Разам з бацькам

Так атрымалася, што ў эксперыментальнай базе “Глуск” сяголета з чатырох камбайнавых экіпажаў тры — сямейныя.
На рапсавым полі каля Сельцаў, ва ўрочышчы Стрэльбішча, мы сустрэліся і паразмаўлялі з двума з іх. Тут на ўборцы рапсу працавалі Аляксандр Дарошка з дачкой Таццянай і Сяргей Прыбыш з дачкой Лізай. Аляксандр і Сяргей — вопытныя камбайнеры, у кожнага за плячамі не адна ўборачная, не раз яны станавіліся перадавікамі жніва, але і такім спрактыкаваным работнікам патрэбна дапамога. “Ачысціць жняярку і іншыя вузлы, памыць люстэркі і вокны ў кабіне, падрыхтаваць камбайн да выхаду ў поле, — пералічваюць дзяўчаты абавязкі памочніка камбайнера, — цягам работы трэба сачыць за якасцю ўборкі, каб не было страт, запаўняць рэестры: запісаць вадзіцеля, марку аўтамабіля, колькасць адгружанага масланасення”.
Бацькі сказалі, што дзяўчаты стараюцца, для абедзвюх гэта першы такі працоўны вопыт, працуюць так ужо каля двух тыдняў. На маё пытанне, ці не хацелася б паспаць пазней, абедзве, не згаворваючыся, адказалі аднолькава: хацелася б, але трэба працаваць. Таццяна Дарошка скончыла дзесяць класаў, вучыцца ў школе № 1, летнюю працу (да камбайна працавала на зерняскладзе) разглядае як магчымасць зарабіць грошай. Што за іх купіць, дзяўчына яшчэ не вырашыла, кажа, што ўсё неабходнае ёсць, купляюць бацькі, але ўласныя фінансы няхай будуць, слушна разважае яна.



Ліза Прыбыш мінулым летам, так бы мовіць, прайшла стажыроўку на камбайне, тады бацьку дапамагала яе сястра Даша, а Ліза прыходзіла паглядзець, гэтым летам дзяўчаты вырашылі памяняцца. Тут трэба сказаць,
што ў Прыбышаў на ўборачнай атрымаўся сапраўдны сямейны падрад: колькі год Сяргей працаваў на камбайне са старэйшым сынам Мікітам, той выйшаў з бацькам у поле яшчэ пасля 9-га класа, працаваў і будучы студэнтам. Цяпер Мікіта Прыбыш — дыпламаваны спецыяліст, інжынер па эксплуатацыі машынна-трактарнага парку ў ЗАТ “Агракамбінат “Зара”. А бацьку другі год дапамагаюць дочкі, сяголета Даша і Ліза скончылі школу і ўжо сталі студэнткамі Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта, таго самага, дзе вучыўся іх брат.
Экіпажы Дарошкі і Прыбыша заняты на ўборцы азімага рапсу, з імі на адвозцы масланасення на новым, 2025 года, МАЗе працуе вадзіцель Аляксандр Галамака. Азімы ячмень возіць з палёў Мікалай Самуйлік, жнуць ячмень яго сын Яўген Самуйлік у пары з памочнікам Віктарам Паддубіцкім і экіпаж братоў АрцёмчыкаўІвана і Васіля.


На гэтым рапсавым полі мы сустрэліся з галоўным аграномам Марынай Сяргейчык і брыгадзірам вытворчага ўчастка Марыяй Насановіч, пагаварылі пра ход уборкі ў гаспадарцы. Былі тут спецыяліст па ідэалагічнай рабоце эксбазы “Глуск” Святлана Грамыка і першы сакратар райкама БРСМ Ганна Мартынава, яны пацікавіліся ў камбайнераў умовамі працы, а Ганна Мартынава прымацавала на кабіны наклейкі “Моладзь — за ўраджай!”.
Зрэшты, з моладдзю мы сустрэліся і на зерняскладзе, куды сабраны ўраджай, абмалочанае зерне і масланасенне рапсу, прывозяць з палёў на дапрацоўку. Сюды ўладкаваліся на лета Амр Эбада, Даша Прыбыш і Насця Сінкевіч. Дзяўчаты ахвотна расказалі пра сваю занятасць, праца няцяжкая: сачыць, каб не рассыпалася зерне, своечасова яго падграбаць, рабочы дзень з паловы дзявятай да 13 гадзін, два выхадныя на тыдзень. Так што на адпачынак час застаецца, а свае ўласныя грошы ніколі не пашкодзяць як Дашы Прыбыш у яе студэнцкім жыцці, так і Насці Сінкевіч. Яна, дарэчы, бабруйчанка, здала школьныя экзамены за 9-ы клас, прыехала да бабулі на лета і вось так праводзіць свае канікулы — з карысцю для здароўя і кашалька. Зрэшты, летась Насця таксама працавала ў эксбазе і зарабіла каля дзвюх тысяч рублёў — добры матэрыяльны стымул.
Таццяна ЛУКАШЭВІЧ
Фота Ірыны ГРАМЫКІ