Да 120-годдзя Янкі Бобрыка

“Торба і Менск за плячыма, / Крывенькі кіёк у руках… / Наперадзе — мэта, радзіма / І ліпа з сукамі на дах…” Гэтыя радкі належаць Янку Бобрыку, нашаму з вамі земляку, паэту, публіцысту, кінакрытыку, мастацтвазнаўцу, чалавеку, лёс якога склаўся трагічна, а творчая спадчына, на жаль, захавалася далёка не ўся… На гэтым тыдні споўнілася 120 год
з дня нараджэння Янкі Бобрыка.
Іван Іванавіч Бобрык нарадзіўся ў Глуску 21 ліпеня 1905 года, і пра яго юнацкія і дзіцячыя гады мы ведаем найперш па ўспамінах Сяргея Грахоўскага, яны былі стрыечнымі братамі. “Бацька яго быў славуты на ўсю воласць каваль. 3 маленства бацькава рамяство спасцiг i сын. Зiмою вучыўся, а ўсё лета стаяў пры горне i кавадле. Захапляўся маляваннем, iграў у аматарскiх спектаклях, пiсаў дэкарацыi, праз “чароўны лiхтар” паказваў цiкавыя паштоўкi i малюнкi”, — успамінаў Сяргей Грахоўскі.
У 1924 годзе Янка Бобрык паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і тады ж надрукаваў свае першыя вершы. Не тое што суседзі — родныя да таго моманту не ведалі, што ён піша вершы. Прыязджаючы дадому на канікулы, Янка заўсёды прывозіў кніжкі і раздаваў іх чытаць мясцовым аматарам літаратуры, а па вечарах у кавалёвай хатцы збіралася поўна людзей: чыталі ўголас. “Ён быў першым філолагам з нашага мястэчка. Доўгі час бацька ніяк не мог уцяміць, на каго вучыцца яго сын”, — пісаў пасля Грахоўскі і прызнаваўся, што менавіта пад уплывам Янкі стаў тайком, каб ніхто не ведаў, “крэмзаць свае вершы”.
У 1923 годзе ўтварылася літаратурнае аб’яднанне “Маладняк”, і з цягам часу Янка Бобрык стаў адным з самых актыўных яго сяброў. У 20-я гады яго вершы часта друкаваліся ў часопісах, газетах і альманахах,
а ў 1926 годзе разам з Алесем Звонакам і Янкам Туміловічам ён выдаў маленькі зборнічак “Пунсовае ранне”. Верш “У дарозе”, прыведзены ў пачатку артыкула, таксама ўвайшоў у гэты зборнік.
“Калі з’явілася “Пунсовае ранне”, пра нашага глускага паэта гаварыла амаль усё мястэчка. Друкаванае слова ў тыя гады мела нейкую магічную сілу, многім не верылася, што гэта напісаў “са свае галавы” кавалёў сын”, — згадваў у мемуарах Сяргей Грахоўскі. У вершах маладога паэта землякі пазнавалі сваё, знаёмае і казалі: “Глядзі ты, піша якраз, як было”.
Пасля ўніверсітэта Янка Бобрык два гады працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў Клімавіцкім раёне, а далейшыя гады яго жыцця звязаны з Ленінградам. Туды сябра пазваў паэт Паўлюк Шукайла, які працаваў на той момант у Леніградскай дзяржаўнай акадэміі мастацтвазнаўства. У 1931 годзе Янка Бобрык паступіў у аспірантуру гэтай акадэміі, адвучыўшыся, працаваў там жа навуковым супрацоўнікам сектара кіно, а затым рэдактарам у сцэнарным аддзеле кінастудыі Белдзяржкіно (у Ленінградзе). Рэдагаваў сцэнарыі і фільмы, пісаў нарысы па гісторыі кіно і ўвогуле шмат зрабіў для развіцця беларускага кінематографа. У 1938 годзе Янку Бобрыка запрасілі на пасаду галоўнага рэдактара Упраўлення па справах мастацтва Ленінградскага гарвыканкама.
Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, па стане здароўя Бобрык быў зняты з ваеннага ўліку, але ў жніўні 1941 года дамогся, каб яму дазволілі стаць добраахвотнікам народнага апалчэння на Ленінградскім фронце. Ён капаў акопы, рабіў абарончыя ўмацаванні, прымаў удзел у абароне Ленінграда, у баях на Ленінградскім фронце. А вось эвакуіравацца ў тыл — была такая магчымасць — наадрэз адмовіўся. “Я нікуды не паеду. Паміраць, дык у Ленінградзе”, — успамінала яго словы жонка Наталля Вішнеўская.
Летам 1942 года Янку Бобрыка, зусім знясіленага, падабралі на вуліцы санітары. Ён памёр у бальніцы
25 жніўня, і было яму ўсяго 37 гадоў.
Блакадны Ленінград забраў жыццё таленавітага чалавека, згубіўся і архіў паэта. Засталося няшмат: вершы, нарысы, надрукаваныя ў 1920-х гадах. Прапануем некаторыя з іх да вашай увагі, паважаныя нашы чытачы.
Люблю я восень
Люблю я восень на Палессі:
прастор замоўк, а не застыў.
Укрыла шэрань стрэхі, вецце…
На верасох —
лісты…
лісты…
Люблю я раніцу увосень,
бо раніцу люблю ў жыцці.
Праз кучаравасць стромкіх сосен
да светлых дзён
плысці…
плысці…
Плысці ў прастор, на шлях нязнаны:
нязнанасць і ў жыцці вядзе,
пакуль лілёвасцю засланы
не вынікне у пазалоце дзень.
……………………………………………..
Люблю я восень на Палессі:
прастор замоўк, а не застыў.
Укрыла шэрань стрэхі, вецце…
На верасох —
лісты…
лісты…
У дарозе
Торба і Менск за плячыма,
Крывенькі кіёк у руках…
Наперадзе — мэта, радзіма
І ліпа з сукамі на дах…
Сонцам абмытыя грудзі
Аддаў жартаўліваму ветру;
Веру: ён іх не застудзіць…
Чупрыну ж — хваёваму веццю…
Ашчаперыў лес я рукамі,
Вачыма упіўся ў прастор.
А потым укленчыў на камень
І рукі на сонца прасцёр.
Беларуская хатка на ўзвышшы
Гасцінна мяне прыняла.
Пялёсткамі сыпалі вішні…
Ні жалю, ні смутку
няма…
Сяргей Грахоўскі пісаў: “На канікулы звычайна Янка з братам (потым вядомым беларускім хірургам Мікалаем Іванавічам Бобрыкам) маглі даехаць толькі да Бабруйска, а дадому 50 кіламетраў ішлі пехатою. Пра гэтую дарогу землякі чыталі ў “Пунсовым ранні”.
Заспявай мне песню
Заспявай мне песню, заспявай ты, вецер;
захвалюйся, рэчка, зашумі, трысцё!
Можа, мая радасць са слязьмі заўецца
і крышталь бяроза сабярэ ў крысо.
Бо сягоння гора, ну а заўтра — шчасце;
бо сягоння слёзы, ну а заўтра — смех.
Раніцой выходзіў на дарогу часта…
Я душу, не камень — як другія — меў.
Ах, мой лес вясёлы, лес мой задумёны;
верасы, нізіны… і сасна, і пель.
Сабяру брусніцы з купінак у жменю,
падару дзяўчыне за мінорны спеў.
Пацалуе месяц хвалі на крыніцы
І акропіць срэбрам поле і сяло.
Павіліся сцежкі, павіліся ніцы,
як на сэрцы ў суме ўецца весялосць.
Бо сягоння гора, ну а заўтра — шчасце;
бо сягоння слёзы, ну а заўтра — смех.
Раніцой выходзіў на дарогу часта…
Я душу, не камень — як другія — меў.
Падрыхтавала
А. ВАСІЛЕЎСКАЯ