Магілёўская вобласць практычна завяршыла ўборку азімага рапсу

Глускі раён па выніках уборкі азімага рапсу займае шостае месца ў вобласці, і гэта неблагі рэзультат з улікам таго, што ўсіх раёнаў 21. Азімы рапс на Глушчыне сеялі пяць сельгасарганізацый (усе, акрамя “Зары Камуны”), а таксама фермерская гаспадарка Васіля Барысевіча (100 гектараў). З 485 гектараў сярэдняя ўраджайнасць склала 19,4 цэнтнера з гектара. Сярод сельгаспрадпрыемстваў найлепшая ўраджайнасць была ў “Глускім райаграпрамтэхзабеспячэнні” — 29,6 ц/га.
На азімы рапс у Беларусі апошнім часам робяць вялікую стаўку (летась адвялі 370 тысяч гектараў),
гэта культура зарэкамендавала сябе вельмі эфектыўна. Рапс — гэта не толькі бялок для жывёлагадоўлі, гэта яшчэ і рапсавы алей, карысны для чалавека. Да таго ж рапс добры папярэднік для наступных культур, асабліва зерневых.
У Глускім раёне таксама ацанілі азімы рапс і запланавалі пад яго 800 гектараў, 260 з іх ужо пасеяны (даныя на 14 жніўня).