Темы

Сямейная памяць

Ніна Іванаўна Мацяшук, у дзявоцтве Болбат, вайну не бачыла, але вельмі добра помніць той час, калі па вечарах збіралася ўся сям’я разам і бацькі ўспаміналі сваю маладосць, сваіх блізкіх і сяброў… З тых дзён і па наш час жанчына беражліва захоўвае сямейную памяць аб мінулым і расказвае пра яго сваім родным…

Дзед Стэфан

Дзед Ніны Іванаўны, Стэфан Канстанцінавіч Болбат, быў родам з вёскі Зарэчча. Жыў на хутары, меў сваю гаспадарку. У 1929 годзе, калі ў вёсцы пачаў арганізоўвацца калгас, ён за адну ноч усё аддаў у калгас, а сам пераехаў жыць у Глуск. Тым не менш людзі добра ведалі дзеда і абралі яго старшынёй калгаса “Чырвонае Зарэчча”. У тыя далёкія перадваенныя гады Стэфана Болбата судзілі, далі два гады турмы толькі за тое, што яго жонка, бабуля Ніны Іванаўны, прырэзала цёлку, якая пераходзіла раку Пціч уброд і зламала нагу. Са зламанай нагой цёлка ўсё роўна не жыла б. Дзеда тады і дома не было. Але такі быў час. Дзед адсядзеў адзін год, адпрацаваў свой срок ударнай працай. Так скончылася яго старшынства ў калгасе.

У гады вайны таксама сеялі жыта, садзілі бульбу, гародніну, а якраз на той тэрыторыі, дзе зараз двор былога калгаса “Праўда”, была ферма. Вось на гэтай ферме працаваў дзед даглядчыкам, і аднойчы быў такі выпадак. У Навічонкаў немец забіў карову. Гаспадыня паскардзілася начальству таго немца, але ён апраўдаўся, сказаў, што забіў выпадкова, хаця было на самой справе не так. Але ўсё-такі загадалі для сям’і Навічонкаў выдаць карову з фермы. Выдалі, ды толькі вельмі вялікую, а вялікай карове і шмат корму патрэбна. Дамовіліся яны з дзедам абмяняць карову на меншую, толькі таемна, ноччу, каб ніхто не бачыў. Што было і зроблена. Навічонкі ноччу прывялі карову, выбралі сабе другую, а біркі на вушах дзед памяняў, ніхто нічога не заўважыў, так усё і абышлося.

Пасля блакады ў рудабельскіх балотах нейкім цудам выратавалася сям’я, іхнюю бабулю звалі Напалёна. Нейкім чынам дзед Стэфан з гэтымі людзьмі быў знаёмы. “Ішлі па вадзе, рудой ад крыві”, — расказвалі яны пра гэты жах дзеду, калі прыйшлі ў Глуск. Дзед Стэфан падзяліўся з імі, чым мог: даў пуд жыта, два пуды бульбы і пяць фунтаў сала, нейкае адзенне. З гэтага і пачала сваё жыццё ў Глуску тая сям’я і заўсёды ўспамінала дзеда добрым словам.

Выратаванне Сурпіных

На гэтай жа тэрыторыі, дзе была ферма, знаходзіліся і ямы для захоўвання гародніны — буракоў, морквы. “Калі ў Глуску пачаліся расстрэлы яўрэяў, мой дзед Стэфан, — апавядае Ніна Іванаўна, — у адной з такіх ям захаваў сям’ю яўрэйскую, прозвішча іх было Сурпіны — дзяцей Перлу і Арона, іх маці Гісю і іх бацьку. Есці ім часцей за ўсіх насіла дзедава дачка Таццяна, 1933 года нараджэння. Хто звяртаў увагу на дзевяцігадовую дзяўчынку? Ну ідзе сабе дзіця, ідзе з клуначкам. Дзеці ведалі адзін аднаго, ладзілі паміж сабою і беларусы, і палякі, і яўрэі… Праз некаторы час пераправілі да партызан адразу дарослых з гэтай сям’і, а потым і дзяцей. Яны засталіся жывыя. У пачатку ўжо гэтага стагоддзя родныя Сурпіных былі ў Глуску, шукалі дзеда, Таццяну. Але ж дзед памер, а цётка Таня жыве ў Полацку, ды і прозвішча ў яе ўжо іншае (па-руску — Казелло)”.

Гэта праз некаторы час расказалі Ніне Іванаўне знаёмыя, якія размаўлялі з прыезджымі. Так і не знайшлі яны нікога, паехалі. І вось не надта даўно даведалася Ніна Іванаўна выпадкова, што ўнучка Перлы, той дзяўчынкі, што хаваў дзед, жыве ў Нясвіжы, а сама Перла памерла, а Арон жыве быццам бы ў Омску, толькі завуць яго зараз Аркадзь Анатольевіч Сурпін. “Канешне, хацелася б пабачыцца, пазнаёміцца бліжэй”, — кажа Ніна Іванаўна.

Хлопцы збіраюць зброю

Бацька Ніны Іванаўны, Іван Сцяпанавіч Болбат, нарадзіўся ў 1922 годзе, скончыў беларускую школу і паступіў вучыцца ў Брэсцкі чыгуначны тэхнікум. У маі 1941 года прыехаў на канікулы да бацькоў. Тут яго і напаткала вайна. “Помню, як тата расказваў, што на тым месцы, дзе была музычная школа (зараз магазін “Цэнтральны”. – Аўт.), да вайны знаходзіўся Глускі райкам камсамола, — працягвае ўспамін Ніна Іванаўна. — Вайна ўжо пачалася, але немцаў яшчэ ў Глуску не было. І мой тата бачыў, разам з Жэнем Глодам і Зінай Нічыпаронак, як з гэтага будынка выносілі і грузілі на падводу нейкія скрынкі і клункі. Пасля, калі падвода з’ехала, а будынак застаўся адчыненым, яны ўсе трое зайшлі туды і ўбачылі, што ў будынку засталіся кнігі ўліку камсамольцаў раёна і іншыя дакументы. Тады яны знялі з вокан фіранкі, усё ў іх склалі і занеслі па завулку Рачным на вал, у самы канец. Там тады быў сметнік прамкамбіната “КІМ” — апілкі, стружка, розныя адыходы. Непадалёк ад сметніка знаходзілася невялікая сажалка, якая мела назву “канатоп”. У ёй было вельмі багата п’явак, і тут купалі коней, асабліва, калі тыя хварэлі — лячылі гэтымі п’яўкамі. Вось у гэтым кутку яны і спалілі тыя камсамольскія дакументы. Няцяжка ўявіць, што было б, калі б бумагі трапілі ў рукі ворагаў.”

Пасля адыходу чырвонаармейцаў у ваколіцах Глуска засталося шмат зброі. Іван Сцяпанавіч, гаворыць Ніна Іванаўна, збіраў гэтую зброю разам са сваімі школьнымі сябрамі — Аркадзем Ціцішыным, Уладзімірам Лабейкам, Сяргеем Вілімовічам — і  хавалі яе ў надзейных месцах. Адной з такіх хованак была і хата Болбатаў. У хаце тады аніякага фундамента не было, яна стаяла на дубовых падвалінах (слупах). І вось здарыўся выпадак, які мог каштаваць жыцця Івану. Пад хатай неслася курыца. Аднойчы па нейкай справе з Гарадка на фурманцы прыехаў немец. Пакуль той немец нешта размаўляў з Іванам, з-пад хаты паважна, сакочучы, выйшла курыца. Немец нагнуўся і пачаў нешта выглядаць пад хатай і даставаць пугай. “Потым тата расказваў маме, што стаяў, як кажуць, ні жывы ні мёртвы, з шырока расплюшчанымі вачыма, бо там, за гэтымі падвалінамі, была захавана зброя, — кажа Ніна Іванаўна. — А немец пугай выкаціў яйка, што знесла кура, разбіў яго і выпіў. Больш нічога не заўважыў. Пасля гэтага выпадку хованку для зброі зрабілі ў іншым месцы, а крыху пазней яе перадалі ў партызанскі атрад”.

Парашутыст

Ніна Іванаўна тым часам працягвае аповед: “Тата ўспамінаў, як у ваколіцах Зарэчча знайшоў савецкага салдата, называў яго парашутыстам. Параненага парашутыста тата схаваў у стары дзедаў склеп, а потым прыйшлося гэтага парашутыста і лячыць. І вось тата цераз Вольгу Іванаўну Стаўбцову, якая добра ведала нямецкую мову і працавала ў немцаў, дастаў у нямецкім шпіталі нейкія лекі чырвонага колеру, каб прысыпаць рану. Нямецкі доктар — Ганс яго звалі, даў Вользе Іванаўне парашок, але папярэдзіў, што за гэта можа быць расстрэл. Потым таго парашутыста пераправілі ў партызанскі атрад”.

Аперацыя “Доктар”

Іван Болбат быў таварыскі, гаваркі і абаяльны хлопец, мог ладзіць з усімі. Магчыма, таму ён стаў сувязным партызан. Аднойчы ён дапамог пераправіць у партызанскі атрад хірурга з глускай бальніцы. У аперацыі, якая называлася “Доктар”, удзельнічала каля дзесяці чалавек, адным з якіх быў і Іван Болбат. Аб гэтым пісаў у сваіх успамінах і ветэран вайны і працы Мікалай Васільевіч Мельнікаў. Справа была ў тым, што партызанам вельмі быў патрэбен хірург. І свой выбар яны спынілі на Мікалаю Васільевічу Чурбакову — выдатным спецыялісту. За добра выкананую аперацыю нейкаму вялікаму нямецкаму чыну гэтага доктара нават узнагародзілі медалём. Яго, ваеннапалоннага, і яшчэ некалькі медсясцёр прывезлі з Бабруйскай крэпасці працаваць у глускай бальніцы. Сувязному Івану Болбату было даручана бліжэй пазнаёміцца з гэтым хірургам і даведацца пра яго адносіны да “новага парадку”, да партызан. І вось Іван Болбат ідзе на прыём да хірурга, быццам бы вельмі баліць жывот. Пасля першага быў і другі, і трэці візіт… З асабістых гутарак з доктарам Іван Болбат даведаўся, што той даўно шукае сустрэчы з партызанамі. Такую сустрэчу сувязны арганізаваў у сваёй хаце. А праз некалькі дзён з хаты Болбатаў вывезлі чамаданчык з хірургічнымі інструментамі ў вёску Туркі да надзейнага чалавека — Балыкі. На другі дзень пасля гэтага на “прыём” да доктара прыйшоў адзін з партызан. Яны ўдвух выйшлі з бальніцы сярод белага дня, селі ў фурманку і паехалі як бы да хворай — у Гарадок. Ехалі праз Калюгу, Юзафоў — у Туркі. Час быў позні. У Турках доктара чакалі  разведчыкі з атрада імя Шчорса пад камандаваннем Тарэнты Арэф’евіча Ралько.

Сям’я

“Пажаніліся мае бацькі, — гаворыць Ніна Іванаўна, — у 1943 годзе, у час акупацыі. Мама расказвала, што па Глуску пайшлі чуткі, маўляў, хлопцаў і дзяўчат будуць забіраць у Германію, а жанатых — не будуць чапаць. Вось іх бацькі дамовіліся і сасваталі майго тату Івана Болбата і маю маму Надзею Мацвееўну Бузак, ну і пажанілі іх. Толькі б дзеці былі дома, а то Бог ведае, што і як у той далёкай Германіі. Пажаніліся мама з татам і вырашылі збудаваць хату. Немцы далі згоду на яе пабудову, адвялі план на вуліцы, зараз Савецкай, і дазволілі рэзаць лес. Бацька паехаў у лес на падводзе, нешта там у яго паламалася, і дадому ён вярнуўся толькі праз тры дні. Доўга яго дапытвалі, чаму і што здарылася. План той забралі і аддалі іншым людзям, а бацька тады пабудаваў сабе хату на дзедавай сядзібе, па завулку Калгасным, 6. Дзе я і нарадзілася ў верасні 1944 года”.

Шаль

Ніна Іванаўна расказвае далей: “Аднойчы ў хату Болбатаў зайшоў немец, успамінала мая мама Надзея Мацвееўна. Убачыў, што яна вяжа кофту, і стаў гаварыць, каб звязала яму шаль. Мама, калоцячыся ад страху, адказала, што няма з чаго вязаць. Праз каторы час немец прынёс кілаграмы са два воўны. Яе адмылі, спралі, і мама амаль два месяцы вязала. Немец забраў шаль, паехаў у адпачынак дадому, у Германію, адтуль прывёз фотаздымак: ён стаяў побач са сваёй маці, на плячах у якой была шаль, звязаная маёй мамай. Немец паказаў фота, сказаў “гут” і даў маме шакаладку велічынёй з кнігу. Такую яна бачыла першы раз у жыцці.

Хлеб для партызан

Была зіма. Мама пякла хлеб, багата хлеба стаяла ў печы — для партызан. Тут зайшоў у хату немец — а хлеб пахне на ўсю хату. Ён зазірнуў у печ і сказаў: “Цвай ур — эршысен”. І пайшоў. Мама ўсё зразумела: цераз дзве гадзіны будзе аблава, і яе расстраляюць. Немец здагадаўся, што поўная печ хлеба — гэта не для сям’і. Мама пагрузіла хлеб, гарачы, недапечаны, на санкі і звезла ў лес “нападказла”, што каля Мыслоціна, там закапала ў снег. Сабе ў печы аставіла толькі некалькі боханаў. І калі немец прыйшоў у другі раз і зазірнуў у печ, то сказаў: “Зер гут”. І чамусьці не выдаў маму.

Калі нашы наступалі, расказвала мама, многія хаваліся ў лесе, там жа, “нападказла”. А лес падступаў блізка да Глуска, не так, як зараз. Некаторыя паехалі на падводах па шляху на Слуцк, хаваліся там у лесе. Калі ўсё сціхла і прыйшлі нашы, усіх мужчын, якія разам з сем’ямі хаваліся ў лесе, забіралі і адпраўлялі ў Бабруйскую крэпасць. Правяралі. Каго адпускалі, каго на фронт, а хто так і заставаўся на некаторы час у крэпасці. Гаварылі, што гэтым займаліся спецыяльныя часці пад назвай “СМЕРШ”. Разбіраліся…”

Бацька

Іван Болбат пайшоў на фронт. Закончыў вайну пад Кёнігсбергам, быў паранены, лячыўся ў шпіталі. Потым далі яму інваліднасць другой групы. Хварэў доўга. Знаёмы доктар параіў Надзеі Мацвееўне, каб не было большай бяды, сыпаць яму ў ежу паболей перцу, ён мае вельмі добрыя лекавыя якасці. Што яна і рабіла. Іван Сцяпанавіч крыху паправіўся і пайшоў працаваць. Яго ўзялі ў ваенкамат, дзе ён развозіў нейкую сакрэтную пошту, крыху пазней — працаваў у “дваццатцы”. Была такая служба. Пасля вайны ўлада ў Глуску мянялася кожныя пяць год, і ўсё начальства атрымлівала харчпайкі. Дык вось тата і разносіў гэтыя пайкі па начальству. Дзесьці ў годзе 1953 я ўпершыню ўбачыла і паспытала, кажа Ніна Іванаўна, такі экзатычны фрукт, як апельсін, нехта з начальства пачаставаў ім тату, і мы дома дзялілі яго ўсім родным па маленечкім кавалачку.

Памяць

“У мірны час наведваліся да Болбатаў сябры маладосці, — гаворыць Ніна Іванаўна. — Іх заўжды сустракалі, частавалі… І пачыналіся ўспаміны. Няма ўжо ні мамы, ні таты, але памяць моцна трымае тое, што я чула ад іх у дзяцінстве і маладосці”.

Запісала Іна КІРЫНА

Последние новости

Общество

Состояние криминогенной обстановки на территории района и профилактика преступности стали темой координационного совещания в Глуске

30 июня 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко согласовал назначение руководителей в местных органах власти

30 июня 2025
Читать новость
Власть

Кадры, инвестиции, дисциплина в АПК. Как Лукашенко напутствовал новых председателей райисполкомов

30 июня 2025
Читать новость
Спорт

Команда «МАЗ-СПОРТавто» готовится к старту ралли-марафона «Шелковый путь — 2025»

30 июня 2025
Читать новость
Власть

На второй сессии Палаты представителей принято 67 законопроектов

30 июня 2025
Читать новость
Общество

Сильный эмоциональный проект. Жители Витебска встретили “Поезд Победы”

30 июня 2025
Читать новость

Рекомендуем