Темы

Па старонках раёнкі. Як раней глушчане святкавалі Новы год

Па старонках раёнкі. Як раней глушчане святкавалі Новы год

Напэўна, калі спытаць у нашых сучаснікаў, якія святы ў іх самыя любімыя, то абавязкова сярод пералічаных будзе Новы год. Можа, не на першым месцы, але ў тройцы лідараў — дакладна. А ці ведалі вы, паважаныя чытачы, што гэта любімае і дзецьмі, і дарослымі свята ў савецкай краіне адзначалася не заўсёды. Пачынаючы з 1929 года, у Савецкім Саюзе ў рамках атэістычнай кампаніі было афіцыйна адменена не толькі святкаванне Раства, і нават першага студзеня стала звычайным працоўным днём. Спецыяльныя патрулі хадзілі па вуліцах і заглядвалі ў вокны дамоў “на прадмет выяўлення” святочнай падрыхтоўкі. І толькі ў 1935 годзе Новы год стаў у СССР агульна-нацыянальным святам (але 1 студзеня заставалася працоўным днём яшчэ да 1947 года). Мы ж не будзем заглядваць у гісторыю так далёка, а ўспомнім з дапамогаю падшыўкі раённай газеты, як рыхтаваліся, святкавалі Новы год глушчане не так даўно, сорак, трыццаць гадоў назад. І пачнём з 1978 года.

Першы нумар раённай газеты “Сцяг Радзімы” ў 1978 годзе выйшаў 1 студзеня, у нядзелю (!). У ім ёсць маленькая нататка “Ёлка механізатараў”: “Выдатна працавалі на фінішы юбілейнага года (у 1977 годзе адзначалі 60-годдзе Кастрычніцкай рэвалюцыі. — Заўв. аўт.) механізатары калгаса “Звязда” па вывазцы на палі арганічных угнаенняў. Навагодняе свята трактарысты, вадзіцелі аўтамашын па свайму працоўнаму календару сустрэлі на 10 дзён раней…” Хтосьці з глушчан працаваў непасрэдна ў навагоднюю ноч. Пра такога чалавека, вадзіцеля аўтобуса Аляксея Андрэевіча Апухоўскага, расказваў карэспандэнт раёнкі Н. Сандамірскі ў нататцы “Свята ў дарозе”.

У 1978 годзе 2 студзеня таксама было непрацоўным днём. Гэта ў наш час галоўнае ўпрыгожанне святочнага навагодняга стала — тэлевізар, а ў той час блакітныя экраны свяціліся яшчэ не ў кожнай хаце. Ды і тэлевізійнікі прапаноўвалі гледачам усяго адзін канал. Трэба сказаць, што другога студзеня тэлепраграма мала нагадвала навагоднюю, як мы яе сабе ўяўляем зараз. Напрыклад, гледачам паказвалі навіны, ранішнюю гімнастыку, канцэрт народаў Поўначы, некалькі мастацкіх фільмаў, дарэчы, адзін з іх (нават!) быў вытворчасці ЗША. А яшчэ ў гэты дзень па тэлевізары паказалі, калі гаварыць сучаснаю моваю, песеннае шоу “Чырвоныя гваздзікі” — другі тур рэспубліканскага тэлеконкурсу юных спевакоў.

Сустракаючы год 1979-ы, глушчане, як і іншыя жыхары савецкай краіны, 31 снежня глядзелі па тэлебачанні віншаванне Генеральнага сакратара ЦК КПСС Леаніда Брэжнева. (Дарэчы, у СССР традыцыя такіх зваротаў пачалася перад Новым 1976 годам з выступлення якраз-такі Брэжнева.) Пасля гэтага аж да 3 гадзін раніцы савецкія людзі маглі глядзець выступленні зорак айчыннай эстрады ў праграме “Навагодні Блакітны агеньчык”.

Перамяшчаемся ў 1981-ы. Першага студзеня ў гэты год выдалася не зусім зімовае надвор’е: ішоў мокры снег і тэмпература паветра была ад -1 да +4 градусаў.

Напярэдадні сустрэчы 1982 года апошні нумар раёнкі, які выйшаў 29 снежня, выглядаў зусім не святочным. Аб надыходзячым свяце нагадвала толькі праграма перадач на 31 снежня, дзе, акрамя іншага, было “Віншаванне савецкаму народу!”. Дарэчы, з 1981-га і аж да 1985-га навагодняе тэлевізійнае віншаванне савецкім гледачам замест Генеральнага сакратара ЦК КПСС зачытваў дыктар цэнтральнага тэлебачання Ігар Кірылаў.

Далей ідзём у 1986 год. Хаця раённая газета выходзіла тады па аўторках, чацвяргах і суботах, яе першы нумар выйшаў у сераду, 1 студзеня. Загалоўкі надрукаваны зялёным колерам, першая старонка ўпрыгожана сняжынкамі, зорачкамі ды елачкамі. Пра свае працоўныя поспехі, дасягненні за мінулы год на старонках газеты расказваюць прадстаўнікі розных прафесій, розных прадпрыемстваў раёна. Карэспандэнты “Сцяга Радзімы” расказваюць пра адкрыццё перад святам новага Дома культуры ў вёсцы Макавічы: “Выдатны навагодні падарунак атрымалі працаўнікі брыгады Макавічы эксперыментальнай базы “Глуск” ад будаўнікоў ПМК-61. Тут напярэдадні свята здадзены ў эксплуатацыю новы Дом культуры. Глядзельная зала яго разлічана на 200 месцаў. У новым будынку размесцяцца бібліятэка з чытальнай залай, будуць працаваць пакоі адпачынку і гуртковай работы”.

У райцэнтры таксама да сустрэчы 1986 года прымеркавалі адкрыццё новабудоўлі: “Больш трыццаці рабочых раённага камбіната бытавога абслугоўвання перасяліліся ў пабудаваны прасторны, светлы і ўтульны будынак.

З уводам новых вытворчых плошчаў значна палепшыліся ўмовы працы і быту брыгад па пашыву верхняга мужчынскага адзення і жаночай вопраткі. Тут жа пачаў працаваць кушнерскі цэх па вырабу галаўных убораў”.

У навагоднія святы дабаўлялася працы супрацоўнікам пошты. Гэта зараз мы ў сацсетках адпраўляем адзін аднаму віртуальныя пасланні, а ў 1980-я глушчане пісалі рэальныя лісты ды віншавальныя паштоўкі родзічам у розныя куткі Савецкага Саюза. А паштальёны ўсё гэта дастаўлялі адрасатам.

Паштальен Галіна Фёдараўна Гулянкова

“У першы дзень Новага года намнога цяжэйшай робіцца сумка паштальёна. Сёння ўсе выданні перыядычнага друку выйшлі ў святочным афармленні, з віншаваннямі і пажаданнямі, адрасаванымі чытачам. Не крыўдуйце, калі паштальён завітаў да вас са спазненнем — работы ў яго прыбавілася”, — такі подпіс суправаджаў здымак паштальёна цэнтральнага ўчастка Глускага вузла сувязі Галіны Фёдараўны Гулянковай.

Сустракаючы 1987-ы, працаўнікі розных прадпрыемстваў Глушчыны на старонках газеты, у адным з апошніх нумароў, дакладвалі аб выкананні гадавых планаў: “…цэх спатры ўжо ў пачатку кастрычніка рапартаваў аб датэрміновым выкананні гадавога плана, з якім перадавыя работнікі справіліся на 145 %”.

Разнастайна правесці вольны час прапаноўвалі глушчанам работнікі культуры. Для моладзі 30 снежня 1986 года ў рэстаране “Пціч” было арганізавана пасяджэнне моладзевага безалкагольнага кафэ (у самым разгары, як памятаем, была антыалкагольная кампанія). Для дзяцей 31 снежня ў РДК праводзіўся ранішнік “Самая вясёлая ёлка”. Дарослых жа напярэдадні святочнай ночы запрашалі на навагодні баль “Зімовая фантазія”. На гэтым святочныя мерапрыемствы для глушчан не заканчваліся. Так, 1 студзеня ўсіх жадаючых чакалі ў РДК на вечары адпачынку “Танцавальны серпанцін”. А 2 студзеня глушчан запрашалі на стадыён паглядзець матч па міні-футболе на снезе (!) паміж камандамі працоўных калектываў раёна, а потым — зноў у РДК на вечар адпачынку. У трэці дзень новага года на стадыёне праходзілі лыжныя спаборніцтвы школьнікаў, а ў РДК — пасяджэнне клуба аматараў літаратуры і мастацтва. Не давалі работнікі культуры сумаваць у час зімовых канікул і малодшым школьнікам ды садаўцам: на працягу 12 дзён у кінатэатры “Арыён” праходзіў дзіцячы кінафестываль “Казка”.

Большасць глушчан сустракалі новы 1987 год дома з роднымі за святочным сталом. Глядзелі і слухалі па тэлевізары віншаванне Генеральнага сакратара ЦК КПСС Міхаіла Гарбачова. Дарэчы, у 1986 і 1988 гадах Гарбачоў звяртаўся не толькі да савецкіх грамадзян, а і да народа ЗША, а да савецкага народа — прэзідэнт Злучаных Штатаў Рональд Рэйган. 

Далей на чарзе год 1992-і. Першы нумар раённай газеты выйшаў згодна з графікам у суботу, 4 студзеня. Гэты год глушчане ўжо сустракалі як грамадзяне незалежнай краіны — Рэспублікі Беларусь. На першай старонцы раёнкі надрукавана віншаванне Старшыні Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь Станіслава Шушкевіча.

Той год быў вельмі цяжкі для ўсіх беларусаў: грошай не хапала, цэны раслі як на дражджах. У нумары газеты ад 26 снежня ёсць невялікая нататка “Лепш не хварэць”, якая добра характарызуе тагачасную сітуацыю: “…значна павялічыліся цэны на шэраг медпрэпаратаў. За ўпакоўку цытрамону, якая некалі каштавала 50 капеек, цяпер трэба аддаць 3 рублі, анальгін — 2,51, цяпер — 35 рублёў…” Але ж глушчане не адчайваліся і нават у такі няпросты час верылі, што ў новым годзе будзе лепш. З такім настроем і сустракалі 1993 год. На навагоднія святы ў той час прыйшлося аж тры выхадныя дні. Цікава, што канікулы ў школьнікаў пачыналіся толькі з 31 снежня.

Для дзяцей і для дарослых у навагоднія дні работнікі культуры падрыхтавалі насычаную праграму. Напрыклад, прайшлі спаборніцтвы па валейболе і па настольным тэнісе сярод арганізацый раёна. А 31 снежня ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці ў арганізацыях і на прадпрыемствах з 8 гадзін раніцы віншавалі працоўных з Новым годам. Увечары работнікі раённага Дома культуры запрашалі моладзь на навагодні баль-маскарад. І традыцыйна глушчане святкавалі наступленне Новага года пасля апоўначы каля галоўнай ёлкі гарпасёлка: у 1 гадзіну ночы тут пачынаўся “Навагодні серпанцін” — гульні, танцы, атракцыёны.

А да года 2000-га, мяркуючы па матэрыялах раённай газеты, глушчане пачалі рыхтавацца загадзя, яшчэ з сярэдзіны снежня. У нумары газеты за 18 снежня была ўжо надрукавана навагодняя праграма. Моладзь запрашалі 31 снежня на святочны вечар у кінатэатр “Арыён”. А ў навагоднюю ноч 1 студзеня для глушчан праводзілася святочная праграма “Пасля апоўначы”. Тут можна было не толькі добра патанчыць, паспяваць, а і за асобную плату павіншаваць музычным падарункам родных, знаёмых, сяброў. Каштавала такая паслуга ні многа ні мала 500 000 рублёў (для параўнання: квіток на навагодні вечар для моладзі каштаваў 64 000 рублёў). А з 1 студзеня 2000 года жыхароў нашай краіны чакала дэнамінацыя і новыя грошы… 

Аб тым, каб глушчане добра сустрэлі і адзначылі прыход Новага года, клапаціліся і ўлады. Так, распараджэннем райвыканкама быў зменены расклад працы глускіх магазінаў у перадсвяточныя і святочныя дні. Напрыклад, 31 снежня ўсе магазіны працавалі да 21:00, а сельскія — да 22:00, “Глушчанка” — да 3:00, а магазін “Начны” — аж да 4:00.

Ну і які ж Новы год без падарункаў? Думаецца, вельмі прыемным падарункам для некалькіх сямей працаўнікоў саўгаса “Вільча”, калгаса “Зара камуны”, “Праўда”, аграфірмы “Слаўкавічы” сталі ўтульныя новыя кватэры і дамы, ключы ад якіх навасёлы атрымалі напярэдадні Новага года. 

Падшыўкі гартала

Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ

Фота з адкрытых крыніц інтэрнета і архіва газеты

Последние новости

Актуально

Будьте осторожны на воде

11 июля 2025
Читать новость
Год благоустройства

Ремонт в Глусской детско-юношеской спортивной школе

11 июля 2025
Читать новость
Власть

Александр Лукашенко открыл XXXIV “Славянский базар в Витебске”

11 июля 2025
Читать новость
Общество

Справимся сообща: коммунальные службы и волонтеры вместе устраняют последствия стихии. Фото

10 июля 2025
Читать новость
Власть

Исаченко: к ликвидации последствий грозового фронта привлечены дополнительные ресурсы и силы

10 июля 2025
Читать новость
Общество

В агрогородке Турино прошел сельский сход. Фоторепортаж

10 июля 2025
Читать новость