Темы

Працуюць шчыра і аддана. Як ідзе корманарыхтоўка ў аграфірме “Слаўгарадскі”

Працуюць шчыра і аддана. Як ідзе корманарыхтоўка ў аграфірме “Слаўгарадскі”

На Глушчыне працягваецца зялёнае жніво. Днямі паназіралі, як ідзе корманарыхтоўка ў аграфірме “Слаўгарадскі”.

 Калі заходзіць гаворка пра працоўныя дынастыі ў сельскай гаспадарцы, адразу згадваецца аграфірма “Слаўгарадскі”, дзе сямейных падрадаў, мабыць, болей, чым у якой іншай арганізацыі. Што важна, пераемнасць тут не толькі ў выбары прафесіі і занятку — сын ад бацькі, брат ад брата, пляменнік ад дзядзькі пераймаюць шчырую любоў да зямлі, якая родзіць, і адказнасць за сваю справу. А з гэтага натуральна вынікае, што многія працаўнікі “Слаўгарадскага” штогод аказваюцца ў перадавіках, у лідарах, іх імёны і прозвішчы на слыху не толькі ў калгасе, але і ў раёне, і ў чытачоў нашай газеты.

Вось і на мінулым тыдні, калі мы выправіліся ў “Слаўгарадскі” паназіраць за корманарыхтоўкай, першым сустрэлі Аляксандра Кірылава, ён і яго брат Канстанцін з тых механізатараў, каму можна даверыць любыя палявыя работы, ад узворвання і сяўбы да корма- і збожжаўборкі.

У мінулым годзе браты Кірылавы былі адзначаны сярод лепшых у раёне на веснавой сяўбе, пра вынікі гэтага сезона гаварыць пакуль рана, аднак дакладна вядома: гэтыя хлопцы не падвядуць.

Як не падвядуць браты Філіпенкі, Яўген і Аляксандр, якія таксама неаднаразова адзначаліся на розных узроўнях, былі лепшымі па прафесіі. Мы пагутарылі з імі на полі ва ўрочышчы Ліпкі, дзе ў той дзень Аляксандр Філіпенка якраз касіў люцэрну са шматгадовымі травамі. Ён расказаў нам, што сваім новым “Беларусам-3522” (толькі ў лютым атрымалі) цалкам задаволены, пасяўную трактар адпрацаваў без пытанняў і перабояў, адным словам, новы, што ні кажы… Трактар на гарантыі, і нядаўна з сервіснай арганізацыі прыязджалі рабіць тэхнічнае абслугоўванне — проста на поле, заняло якую гадзіну, лічы, без адрыву ад працы. Яшчэ расказаў, што поле гэтае ў Ліпках, 55 гектараў, скосяць за дзень як лёду, бо толькі адна яго касілка (прычапное абсталяванне) КМР-9 захоплівае адразу дзевяць метраў і скошаную траву адразу валкуе. Далей справа ўжо за кормаўборачным камбайнам, на якім працуе Яўген Філіпенка. Нарыхтоўка кармоў — гэта на сёння галоўны клопат для механізатараў, а дагэтуль браты Філіпенкі былі заняты на падрыхтоўцы глебы, на падкормцы пасеваў… Ці мала спраў у сельскай гаспадарцы?

І ўсе важныя.

Урочышча Ліпкі — каля Слаўкавіч, і зялёную масу з поля вазілі ў бліжэйшую сянажную траншэю, гэта ўжо другая па ліку ў Слаўкавічах, а да гэтага заклалі дзве ямы ў Заеліцы, расказала нам спецыяліст па ідэалагічнай рабоце аграфірмы “Слаўгарадскі” Вікторыя Самусева, яна суправаджала нас у паездцы. Травы неблагія, бывала і горш, так што машынам доўга чакаць загрузкі не выпадала.

З мясцовых на полі працавалі Уладзімір Самсоненка і Яўген Маёраў. Яўген прызнаўся, што ўжо чакае той дзень, калі пачнецца ўборка збожжа  — вось дзе можа парадавацца душа механізатара, адчуванні, калі ты за штурвалам камбайна, не параўнаць з тымі, калі ты за рулём, хоць бы і магутнага МАЗа. Але ж і корманарыхтоўка — важная справа, згадзіўся з намі Яўген, адказнасць вялікая і там, і там. Нездарма нарыхтоўку кармоў называюць зялёным жнівом.

Заняты на гэтым жніве не толькі мясцовыя, адзначыла Вікторыя Самусева, у гаспадарцы ёсць камандзіраваныя работнікі. У аб’ектыў нашага фотаапарата трапіў Алег Толсцік з Аўтапарка № 15, гэта арганізацыя амаль кожны дзень (па неабходнасці) камандзіруе ў “Слаўгарадскі” сваіх работнікаў. У Аўтапарку Алег Толсцік — вадзіцель на грузаперавозках,

у “Слаўгарадскім” дапамагаў перавозіць зялёную масу. Яшчэ камандзіраваныя — з бабруйскага “Аграмашсервіса”, чатыры чалавекі, і тэхніка адтуль. Зараз яны заняты на корманарыхтоўцы (тры чалавекі на адвозцы, адзін на кормаўборачным камбайне), дагэтуль вазілі арганіку на палі, выконвалі іншыя патрэбныя работы.

Гэта ўсе, каго мы, лічы, сустрэлі на адным толькі полі, але гэта далёка не ўсе тыя, хто працуе аддана і рэзультатыўна. За кадрам засталіся бацька і сын Юрый і Уладзімір Грашчанка, гэтай вясною яны ўдарна папрацавалі на сяўбе кукурузы і яравых зерневых, а яшчэ раней рыхтавалі глебу. На другім полі апрацоўваў пасевы хімікатамі Віктар Палуян, пра яго спецыяліст-ідэолаг таксама сказала толькі добрыя словы. Між іншым, у аграфірме ён працуе некалькі гадоў, але сваім стаў тут ужо даўно: кожнае лета яго напраўлялі з Глускага ”Жылкамгаса” ў дапамогу на ўборку збожжа.

Усе гэтыя людзі і другія, каго мы не назвалі ў межах гэтага матэрыялу, — усе яны шчыра працуюць, каб забяспечыць краіну запасам харчавання, забяспечыць сытную зімоўку грамадскаму пагалоўю, каб усім нам у рэшце рэшт было, як кажуць, і ўежна і ўлежна. Забяспечаная гаспадарка, забяспечаныя людзі, забяспечаная краіна — гэта ці не адна з гарантый спакойнага мірнага жыцця?

Сёлета ААТ “Аграфірма “Слаўгарадскі” трэба нарыхтаваць 20 тысяч тон сіласу, 20 тысяч тон сенажу і 1345 тон сена. На сённяшні момант сенажу назапашана 3433 тоны сенажу; 3 цэнтнеры кармавых адзінак на адну ўмоўную галаву жывёлы.

А. ВАСІЛЕЎСКАЯ

Фота Г. АЎТУХОВАЙ

Последние новости

Здоровье

В Глуске поздравления принимали медицинские работники

12 июня 2025
Читать новость
Общество

В Глусском районе извлекли останки двух мирных жителей деревни Стяг, погибших от рук фашистов

12 июня 2025
Читать новость
Образование

Новая профилизация в УО «БГСХА»: интенсивные технологии пчеловодства

12 июня 2025
Читать новость
Власть

Кадры, идеология, работа с гражданами. Что Лукашенко требует от политического штаба Президента

12 июня 2025
Читать новость
Культура

На «Купалье» в Александрию пустят 14 дополнительных поездов

12 июня 2025
Читать новость
Образование

Журналисты посетили оздоровительный лагерь «Прометей» Глусской СШ № 2 им. И. И. Захаренко

12 июня 2025
Читать новость