Падвялі вынікі раённага конкурсу мастацкай творчасці “Я пяю і гавару аб Радзіме”

Гэты конкурс напярэдадні 9 Мая стане ў нашым раёне традыцыйным, сказаў намеснік старшыні Глускага райвыканкама і старшыня журы Анатоль Ласоцкі пры падвядзенні вынікаў раённага конкурсу мастацкай творчасці “Я пяю і гавару аб Радзіме”. Ён прайшоў у Глуску 5 мая, а месцам правядзення стаў цэнтр культуры і вольнага часу “Арыён”.






Назва конкурсу гаворыць сама за сябе: са сцэны гучалі творы аб Радзіме, подзвігах салдат-вызваліцеляў у гады Вялікай Айчыннай вайны, гераічных і трагічных старонках гісторыі Беларусі, сувязі пакаленняў. Прыняць удзел у ім запрашалі ўсіх, хто валодае мастацкім словам, вакальнымі здольнасцямі, хто сябруе з творчасцю, а такіх у нашым раёне шмат, і конкурс гэта пацвердзіў.
У трох намінацыях: “мастацкае слова”, “вакальная творчасць (салісты)” і “вакальная творчасць (калектывы)” — выступілі 28 выканаўцаў і 4 творчыя калектывы.
Анатоль Ласоцкі падзякаваў усім удзельнікам, што пераадолелі сябе, справіліся з хваляваннем, выйшлі на сцэну і паказалі свой талент, свае здольнасці, падзякаваў і балельшчыкам: іх падтрымка была вельмі патрэбна выканаўцам. Разам з гэтым старшыня журы прызнаўся, што вызначыць лепшых было цяжка. Пра гэта падумала і я, слухаючы выступленні, — вельмі часта праз слёзы. Конкурс сапраўды атрымаўся цікавым, кранальным, цудоўным і разам з гэтым напружаным па эмоцыях і па накалу барацьбы. Зрэшты, мне здаецца, што пра творчае саперніцтва выканаўцы, выходзячы на сцэну, не думалі, яны чыталі і спявалі з душой, па-майстэрску, прачула, з разуменнем, з болем за пакуты, з гонарам за людзей і краіну.
Зразумела, работнікі культуры былі на вышыні і ў чарговы раз прадэманстравалі свае выдатныя творчыя здольнасці і таленты. Разам з гэтым вельмі арганічна глядзеліся і пачувалі сябе на сцэне і прадстаўнікі іншых прафесій і сталі для прафесіяналаў дастойнымі канкурэнтамі. Педагогі зноўку паказалі, што ім любая справа па плячы, яны, як тое кажуць, і швец, і жнец, і на дудзе ігрэц, а ў нашым выпадку — выдатныя чытальнікі і спевакі. А як прыемна было бачыць на сцэне работнікаў “Жылкамгаса”, лясгаса, аддзела ўнутраных спраў, Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва! Творчыя асобы, выдатныя выканаўцы і сапраўдныя малайцы! Упэўнена, нават дакладна ведаю, што і ў іншых працоўных калектывах раёна ёсць такія людзі, добра было б убачыць іх на такім жа конкурсе на той год.
Сяголета яго арганізавалі і правялі сектар культуры райвыканкама, цэнтралізаваная клубная сістэма, раённае аддзяленне Беларускай партыі “Белая Русь”, раённая арганізацыя Беларускага фонду міру. Яны ж разам з райкамам БРСМ сталі яго спонсарамі і набылі каштоўныя падарункі для прызёраў і пераможцаў — бытавую тэхніку, музычную калонку, набор кухоннага посуду.
У намінацыі “мастацкае слова” дыплом лаўрэата 3-й ступені атрымала Людміла Балкіс (Цэнтр творчасці), другое месца заняла Святлана Іванцова (СШ № 1), лаўрэатам 1-й ступені стала Алена Сапега (Клятнянскі СДК).
Сярод салістаў у намінацыі “вакальная творчасць” 3-е месца ў Яўгеніі Нікіцінай (дзіцячы сад № 4), 2-е месца заняла Валянціна Долбік (ЦКіВЧ “Арыён”), пераможцай прызнана Алена Мікуліч (Заеліцкая СШ).
Сярод калектываў у намінацыі “вакальная творчасць” дыпломам 3-й ступені ўзнагароджаны вакальны ансамбль дзіцячага сада № 3, 2-е месца прысуджана вакальнай групе Клятнянскага СДК, лаўрэатам 1-й ступені стаў народны вакальны ансамбль “Крынічанька” цэнтра культуры і вольнага часу “Арыён”.
Дыпломы ўдзельнікаў раённага конкурсу мастацкай творчасці “Я пяю і гавару аб Радзіме” атрымалі ўсе спевакі і чытальнікі, што выходзілі на сцэну. Дзякуй ім, што парадавалі, здзівілі, кранулі душу.
Таццяна ЛУКАШЭВІЧ
Фота аўтара і Аляксандры АТЛАС