Сэрцам адданыя роднай зямлі

Дзень 3 ліпеня, Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, выдаўся сонечным, цёплым, светлым, што ўсім праводзімым мерапрыемствам надавала яшчэ больш урачыстасці і святочнасці. У Глуску прадстаўнікі працоўных калектываў на чале з кіраўніцтвам раёна для ўскладання вянкоў сабраліся ля мемарыяльнага комплексу “Воінская Слава”, помніка ў гонар усіх абаронцаў нашага раёна, хто ваяваў і загінуў або быў закатаваны ці спалены нямецкімі захопнікамі. Кветкі да помнікаў і воінскіх пахаванняў у гэты дзень былі ўскладзены і на тэрыторыях усіх сельсаветаў раёна. Як і заўсёды на святы, гаспадарамі настрою былі работнікі культуры, яны падрыхтавалі цікавую канцэртную праграму, іх канцэртнай пляцоўкай на нейкі час стаў стадыён. Побач працавала гандлёвая ярмарка, нала-джаная раённым спажывецкім таварыствам, так што глушчанам і гасцям раённага цэнтра было як адпачыць, пагуляць з дзецьмі.
Нямала аматараў спорту сабралася на стадыёне бліжэй да вечара: там праходзіў таварыскі футбольны матч паміж аб’яднанымі камандамі фізічнай культуры мясцовых устаноў і арганізацый. У адну ўваходзілі прадстаўнікі раённага аддзела адукацыі і ад-дзела па надзвычайных сітуацыях, у другой былі спартсмены з “Жылкамгаса”, аддзела ўнутраных спраў і раёна электрасетак. Матч атрымаўся даволі выніковым: за два таймы былі забіты чатыры галы, барацьба была напружанай, бо саступаць не хацеў ніхто, вынік сустрэчы — нічыя.
Завяршылася святкаванне Дня Незалежнасці традыцыйнай для гэтага свята акцыяй “Праспяваем гімн разам!”. Увечары, у 22:55, глушчане, пераважна моладзь, як найбольш актыўная частка, сабраліся на Алеі Славы, і рознагалосы дружны хор заспяваў: “Мы, беларусы — мірныя людзі…”. Так, мы мірныя людзі, і галоўнае дзяржаўнае свята адзначаем якраз у Дзень вызвалення, калі на нашу зямлю прыйшоў доўгачаканы мір. Дык давайце яго берагчы!
Т. ЛУКАШЭВІЧ
Фота С. РУДЗІНСКАГА