Буслянка над стадыёнам

Бусел — буйная птушка, у вышыню дасягае 120 сантыметраў, дзесьці чатыры кілаграмы вагі, таму і дом будуе сабе адпаведны, унушальных памераў: у дыяметры ён можа быць паўтара метра і важыць прыкладна 250 кілаграмаў. У якасці будаўнічых матэрыялаў выкарыстоўваюцца голле, сучча, сцяблы раслін, а трава, сена, салома, мох, лісце, часам рэшткі тканіны ідуць на подсціл. Дарэчы, свае гнёзды буслы выкарыстоўваюць гадамі, кожны раз вяртаючыся ў старое жытло. Прычым першым прылятае самец і ахоўвае, бароніць “кватэру” да прылёту самкі. Перад вывядзеннем птушанят гняздо рамантуецца і такім натуральным чынам паступова павялічваецца. Новабуд звычайна бывае з паўметра ў вышыню, у той час як старыя могуць быць утрая большымі.
У Глускім раёне буслы гняздуюцца паўсюль (мабыць, у кожнай вёсцы ёсць іх гнёзды), нямала бусліных сем’яў і ў самім раённым цэнтры. Асабіста я ведаю некалькі буслянак, а самыя старыя з іх дзве — на тэрыторыі гарадской лазні (знаходзіцца пад апекай камунальнікаў) і на гарадскім стадыёне (там нават два гнязды, па дыяганалі, адно насупраць другога). Дык вось з левага боку — буслянка-гігант, буслянка-старабуд. Ей гадоў пад трыццаць, не меней, (а мо і болей за гэта), даўно яна пабудавана на слупе для пражэктара. Калі ў 2019 годзе ішла гаворка пра рэканструкцыю стадыёна і замену асвятлення, губернатар Магілёўшчыны Леанід Заяц, які трымаў на кантролі ход работ у Глуску, звярнуў увагу на гэта гняздо і сказаў зрабіць усё, каб яго не пашкодзіць. І не пашкодзілі. А буслы як прыляталі сюды, так і прылятаюць дагэтуль. І фотаздымак, які нам прыслала наша чытачка Таццяна, зроблены 3 ліпеня менавіта над гэтым гняздом. Бачна, якое яно вялікае, надзейнае, зручнае, шмат разоў дабудоўвалася. Сяголета тут вывеліся тры птушаняці, яны ўжо досыць вялікія, даўно аперыліся, але бацькі яшчэ працягваюць іх карміць, носячы ежу ў дзюбе (звычайна гэта адбываецца на працягу першых двух месяцаў, а потым маладыя птушкі здабываюць сабе пражытак самі). Хутка і гэтыя прыгажуны стануць на крыло і пакінуць роднае гняздо, каб потым ізноў вярнуцца ў нашыя мясціны, стварыць сем’і і пабудаваць новыя гнёзды.
Да чаго буслы пасяліліся на стадыёне? Будзем лічыць, што, як і паўсюль, — да дзяцей, здаровых, актыўных, спартыўных. Няхай такіх тут будзе заўжды шмат.
Т. ЛУГАВАЯ
Фота Т. ШЫШАЧКІНАЙ