Темы

Сямідзясяты Дзень Перамогі

Сямідзясяты Дзень Перамогі

Загінуўшым слава і слава жывым. Калі б трэба было падабраць дэвіз для ўсяго, што праходзіла ў Глуску ў дзень 9 Мая, то гэтыя словы былі б якраз да месца. Яно і насамрэч, з вялікай павагай да памяці загінуўшых і з вялікай пашанай да жывых сведкаў і ўдзельнікаў мінулай вайны прайшло ў нашым раённым цэнтры святкаванне 70-й гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Нават сама прырода дапамагла стварыць адпаведны настрой: яна паспрыяла святу не толькі блакітным небам, але і шчодрай яблыневай квеценню, часам здавалася, што на чырвона-зялёныя стужкі, прышпіленыя да адзення многіх удзельнікаў урачыстага шэсця, кветкі зляцелі прама з яблыневых галінак.

Месцам збору і пастраення калон, адпраўной кропкай шэсця была цэнтральная плошча Глуска, а месцам асноўных афіцыйных урачыстасцяў, што прахо-дзяць 9 Мая, вось ужо некалькі дзесяцігоддзяў з’яўляецца мемарыяльны комплекс “Воінская Слава”. Месца, дзе ўдзячныя глушчане ўвекавечылі памяць пра сваіх абаронцаў, пра ўсіх воінаў і мірных жыхароў, якіх страціла глуская зямля за гады вайны. Пра подзвіг беларускага народа, пра яго ахвяры і цяжкія гады аднаўлення гаворыць у сваім выступленні старшыня Глускага раённага выканаўчага камітэта Уладзімір Царыкаў. Ён падкрэс-лівае, што Перамога, заваяваная 70 гадоў назад, сёння аб’ядноў-вае нас агульным пачуццём — любоўю да Радзімы. Мы смуткуем па загінуўшых і ўшаноўваем тых ветэранаў, што сёння разам з намі, сімвалам гэтай памяці, сімвалам пераемнасці пакаленняў стаў закладзены гэтай вясною яблыневы сад. Кіраўнік раёна падзякаваў ветэранам за мір, які яны адстаялі, і пажадаў ім добрага і доўгага жыцця. Віншаванне былым салдатам, партызанам і падпольшчыкам, працаўнікам тылу, усім, хто нарадзіўся і вырас у пасляваенныя мірныя гады, прагучала ў выступленні старшыні раённага савета ветэранаў Валерыя Сураўнёва. Ад імя ветэранаў ён падзякаваў за тую ўвагу, дапамогу і падтрымку, якую дзяржава аказвае ім сёння, і запэўніў, што старэйшае пакаленне зробіць усё магчымае для патрыятычнага выхавання моладзі.

Прыгожым, змястоўным, таленавітым было выступленне на гэтым свяце самой моладзі Глушчыны. Тэатралізаваная кампазіцыя быццам вярнула гледачоў у тыя далёкія гады, калі вайна перарвала мірнае жыццё, калі боль і растанні прыйшлі ў кожную сям’ю. Мастацкімі сродкамі юныя танцоры і спевакі, самадзейныя артысты, работнікі культуры паказалі, якім цяжкім быў шлях да Перамогі, цяжкім і доўгім, але мы змаглі, мы выстаялі, перамаглі ворага. Музычныя нумары, касцюмы, словы вядучых, трапныя рэжысёрскія знаходкі — усё працавала на агульную ідэю: абудзіць пачуцці, эмоцыі, дапамагчы адчуць трагізм вайны і шчасце мірнага жыцця. Роўна ў 11 гадзін 8 хвілін па ўсёй краіне праходзіць усебеларуская хвіліна маўчання: глушчане замаўкаюць пад гукі метранома, а непадалёк над полем кружыць бусел — момант кранальны, прыгожы, сімвалічны. Кіраўнік раёна яшчэ раз віншуе ветэранаў і ўручае кожнаму кветкі і матэрыяльную дапамогу ад раённага выканаўчага камітэта. Гірлянды і кветкі ад раённай улады, ад ветэранаў, маладзёжных арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў і працоўных калектываў кладуцца да падножжа помніка. Тут жа традыцыйнае фота на памяць, сёння ў Глускім раёне пражывае 25 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, на ўрачыстым мітынгу змаглі прысутнічаць толькі 11.

Дзень Перамогі — асаблівы для нас дзень, свята, якое адзначаюць у кожнай сям’і, свята, якое аб’ядноўвае агульнай памяццю і агульнай радасцю лю-дзей розных пакаленняў. Таму ці дзіўна, што і на мітынгу, і на далейшых гуляннях, якія праходзілі ў цэнтры Глуска, вельмі многія былі сем’ямі. А паглядзець тут было на што: цэнтральны стадыён ператварыўся ў адну вялікую спартыўна-музычную пляцоўку.

Як заўсёды, парадавалі гледачоў сваім майстэрствам юныя таэквандзісты, якія падрыхтавалі цікавыя паказальныя выступленні. Потым на бегавыя дарожкі выходзяць школьнікі, у лёгкаатлетычных эстафетах прымаюць удзел хлопчыкі і дзяўчынкі трох гарпасялковых школ. З трыбун бачна, як нялёгка ім даецца дыстанцыя, але да фінішу даходзяць усе, свае спартыўныя перамогі яны ў гэты дзень прысвяцілі той, Вялікай, Перамозе. Сярод дзяўчат 1-е месца заваявала каманда школы № 2, другімі сталі спартсменкі з гімназіі, на трэцім месцы школа № 1. Сярод юнакоў перамога таксама за школай № 2, другое месца заняла СШ № 1, гімназісты сталі трэцімі. Медалі і дыпломы пераможцам і ўдзельнікам эстафеты ўручае начальнік аддзела спорту і турызму Аляксандр Бельскі.

Усяго тры каманды прынялі ўдзел у перацягванні каната, але страсці і сярод балельшчыкаў, і сярод саміх асілкаў разгарэліся не на жарт, кожны балеў за сваю каманду, за сваё прадпрыемства. Аднак на тое яны і спаборніцтвы, каб вызначыць мацнейшых. На гэты раз 1-е месца з рук сапернікаў вырвалі прадстаўнікі УКП “Жылкамгас”, 2-е месца заваявала Глуская ПМК-249, дыплом за 3-е месца быў уручаны камандзе АП № 15.

І вось спартсменаў змяняюць артысты — са сцэны гучаць песні,  вершы, сваю творчасць, свой талент гледачам дораць юныя танцоры са школы мастацтваў, артысты з раённага Дома культуры, Заеліцы, Клетнага, самадзейныя выканаўцы. Часам апладысменты гледачоў перарываюцца крыкамі балельшчыкаў — гэта аматары гульнёвых відаў спорту падтрымліваюць свае каманды на валейбольнай і міні-футбольнай пляцоўках. У валейболе ўпэўненая перамога за камандай аграгарадка Заеліца, якая перайграла сваіх сапернікаў з першай школы (у іх другое месца) і зборную студэнтаў (трэцяе месца). Чатыры каманды змагаліся за перамогу ў міні-футболе, на гэты раз найбольш зладжаную гульню паказалі спартсмены УКП “Жылкамгас” і занялі 1-е месца, потым месцы размеркаваліся наступным чынам: раённы ад-дзел унутраных спраў, раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях і зборная студэнтаў.

Традыцыйным для 9 Мая стаў лёгкаатлетычны прабег, які заўсёды стартуе на цэнтральнай плошчы Глуска і фінішуе ля мемарыяльнага комплексу “Воінская Слава”. На гэты раз у ім узялі ўдзел больш за 70 спартсменаў. Сярод мужчын і юнакоў першым гэтую дыстанцыю пераадолеў Юрый Голуб, другім стаў Андрэй Раманоўскі, трэцім — Максім Дземідовіч. Сярод дзяўчат тройку прызёраў складаюць Аксана Смалоўская (1-е месца), Алена Шамятун і Вікторыя Новікава. Завяршалі спартыўную праграму святочнага дня спаборніцтвы па футболе сярод дзяцей і падлеткаў “Скураны мяч”. Ва ўзроставай групе 2001 і 2002 гадоў нараджэння выйграла каманда гімназіі, потым СШ № 2 і СШ № 1, ва ўзроставай групе 2003 і 2004 гадоў нараджэння перамога за футбалістамі першай школы, на другім месцы гімназія, на трэцім — СШ № 2. Як паведамілі нам у фізкультурна-спартыўным клубе, 13 і 14 мая ў Глуску адбудуцца занальныя спаборніцтвы сярод дзяцей і падлеткаў “Скураны мяч”. Глускі раён у абедзвюх групах будуць прадстаўляць зборныя каманды футбалістаў. Пачатак гульняў у 10:00, прыходзьце на стадыён падтрымаць юных спартсменаў.

На святкаванні 9 Мая ў Глуску працавалі чатыры карэспандэнты нашай рэдакцыі, і гэта добра, інакш не паспець бы нам усюды, не ўбачыць усяго таго, што адбывалася на ўсіх святочных пляцоўках. І калі мы ў газеце напярэдадні абяцалі чытачам, што праграма гэтага дня разлічана на любы ўзрост і на любы густ, то ніколькі не перабольшвалі. Зрэшты, хто быў там, той ведае, а для іншых проста пералічым: шчодры гандлёвы кірмаш з рознымі прысмакамі і бясплатнай салдацкай кашай наладзіла Глускае спажывецкае таварыства; гасцінна запрашалі да сябе на падвор’і гаспадаркі нашага раёна, да афармлення сваіх пляцовак яны падышлі вельмі творча, а пачастункі гасцям накладвалі і налівалі шчодрай рукой. Заўсёды на масавых гуляннях попытам сярод дзяцей і дарослых карыстаюцца бяспройгрышныя латарэі, а тут разыгрывалі не нейкія дробязі: сем парасят выйгралі глушчане, купіўшы білецікі па 25 тысяч на падвор’і райаграпрамтэхзабеспячэння, — вось дзе ўдача, вось дзе набытак для хатняй гаспадаркі!

Музыка, жарты, вясёлая гамана, смех і праз усё гэта — віншаванні. Глушчане гулялі, адпачывалі, але пры гэтым не забываліся пра тое, што гэта за свята, што гэта за нагода сабрала і аб’яднала ўсіх, выклікаўшы агульныя пачуцці ўдзячнасці і радасці. Думаю, не памылюся, калі скажу, што ў гэты радасны дзень у кожным доме, за кожным сталом былі ўзгаданы і тыя, хто таксама мог бы святкаваць і весяліцца, але не дажыў да Перамогі. Заўпакойнае богаслужэнне было адслужана 9 Мая протаіерэем Міхаілам Лазоўскім каля вёскі Пціч, на месцы, дзе фашысты спалілі мірных жыхароў. Прыхаджане і мясцовыя жыхары памаліліся за ўсіх воінаў, на полі бітвы загінуўшых, усіх бязвінных ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. Так, Перамога ў вайне — гэта радасць, гэта шчасце, але сама вайна — гэта смерць, гэта боль і слёзы, гэта пакалечаныя жыцці. Трэба памятаць, што мы сёння весялімся толькі таму, што тыя, каго ўшаноўвалі на свяце, каго ўспаміналі хвілінай маўчання, адваявалі і адплакалі за нас.

 Таццяна ЛУКАШЭВІЧ

Фота Сяргея РУДЗІНСКАГА і Ірыны ГРАМЫКІ

Яшчэ больш здымкаў у раздзеле “Фотагалерэя” 

Последние новости

Общество

В память о чернобыльской трагедии

30 апреля 2024
АПК

«Работать надо по-военному, день и ночь». Лукашенко поручил до 9 мая завершить посевные работы

30 апреля 2024
Общество

Слово делегату ВНС Олегу Дьяченку

30 апреля 2024
Актуально

Какой будет новая Военная доктрина Беларуси. Хренин раскрыл подробности документа

30 апреля 2024
Актуально

Вольфович. Концепция национальной безопасности

30 апреля 2024
Власть

Нам нужен мир. Второй день заседания VII ВНС

30 апреля 2024
Актуально

Вступительная кампания-2024: сроки приема документов, проведения испытаний и зачисления в вузы

30 апреля 2024
Актуально

Председатель ФПБ – о делегатах ВНС, Годе качества и повышении статуса профсоюзов

30 апреля 2024
Общество

В Глуске прошло координационное совещание по борьбе с преступностью и  коррупцией

29 апреля 2024
Власть

Лукашенко подписал указ о призыве офицеров запаса на военную службу

29 апреля 2024

Рекомендуем

Власть

Алексей Журавлёв назначен председателем Глусского райисполкома

22 апреля 2024
Беларусь помнит

Митинг в честь 38-й годовщины чернобыльской катастрофы прошел в Глусском районе

26 апреля 2024
АПК

Працоўныя будні ў «Зары Камуны» Глускага раёна

18 апреля 2024
Культура

Афиша выходного дня. Куда сходить в Глуске

26 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Интеллектуальная игра «Эрудит» прошла в Глуске

19 апреля 2024
Власть

Говорят делегаты ВНС. Председатель Глусского райисполкома Алексей Журавлёв

23 апреля 2024
Общество

Глусчанка Валентина Хлань — автор гимна «Роскосмоса» и многих популярных белорусских песен

25 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Путь к Победе. Хроника освобождения Беларуси (1943—1944)

26 апреля 2024