Кожная пятніца — роднае, сваё! Сёння згадаем, дзеля чаго варта наведаць Слаўгарад

У другую пятніцу месяца расказваем пра цікавыя мясціны Беларусі. Сёння згадаем, дзеля чаго варта наведаць Слаўгарад.
З гэтым горадам звычайна звязаны дзве асацыяцыі: Блакітная крыніца і сыр, аднак ёсць там і шмат чаго іншага цікавага.
Блакітная крыніца — самая вялікая ў Беларусі і адна з самых буйных ва Усходняй Еўропе, гідралагічны помнік прыроды.
Вада тут 4—5 градусаў круглы год і вельмі празрыстая, гэта таму, што, падымаючыся з глыбіні, праходзіць праз “фільтр” з гліны і мелу. Дарэчы, якой глыбіні крыніца, дагэтуль не ўстаноўлена, расказваюць, што нават груз, апушчаны на 200-метровай вяроўцы, не дасягнуў дна. Кажуць, калі тры разы пяройдзеш ручай (а па шырыні ён як невялікая рэчка), што выцякае з крыніцы, — забудзеш пра хваробы. А вада з крыніцы лічыцца гаючай, людзі набіраюць яе не тое што бутлямі — бітонамі.
Месца, дзе знаходзіцца Блакітная крыніца, добраўпарадкавана, ёсць альтанкі, працуюць павільёны, можна купіць і тыя самыя знакамітыя слаўгарадскія сыры.
У самім Слаўгарадзе абавязкова наведайце набярэжную. Там, дзе рака Проня ўпадае ў Сож, — высокі бераг з ашаламляючым відам на ваколіцу, дзеля гэтых відаў абсталявана назіральная пляцоўка. Тут даўным-даўно былі гарадзішча, замак, пазней — парк і дварэц. Пра ўсё гэта захоўваецца сёння памяць у выглядзе шматлікіх лакацый, якія адсылаюць нас да розных гістарычных эпох, а яшчэ нагадваюць, што колькі дзесяцігоддзяў назад Сож быў судаходнай ракой. Ёсць тут і альтанкі, дзе можна адпачыць. Гэта ўвогуле прыкмета Слаўгарада: шмат абсталяваных месцаў для адпачынку на свежым паветры.
Пра падзеі нядаўняга мінулага напамінае ў горадзе алея, прысвечаная вёскам, адселеным з-за аварыі на Чарнобылі.
Сярод гістарычных помнікаў — будынак паштовай станцыі і царква Раства Прасвятой Багародзіцы, датаваныя 18 стагоддзем.
Не пашкадуйце часу і звярніце з трасы, каб заехаць у аграгарадок Лясная, да мемарыяльнага комплексу ў гонар перамогі рускіх над шведамі падчас Паўночнай вайны. Нават калі вы нічога не ведаеце
ні пра Паўночную вайну, ні пра бітву ля вёскі Лясной у верасні 1708 года, паверце, вы будзеце ўражаны ўбачаным. Капліца апостала Пятра (храм-помнік) выглядае насамрэч манументальна, таксама тут узведзены манумент у выглядзе арла, які ўзвышаецца над шведскім сцягам, і мармуровы абеліск на брацкай магіле.
У аграгарадку можна наведаць бібліятэку-музей, экспазіцыя размешчана ў асобнай зале і пад адкрытым небам.