У Глуску прайшоў дзень прызыўніка

Лёгкай службы ім не жадалі, наадварот — папярэджвалі, што іх чакаюць выпрабаванні і сур’ёзныя фізічныя нагрузкі, але ўсё гэта можна і патрэбна пераадолець, прайсці дастойна і з гонарам.
У Глуску на мінулым тыдні прайшоў дзень прызыўніка, урачыстае мерапрыемства адбылося ў сценах раённага гісторыка-краязнаўчага музея. Галоўнымі яго ўдзельнікамі былі прызыўнікі, юнакі, якія гэтай вясной накіроўваюцца з нашага раёна на ваенную службу.
“Урачыстыя провады прызыўнікоў — гэта добрая традыцыя, такія мерапрыемствы ладзяцца ў нас кожныя паўгода. Сустрэча пачалася экскурсіяй па экспазіцыі раённага музея невыпадкова, — сказаў, звяртаючыся да юнакоў, начальнік адасобленай групы (Глускага раёна) ваеннага камісарыята Бабруйска, Бабруйскага, Глускага і Кіраўскага раёнаў Сяргей Корбут. — Гэта для таго, как вы памяталі, адкуль вы родам, дзе ваша радзіма, каго будзеце абараняць і куды вам патрэбна вярнуцца”. Ваенком настроіў прызыўнікоў на сур’ёзныя фізічныя нагрузкі, на строгі армейскі распадарак і выкананне воінскай дысцыпліны і падкрэсліў, што ўсё гэта разам з набытымі ваенна-ўліковымі спецыяльнасцямі ў будучым ім спатрэбіцца і дапаможа ў грамадзянскім жыцці. Якія яны, Узброеныя Сілы сучаснай Беларусі, можна было пабачыць у тэматычным відэафільме, прадэманстраваным падчас сустрэчы. Адслужыць дастойна і вярнуцца дадому дужымі і мужнымі пажадаў юнакам старшыня раённага Савета дэпутатаў Раман Тычына. Армія — школа жыцця, яна робіць з юнака мужчыну, падкрэсліў намеснік старшыні райвыканкама Анатоль Ласоцкі, ён пажадаў прызыўнікам стойка прайсці выпрабаванні ваеннай службы, знайсці сабе верных сяброў і не забываць, што дома чакаюць родныя і блізкія. Пра адметнасці службы ў сучасных умовах, пра высокую адказнасць перад блізкімі і перад дзяржавай, пра неабходнасць на выдатна авалодаць ваеннай спецыяльнасцю гаварылі юнакам кіраўнікі раённых арганізацый Беларускага саюза афіцэраў Юрый Бучань і ветэранаў вайны ў Афганістане Міхаіл Тылец. Пры гэтым адзначылі, што разам з цяжкасцямі ў сучаснай службы нямала плюсаў: служыць адносна нядоўга і недалёка, год-паўтара і ў сваёй краіне, адслужыўшаму маладому чалавеку прасцей атрымаць добрую работу, ну і дзяўчаты больш прыхільна глядзяць на тых, хто прайшоў армію. Служыць пад мірным небам, знайсці новых сяброў пажадалі прызыўнікам начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне і кіраўнік раённай арганізацыі Беларускага фонду міру Алена Кірэй і старшыня раённага савета ветэранаў Тамара Толсцік, а атрыманыя ўменні каб давялося прымяняць толькі на трэніровачных палігонах. “Памятайце, што дома вас любяць і чакаюць. Вяртайцеся жывымі і здаровымі!” — сказалі будучым салдатам. Урачыстасці і асабліваму настрою падчас імпрэзы спрыялі музычныя нумары ад работнікаў культуры, а на памяць пра гэтую цёплую сустрэчу ўсе прызыўнікі атрымалі невялікія, але патрэбныя падарункі.



Як расказаў карэспандэнту раённай газеты падпалкоўнік Сяргей Корбут, у гэты вясновы прызыў з Глускага раёна на ваенную службу накіроўваюцца 20 прызыўнікоў. Служыць яны будуць у сілах спецыяльных аперацый, органах пагранічнай службы, унутраных войсках МУС, вучэбных воінскіх часцях, ваенна-паветраных сілах і войсках супрацьпаветранай абароны, ракетных войсках і артылерыі. Адпраўкі пройдуць з 24 красавіка па 5 мая.
Т. ЛУКАШЭВІЧ
Фота аўтара