У гонар вызвалення

Гэтых дней не згасне слава. Так думаю заўсёды, калі бываю на мемарыяльным комплексе “Воінская Слава” ў святочныя дні, звязаныя з Перамогай і вызваленнем. Зрэшты, гэта месца прыгожа-велічавае і само па сабе: менавіта тут удзячныя глушчане ўвекавечылі подзвіг сваіх землякоў, якія ваявалі на франтах і вялі партызанскую барацьбу або сталі мірнымі ахвярамі вайны, і тых салдат, што прынеслі доўгачаканую свабоду. Вось чаму менавіта тут у дзень вызвалення раёна праходзіць традыцыйная Вахта памяці. Кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і ўсіх працоўных калектываў збіраюцца тут, каб хвілінай маўчання ўшанаваць подзвіг вызваліцеляў. Так было і ў дзень суботні, 27 чэрвеня. Салдаты, адчаканіўшы кожны крок, застылі ў ганаровай варце, урачыстым шэсцем глушчане прайшлі да помніка Радзімы-маці, усклалі вянкі і кветкі. Цішыня гэтай 71-й мірнай летняй раніцы аплачана тысячамі жыццяў нашых землякоў, воінаў-вызваліцеляў і ўсіх, хто перажыў вайну. Ім — наша ўдзячнасць, наша памяць, слава загінуўшым і слава жывым.
Т. ЛУГАВАЯ
Фота І. ГРАМЫКІ і Т. ЛУКАШЭВІЧ