Кожная пятніца — роднае, сваё! Сёння згадаем, дзеля чаго трэба наведаць Горкі

У другую пятніцу месяца расказваем пра цікавыя мясціны Беларусі. Сёння згадаем, дзеля чаго трэба наведаць Горкі.
Знаёмства з Горкамі можна пачаць з самага вядомага ў гэтым горадзе “аб’екта” — сельскагаспадарчай акадэміі, якая адлічвае сваю гісторыю з 1840 года! Комплекс будынкаў акадэміі будзе цікавы аматарам архітэктуры, таксама ў навучальнай установе дзейнічае музей.
Адкрыты для наведвальнікаў батанічны сад пры сельгасакадэміі, у калекцыях якога налічваецца больш за тры тысячы груп раслін. Галоўная экспазіцыя саду — дэндрарый, помнік рэспубліканскага значэння.
Горацкі раённы гісторыка-этнаграфічны музей размяшчаецца ў будынку 19 стагоддзя, уключаным у спіс помнікаў архітэктуры. Экспазіцыі музея расказваюць пра археалагічную спадчыну краю, яго этнаграфічныя асаблівасці, сучасныя дасягненні, маецца тут “куток аптэкара” і “фотаатэлье пачатку 20 века”.
Дзеючая царква Узнясення Гасподняга ў Горках — помнік архітэктуры сярэдзіны 19 стагоддзя, да нашых дзён захавалася ў даволі добрым стане.

“Пятрова горка” — месца, дзе кватараваў падчас шведскай кампаніі Пётр І.
У аграгарадку Леніна наведайце Музей савецка-польскай баявой садружнасці. Мемарыяльны комплекс прысвечаны бітве ў кастрычніку 1943 года, калі нямецкім войскам сумесна супрацьстаялі байцы Чырвонай Арміі і польская пяхотная дывізія.
У вёсцы Малыя Шарыпы захаваліся рэшткі Успенскай царквы канца 19 стагоддзя.
У вёсцы Студзянец гадоў дзесяць назад аднавілі крыніцу, пабудавалі каплічку. Вада з гэтай крыніцы лічыцца гаючай.