эмоцый, сустракаюць цябе заўсёды з радасцю. У большасці выпадкаў іх дыягназ зняць нельга, але можна павысіць якасць іх жыцця тут і зараз. На гэта я і нацэлена ў сваёй рабоце. Праводжу яе сумесна з іншымі спецыялістамі”.
Пра сумесныя заняткі расказала і Ірына Грышына, па спецыяльнасці яна алігафрэнапедагог, у пансіянаце загадвае аддзяленнем суправаджаемага пражывання. Сюды ўваходзяць некалькі груп. Група № 7 (там мы і вялі нашы гутаркі) размешчана ў асноўным корпусе. “У асобных пакоях тут пражываюць 4 хлопчыкі і 4 дзяўчынкі, у іх агульная гасціная, ёсць свая кухня, дзе яны набываюць навыкі самаабслугоўвання, — расказвае Ірына Мікалаеўна. — Акрамя розных заняткаў, у іх ёсць вольны час, і, што вельмі важна, яны яго самастойна арганізоўваюць: дзяўчынкі любяць складваць алмазную мазаіку, хлопчыкі гуляюць з машынкамі, у тым ліку і на радыёкіраванні, і не проста катаюць, а разыгрываюць пэўныя сітуацыі.
На тэрыторыі пансіяната ёсць некалькі домікаў асобнага пражывання для юнакоў і дзяўчат, гэта таксама мае групы.
Ну і ў Глуску на вуліцы Піянерскай пад наглядам выхавацеля жывуць 7 чалавек, штодня ездзяць сюды на працоўныя заняткі, а дома ў іх свае абавязкі, і яны іх выконваюць, як правіла, без напаміну, самі ходзяць у магазіны. Вынік работы ёсць, навыкі самаабслугоўвання ў нашых выхаванцаў замацоўваюцца, якасць іх пражывання павышаецца. Зараз я скіроўваю сваю работу з імі на паводзіны ў сацыяльным асяроддзі, на камунікацыі, лічу гэта нават больш важным, чым кагнітыўнае развіццё. Мы чытаем з імі невялікія апавяданні, абмяркоўваем іх, мадэлюем розныя жыццёвыя сітуацыі, гуляем у гульні. Усё гэта дапамагае замацоўваць тое, што яны ўжо ведаюць і ўмеюць, набываць новы досвед, новыя навыкі. Няхай сабе не так хутка і не так трывала, як чакалася і хацелася. Але зрухі ёсць”.
Цікавай і паказальнай падалася мне і гісторыя самой Ірыны Грышынай.
Па адукацыі яна настаўнік пачатковых класаў і пэўны час працавала па гэтай спецыяльнасці: перад тым як у 2013 годзе прыйсці ў Веснава, працавала ў гімназіі. Такі рэзкі пераход, паварот жыцця ўспрыняла па-філасофску, сітуацыю не проста прыняла, а адаптавала пад сябе і выйшла з яе з набыткамі: прайшоўшы перанавучанне ў Мінску, атрымала новую спецыяльнасць і паспяхова працуе па ёй.
“Не было б у нас такіх вынікаў і не мелі б мы тых поспехаў, калі б не такі калектыў, высокапрафесіянальны, творчы, стабільны, — гаворыць дырэктар пансіяната “Веснава” Вячаслаў Клімовіч. — Той, хто прыйшоў сюды, застаецца надоўга, людзі да нас ідуць самі, мы нікога не ўгаворваем, бывае, што па некалькі гадоў чакаюць, пакуль з’явіцца вакантнае месца. Таму за ўсе нашы поспехі і ўзнагароды дзякуй калектыву, нашым работнікам, хто працуе аддана, шчыра, сумленна, з творчым падыходам”.
Гэта першы матэрыял пра “Веснава”, у сацыяльным пансіянаце мы прабылі паўдня і пагутарылі з рознымі работнікамі. Пра іх раскажам у новых матэрыялах.
Т. ЛУКАШЭВІЧ
Фота А. АТЛАС