Палявыя работы ў Глускім раёне

Сельгасарганізацыі раёна завяршаюць уборку кукурузы. Агульная плошча яе сяголета складае 6614 гектараў, з іх 422 гектары — на зерне і 6192 — на сілас. Па інфармацыі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Глускага райвыканкама, на 30 кастрычніка было ўбрана крыху больш за 6400 га.
Амаль выканана заданне па нарыхтоўцы кармоў для жывёлы: па раёне на ўмоўную галаву маецца 32,12 цэнтнера кармавых адзінак, гэта плюс 2,2 да ўзроўню мінулага года і 99 % да неабходнага.
Кармавы рацыён складаюць амаль 3500 тон сена, больш за 71 200 тон сенажу і 69 460 тон сіласу.
Актыўна гаспадаркі раёна займаюцца асеннім узворваннем глебы. Узняцце зябліва здаўна лічыцца добрым задзелам і відам на ўраджай наступнага года. Гэта дае магчымасць правядзення звышранняй сяўбы і завяршэння масавай сяўбы ў сціслыя тэрміны. У нашым раёне на сённяшні дзень паднята 2239 гектараў зябліва пры запланаваных 5400.