Успаміналі Фёдара Янкоўскага. Цікавая творчая сустрэча адбылася ў сярэдняй школе № 1 Глуска

Цікавая творчая сустрэча адбылася ў сярэдняй школе № 1 Глуска. Яна была прысвечана земляку Фёдару Міхайлавічу Янкоўскаму — лінгвісту, пісьменніку, чалавеку, уклад якога ў беларускае мовазнаўства цяжка пераацаніць.
На сустрэчу са старшакласнікамі прыехалі родзічы Фёдара Міхайлавіча — Канстанцін Шыманец і Юрый Шыманец, а таксама тыя, хто блізка ведаў навукоўца ці мае да яго нейкае іншае дачыненне, — паэтэса Вера Буланда, якой пашчасціла вучыцца ў Янкоўскага, спявак і дырыжор Аляксандр Валодчанка, журналіст, пісьменнік і паэт Навум Сандамірскі.
Зразумела, вучні таксама падрыхтаваліся да гэтай сустрэчы. Яны нагадалі прысутным, у першую чаргу сваім аднакласнікам, біяграфію Фёдара Янкоўскага, а настаўніца беларускай мовы і літаратуры Вольга Гааг правяла для гасцей з Мінска экскурсію па школьным музеі. Між іншым, для Вольгі Генадзьеўны Янкоўскі, можна гаварыць, не чужы: яе бабуля Анастасія Рыгораўна, таксама настаўніца беларускай мовы і літаратуры, у 1930-х працавала ў Клятнянскай школе, а Фёдар Янкоўскі быў яе вучнем. Ужо ў дарослым жыцці ён заўсёды тэлефанаваў сваёй настаўніцы, каб павіншаваць са святамі і пацікавіцца справамі, пажадаць добрага здароўя… “Мой вучань званіў”, — казала яна, і ў сям’і ведалі: званіў Янкоўскі. Дапытлівы, цікаўны, прагны да ведаў — такім згадвала свайго вучня Анастасія Рыгораўна.









Так, для яе ён быў вучань, а вось для паэтэсы Веры Буланды — Настаўнік, менавіта вось так, з вялікай літары. Фёдар Янкоўскі выкладаў у Мінскім педагагічным інстытуце, і Вера Аляксандраўна запомніла яго чалавекам, які вельмі трапятліва ставіўся да роднага слова, чысціні беларускай мовы, вымаўлення. У яе, масквічкі па нараджэнні, сустракаліся ў вершах русізмы, і Фёдар Міхайлавіч абавязкова звяртаў на гэта ўвагу, патрабаваў, каб выправіла. Маладая студэнтка, вядома, перажывала з-за гэтага і была вельмі здзіўлена, калі выкладчык аднойчы прынёс для яе і яшчэ аднаго студэнта-паэта запрашальныя білеты на з’езд паэтаў і пісьменнікаў усяго Савецкага Саюза. Ён быў вельмі ўважлівы не толькі да слова, а і да людзей, згадвае яна.
І яшчэ згадвае, як у цяжкія хвіліны жыцця ішла на вуліцу імя Янкоўскага і… размаўляла з ім. З гэтай “гутаркі” нарадзіўся верш, які так і называецца — “Вуліца настаўніка Янкоўскага…”, а потым з’явілася музыка, і верш гэты стаў песняй.
Многаму навучылася Вера Аляксандраўна ў свайго выкладчыка і добра запомніла словы, якія ён 1 верасня прапанаваў запісаць сваім студэнтам на першай старонцы рабочага сшытка: “Ніхто не зробіць горш табе, як сам сабе”. Гэтую народную мудрасць госця падчас сустрэчы пераадрасавала вучням СШ № 1 — як наказ маладому пакаленню ад іх вядомага земляка.
“Працалюбівы, старанны, руплівы і разам з гэтым выключна добрасумленны і сціплы чалавек. Гэта вялікае шчасце — быць знаёмым з такім чалавекам, мець магчымасць размаўляць з ім, слухаць яго разважанні і яго аповеды”, — так гаворыць пра Фёдара Янкоўскага яго сваяк Канстанцін Шыманец. Фёдару Міхайлавічу дасталося шмат горычы, расказвае Канстанцін Канстанцінавіч. Падчас савецка-фінскай вайны ён быў цяжка паранены і нават прызнаны нягодным да службы, але ж у Вялікую Айчынную пайшоў у партызаны, бо не мог моўчкі глядзець, як вораг топча родную зямлю. Тая вайна прынесла Янкоўскаму нямала асабістага гора: у маі 1943-га фашысты расстралялі яго жонку і двухгадовую дачку, і ўвогуле загінула шмат родных і блізкіх. Не дзіўна, што пра падзеі Вялікай Айчыннай успамінаць ён не любіў, адно насіў у сабе затоены смутак.
Яшчэ адзін удзельнік сустрэчы Навум Сандамірскі прызнаўся, што блізка знаёмы з Фёдарам Міхайлавічам не быў — сустракаўся некалькі разоў, але ў тым ліку з адабрэння Янкоўскага з’явілася першая кніга Навума Барысавіча “Люди, время, жизнь…”. І ў гэтай кнізе — артыкул, прысвечаны кандыдату філалагічных навук, прафесару, таленавітаму педагогу і аўтару лірычных “Абразкоў” нашаму земляку Фёдару Міхайлавічу Янкоўскаму.
А. ВАСІЛЕЎСКАЯ, фота аўтара