Сустрэчу з працоўнай моладдзю лясгаса правёў старшыня Глускага райвыканкама Аляксей Жураўлёў

Моладзь — гэта актыўны рэсурс, рэзерв і перспектыва любога прадпрыемства. І Глускаму лясгасу ёсць чым пахваліцца: з 430 працуючых тут 56 — гэта моладзь, людзі ва ўзросце да 31 года, 23 чалавекі з іх маюць вышэйшую адукацыю, тры — статус маладога спецыяліста.
Чарговую сустрэчу з працоўнай моладдзю старшыня Глускага райвыканкама Аляксей Жураўлёў правёў менавіта ў лясгасе. На сустрэчы таксама прысутнічалі намеснік старшыні райвыканкама Анатоль Ласоцкі, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Алена Самуйлік, першы сакратар райкама БРСМ Ганна Мартынава, дырэктар прадпрыемства Сяргей Івашкевіч і яго намеснік па ідэалагічнай рабоце Ганна Русу. Рабоце з моладдзю на прадпрыемстве надаецца вялікая ўвага, яна вядзецца па самых розных кірунках: ад павышэння кваліфікацыі і прадукцыйнасці працы да фарміравання ў моладзі карпаратыўнай культуры і навыкаў здаровага ладу жыцця, расказала Ганна Русу. Для гэтага, у прыватнасці, работнікам за кошт прафкама даецца магчымасць наведваць басейн, трэнажорную залу, заняткі фітнесам. Прадпрыемства аказвае матэрыяльную падтрымку пры ўступленні ў першы шлюб, пры нараджэнні дзіцяці (ад 10 да 20 базавых велічынь), дадатковыя выплаты прадугледжаны для шматдзетных сем’яў і работнікаў, у каго дзеці-інваліды, маладым спецыялістам часткова кампенсуецца найм жылля, а каб яны адчувалі сябе смялей у прафесіі, за імі замацоўваюцца вопытныя спецыялісты ў якасці настаўнікаў.




Падобныя мерапрыемствы сталі традыцыйнымі, кіраўнік раёна сустракаўся ўжо з маладымі работнікамі сельскагаспадарчых арганізацый, раённай бальніцы, адукацыі і культуры. Да занятых у сферы лясной гаспадаркі Аляксей Жураўлёў звярнуўся з просьбай выказваць свае прапановы і меркаванні наконт таго, каб зрабіць умовы жыцця ў раёне больш прывабнымі менавіта для моладзі, пацікавіўся, ці задаволены яны працай тут, у лясгасе. Цягам размовы высветлілася, што большасць з тых, хто прысутнічаў на сустрэчы, — мясцовыя жыхары, адпаведна, для іх тут усё блізкае, сваё. Усе, хто выказваўся, падкрэслілі, што ў калектыве сустрэлі і прынялі добра, дапамагаюць і падтрымліваюць, прыезджым умовы жыцця і працы таксама даспадобы. Моладзь лясгаса — пастаянны ўдзельнік розных мерапрыемстваў і акцый, як у раёне, так і за яго межамі. Цікава і пазнавальна было пабываць на канцэрце “Кожны трэці”, што праходзіў у Мінску, падзяліўся ўражаннямі адзін з прысутных, паболей бы такіх мерапрыемстваў. Калі маладых работнікаў шмат, з імі можна горы звярнуць, галоўнае — знайсці падыход, зацікавіць, заахвоціць, звярнуўся кіраўнік раёна да намесніка дырэктара лясгаса па ідэалагічнай рабоце.
Т. ЛУКАШЭВІЧ
Фота І. ГРАМЫКІ