Темы

У дзіцячым пансіянаце “Веснава” адбыўся конкурс «Год беларускай жанчыны”

У дзіцячым пансіянаце “Веснава” адбыўся конкурс «Год беларускай жанчыны”

Напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і ў гонар Года беларускай жанчыны ў дзіцячым сацыяльным пансіянаце “Веснава” адбыўся незвычайны конкурс, яго мэта — не вызначыць лепшых, а паказаць іх, таму пераможцаў і прайграўшых тут не было. Ён так і называўся — “Год беларускай жанчыны”, у ім яскрава чыталіся абраная тэматыка і выразны патрыятычны кірунак. Удзельніцамі конкурсу сталі чатыры чароўныя і смелыя жанчыны, работніцы пансіяната: няня, выхавацель, медыцынская сястра і спецыяліст па сацыяльнай рабоце — Таццяна Аднамах, Святлана Анцюшэня, Вольга Валадзько і Таццяна Равінская.

Трэба сказаць, што конкурс рыхтаваўся грунтоўна, тры месяцы. За гэты час яго ўдзельніцам трэба было шмат што асэнсаваць у сабе і ў сваім жыцці, вылучыць галоўнае, падумаць пра сваю ролю ў грамадстве, сваім калектыве, сваёй сям’і. І не проста падумаць, а зняць пра ўсё гэта невялікія відэафільмы, ды так, каб кожны глядач не толькі заглядзеўся і заслухаўся, а ўбачыў, адчуў адметнасць, асаблівасць кожнай жанчыны, яе разынку, яе таямніцу.

Каб заахвоціць і прастымуляваць творчы патэнцыял сваіх работніц, пашырыць культурныя гарызонты, кіраўніцтва пансіяната арганізавала для іх паездку ў Мінск. Жанчыны прайшлі па знакавых мясцінах сталіцы, пабывалі ў Нацыянальным акадэмічным тэатры оперы і балета (глядзелі “Баядэрку”), не абышлося без шопінгу (канкурсанткі набылі сабе шыкоўныя касцюмы, у якіх потым і выйшлі перад калегамі на сцэну) і сямейнага адпачынку ў кафэ. Цікавай справаздачай пра гэту паездку сталі фота- і відэаматэрыялы, паказаныя ў першай частцы конкурсу яго гледачам.

Ну а потым справа дайшла і да творчых работ саміх удзельніц. Бачна было, што культурная праграма ў сталіцы іх натхніла, настроіла на творчую хвалю: у знятых відэа былі маляўнічыя краявіды роднай Глушчыны, кранальныя і смешныя сцэны сямейнага жыцця і работы, слушныя разважанні жанчын, шмат гумару і нават танец у сямейным выкананні. Яшчэ трэба дадаць, што пасля ролікаў (яны складаліся з дзвюх частак: пра жыццё і пра работу) было невялікае інтэрв’ю, дзе пытанні задаваў сам дырэктар пансіяната.

Таццяна Аднамах расказала і паказала, як працуе з выхаванцамі пансіяната ў групе фарміравання жыццёвых навыкаў, яна няня, работа толькі на першы погляд простая, а на самой справе яе рукі не ведаюць адпачынку. Шмат спраў і дома, дзе маму і жонку чакаюць дзве дачушкі і любімы муж. Але ўсе цяжкасці лёгка пераадольваюцца, калі адчуваеш падтрымку родных людзей, калі ёсць месца, адкуль чэрпаеш сілы, і гэта месца — родны ўтульны дом. А чаго найбольш хацелася б зараз? Мабыць, крыху адпачыць! Сярод усіх падзей апошняга часу найбольш запомнілася тая самая калектыўная паездка ў Мінск, яркія эмоцыі ад яе дагэтуль напаўняюць радасцю. Яшчэ пра адну знакавую падзею ў жыцці канкурсантцы нагадаў Вячаслаў Клімовіч: у свой час Таццяна Аднамах станавілася лаўрэатам спецыяльнай прэміі Магілёўскага аблвыканкама ў сацыяльнай сферы. Лаўрэатам гэтай прэміі была таксама і юрысконсульт сацыяльнага пансіяната Вольга Дзенісюк, а ў гэтым годзе такую прэмію ўручылі няні Алене Бясцвіцкай. Усіх трох жанчын дырэктар запрасіў на сцэну і пад апладысменты прысутных падарыў кветкі, букецікі васількоў. Гэта быў адзін з кранальных момантаў сустрэчы.

Цікава і нават нечакана было даведацца, што такая маладая і стройная Святлана Анцюшэня — маці трох дачок, з мужам Сяргеем у іх ужо салідны сямейны стаж: разам яны жывуць 25 гадоў, для іх сям’я — галоўнае ў жыцці. Быць разам з блізкімі, жыць у гармоніі з сабой і з прыродай — вось тое, на чым трымаецца душэўная раўнавага гэтай прывабнай жанчыны. У веснаўскім пансіянаце Святлана працуе выхавацелем, выхаванне — працэс узаемны: яна вучыць сваіх выхаванцаў, а яны стымулююць яе вучыцца чамусьці новаму. А яшчэ яна прафсаюзны лідар у сваім калектыве, ужо болей за 13 гадоў, што сведчыць пра давер калег. Словам, усё складваецца добра. Але калі б з’явіліся кухня і ванная-самамыйкі і бялізна-самаскладка, то было б зусім цудоўна, заключыла Святлана.

Жанчына і медсястра — так сказала пра сябе Вольга Валадзько. Жанчына — гэта маці і жонка: Вольга і яе муж Аляксей гадуюць двух дзяцей, дачушку Сафію і сыночка Ілью. Мяркуючы па тым прыгожым танцы, які яны выканалі ўчацвярох, ды яшчэ ў прыгожых народных строях, у іх сям’і пануюць лад і згода, вядома ж, не абыходзіцца без праблем, але ўсё вырашальнае, калі людзі паважаюць адзін аднаго.

У дзіцячым пансіянаце Вольга працуе з 2010 года, яна медсястра фізіятэра-пеўтычнага кабінета, дапамагае ўрачу ў стаматалагічным. Быць медыкам марыла з дзяцінства, пра тое, што мара стала рэальнасцю, ніколі не пашкадавала, у медыцыну прыйшла па закліку сэрца. Удзел у гэтым конкурсе, па ўласным прызнанні Вольгі, надаў ёй упэўненасці, зрабіў жыццё больш цікавым, дабавіў фарбаў. Чаго яшчэ хацелася б? Знайсці такую кнопку “стоп”, якая б дазваляла спыняць, падаўжаць найбольш светлыя і шчаслівыя моманты жыцця.

“Я не лепшая, я шчаслівая, і гэтага дастаткова”, — проста і шчыра сказала Таццяна Равінская, любімая і любячая жонка  мужа-рыбака і маці двух дзяцей (дачка ўжо самастойная, а сын яшчэ з бацькамі). Яна, як і многія беларускія жанчыны, паспяхова сумяшчае і звычайныя бытавыя клопаты (дом, агарод, сям’я), і работу. У пансіянаце Таццяна працуе спецыялістам па сацыяльнай рабоце, а значыць, мае стасункі з бацькамі — абавязанымі асобамі, што павінны аплочваць утрыманне сваіх дзяцей, сочыць за тым, каб матэрыяльныя інтарэсы саміх дзяцей не былі парушаны. І сваім родным дзецям, дзеля якіх жыве, і выхаванцам пансіяната, дзеля якіх працуе, яна хацела б шчасця і здароўя. Усё астатняе насамрэч не так і важна.

Так яно і ёсць. Конкурс завяршыўся на сцэне, але не ў жыцці, адзначыў, падводзячы вынікі, Вячаслаў Клімовіч.

ён падзякаваў удзельніцам за іх смеласць і старанне, пажадаў, каб быў хлеб на стале і каб ніхто не адабраў у іх тое, што ёсць, пажадаў усім міру і дабра. Падзякай чатыром смелым жанчынам за іх рашучасць, шчырасць і адкрытасць сталі шчодрыя апладысменты калег і выхаванцаў.

Т. ЛУКАШЭВІЧ

Фота Г. АЎТУХОВАЙ

Последние новости

Актуально

На «Славянском базаре в Витебске» открылся «Кукольный квартал»

16 июля 2026
Читать новость
Культура

В этот летний день совет ветеранов посетил пешеходную экскурсию по исторической части поселка «Глуск— город на Птичи»

16 июля 2026
Читать новость
Актуально

Удзельнік I УНС слесар Аляксандр Галаўнёў: «Час быў такі цяжкі, што здавалася парою: прасвету няма»

16 июля 2026
Читать новость
Власть

Молочные реки, узбекские «берега» и образцовый агросервис. Главное о работе Лукашенко в регионах

15 июля 2026
Читать новость
Здоровье

Мифы о прививках

15 июля 2026
Читать новость
Актуально

У дзіцячым пансіянаце “Веснава” адбыўся конкурс «Год беларускай жанчыны”

15 июля 2026
Читать новость

Рекомендуем