У Глускім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі прайшоў урок жывапісу “Творчасць Вячаслава Захарынскага вачыма дзяцей”

Творца жыве, пакуль жывуць яго творы. Пакуль спяваюцца песні, выконваецца музыка, чытаюцца вершы, выстаўляюцца карціны…
У слушнасці гэтага сцверджання ўпэўнілася за апошні час аж некалькі разоў. Спачатку падчас канцэрта ў Глуску Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Цітовіча. Калі вядучая, анансуючы чарговую песню, назвала кампазітара Валерыя Іванова, з задніх радоў пачуўся выразны шэпт: “Наш! Наш!” Ці трэба казаць, што гэту песню зала слухала з асаблівай увагай? А роўна праз тыдзень, 3 лістапада, у Глускім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі гучала імя другога нашага знакамітага земляка — мастака Вячаслава Захарынскага. Тут праходзіў урок жывапісу “Творчасць Вячаслава Захарынскага вачыма дзяцей”.
Ідэя такога мерапрыемства належала Алене Пятровай, мастачцы і кіраўніку аб’яднання “Арт-кроха”. Удзельніцамі ўрока жывапісу сталі 13 таленавітых дзяўчынак, яны не пашкадавалі свайго канікулярнага часу, каб далучыцца да творчасці сусветна вядомага мастака, чые карціны захоўваюцца ў музеях, прыватных калекцыях і нават у пасольствах Беларусі ў Парыжы і Лондане. Гэта выхаванкі “Арт-крохі” Лізавета Арцёмчык, Крысціна Сяргейчык, Сафія Арашкова, Соф’я Патапенка, Кацярына Ларкіна, Марта Галамака, Ульяна Карповіч і Ганна Пятрова, чатыры вучаніцы Цэнтра творчасці: Эмілія Дзярбеева, Сафія Сідаровіч і Аліна Баешка (абедзве з Заеліцы), Аляксандра Аксёнава (гурток ЦТ у СШ № 1), а таксама адзінаццацікласніца Усцярхоўскай школы Дар’я Александровіч, гэта дзяўчынка, скажу, забягаючы наперад, стала сапраўдным адкрыццём мерапрыемства, бо яна адзіная з прысутных самавучка, нідзе спецыяльна не займаецца, пры гэтым мае безумоўны талент.
Дзяўчатам (так атрымалася, што адны дзяўчынкі, на самай справе ніякіх абмежаванняў не было) прапанавалі выбраць для сябе тую карціну майстра, якая ім найбольш даспадобы, да душы, да настрою, і паўтарыць яе. Адначасова яны даведаліся больш пра мастака Захарынскага. Пра тое, што Вячаслаў Адамавіч — ганаровы грамадзянін Глуска, яго першы настаўнік жывапісу — Іван Пятровіч Булгакаў, што свае карціны Захарынскі ў большасці пісаў цыкламі (“Пацукі”, “Фарысеі”, “Святыя”, “Архідэі”, “Ледзі” і іншыя), што, часта бываючы за мяжой, вельмі любіў родную Глушчыну і іменна ў Глуску абсталяваў творчую студыю, тут натхняўся і рэалізоўваў свае задумы.
Пра сваё асабістае знаёмства з Вячаславам Захарынскім расказала Алена Пятрова. Аказваецца, мастак быў добрым сябрам гімназіі, менавіта ён падарыў мастацкай студыі першы холст, ён арганізаваў першы пленэр для юных гімназістаў, доўга выбіраў для яго месца і нарэшце спыніўся на беразе Пцічы. Алена Сяргееўна згадала, што сярод работ Вячаслава Адамавіча амаль няма пейзажаў — ён сам прызнаваўся, што гэта не яго жанр, але ж вельмі вялікім было жаданне майстра сабраць таленавітых дзяцей, дарослых, ён любіў, калі натхнёныя людзі збіраюцца разам. З таго пленэра засталіся фатаграфіі і нагадваюць пра былое. А між іншым, сяброўства такое пачалося зусім проста: настаўніца малявання гімназіі Алена Пятрова патэлефанавала знакамітаму земляку і сказала: “Мы хочам з вамі сябраваць”. І Вячаслаў Адамавіч, удзельнік рэспубліканскіх і міжнародных выстаў, сябра Беларускага саюза мастакоў, візітарны прафесар Еўрапейскай акадэміі мастацтваў, будучы ўладальнік медаля Францыска Скарыны, даў сваю згоду.
Усё тое, што ўдзельніцы ўрока жывапісу пачулі і пабачылі ў гэты дзень, несумненна, паўплывала на іх выбар і на іх творчы працэс. З некаторымі дзяўчатамі я пагутарыла. Напрыклад, Кацярына Ларкіна займаецца маляваннем даўно і перавагу ў сваіх работах аддае жывёлам, птушкам, а яшчэ нацюрмортам, таму і выбрала для капіравання пеўніка (у арыгінале гэта карціна Захарынскага называецца “Кавалер петушок”) — ён яркі, прыгожы, аптымістычны. Пеўнік, дарэчы, быў самы папулярны ў той дзень. Такую ж карціну, напрыклад, вырашыла намаляваць пяцікласніца Аляксандра Аксёнава, прынамсі, гэта была адзіная работа маслам, дапамагала дзяўчынцы яе педагог Крысціна Ігараўна, і такі зладжаны ў іх тандэм быў, я скажу, здаецца, з паўслова настаўніца і вучаніца адна адну разумеюць. Маладая настаўніца (Крысціна Ігараўна працуе толькі год, а напачатку я ўвогуле прыняла яе за старшакласніцу) падзялілася сваім меркаваннем: яна першы раз удзельнічае ў такім мерапрыемстве, і ёй яно падабаецца, ідэя вельмі добрая, і добра будзе, калі яна будзе мець працяг.
Было б дзіўна, калі б хоць хто з дзяўчат не выбраў кветкі. Сафія Арашкова прызналася, што гэта яе любімае ў маляванні на палатне — кветкі, асабліва ружы. “Прощание с летом” — так называецца карціна Захарынскага, якую паўтарала Сафія. А вось Аня Пятрова з задавальненнем малюе ўсё і не аддае перавагу якому-небудзь напрамку, а кветкі ў вазе (“Натюрморт”) выбрала, бо яны яркія, сакавітыя, з першага позірку надаюць добры настрой.
Некаторыя дзяўчаты выбралі работы Захарынскага бадай што філасафічнага зместу, як, да прыкладу, “Армянский дневник” ці “Облака”, а нехта паспрабаваў паўтарыць яго незвычайныя, на грані фантастыкі, партрэты з цыклу “Ледзі”. Я крыху паназірала, як Дар’я Александровіч з Усцярхоўскай школы перадае на палатне выяву “Леди в зеленом” — так называецца арыгінал карціны. І гэта, я вам скажу, таксама фантастыка: літаральна за некалькі хвілін вобраз на партрэце набывае свой характар, вочы становяцца жывыя…
Можна толькі па-добраму пазайздросціць тым, хто мае мастацкі талент. Я дык перажывала, што дзвюх з паловай гадзін не хопіць, удзельніцы не паспеюць, але ўсё атрымалася. Цікава, што, хоць дзяўчаты і капіравалі карціны мастака, кожная работа атрымалася адрознай, не падобнай на іншыя, і гэта цудоўна.
Галоўнае — не губляць натхненне, пра гэта гаварыла пачынаючым мастачкам госця мерапрыемства дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Святлана Шутава. А ўжо дзе-дзе, а ў Глуску натхненне заўсёды можна знайсці, дадала Святлана Аляксандраўна, бо такой прыроды, як тут, у вялікім горадзе не ўбачыш. “Гэта такая аддушына — перадаваць на палатне ці проста на паперы свой настрой, сваё бачанне рэчаіснасці, свае думкі, — сказала Святлана Шутава. — І Глуску ў гэтым сэнсе пашанцавала: у вас ёсць з каго браць прыклад і ў каго вучыцца, таму па максімуме бярыце ў сваіх настаўнікаў іх вопыт, іх веды”. І яшчэ адну параду дала Святлана Аляксандраўна дзяўчатам: “Вучыцеся, набывайце прафесіі і вяртайцеся дадому, вам тут будуць рады, вам тут будзе лягчэй, чым дзе, і ў вас тут нашмат болей перспектыў быць заўважанымі”.
Гасцей на мерапрыемстве было шмат. Акрамя педагогаў і дэпутата Святланы Шутавай, падтрымаць школьніц прыйшлі намеснік старшыні Глускага райвыканкама Анатоль Ласоцкі, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Сяргей Слічонак, кіраўнік раённай арганізацыі Беларускага фонду міру Алена Кірэй. Усе юныя мастачкі атрымалі ад гасцей у падарунак сладасці і прыналежнасці для малявання, а таксама сертыфікаты ўдзельніка ўрока жывапісу “Творчасць Вячаслава Захарынскага вачыма дзяцей”.
Усё гэта — і ўрачыстае адкрыццё, і госці, і падарункі — стварыла атмасферу сапраўднага вернісажу, дазволіла дзецям адчуць сябе дарослымі, сапраўднымі мастакамі. Гэту маю думку пацвердзіла і Людміла Балкіс, кіраўнік аб’яднання выяўленчага мастацтва “Вясёлка” ад Цэнтра творчасці ў Заеліцкай школе. На памяці педагога з дваццацігадовым стажам такіх мерапрыемстваў раней не было, а ідэя ж вельмі добрая, кажа Людміла Балкіс: “Холст, падрамнік, карціны — дзеці адчуваюць сябе сапраўднымі мастакамі, у іх, без перабольшвання, падымаецца самаацэнка. Да таго ж сама атмасфера музея спрыяе натхненню, жаданню ствараць, несці ў свет прыгажосць. Ну і для нашых вясковых вучняў гэта яшчэ дадатковая магчымасць наведаць экспазіцыі музея, што ніколі не лішняе”.
А. ВАСІЛЕЎСКАЯ
Фота аўтара і Г. АЎТУХОВАЙ