Темы

Гэта наша гісторыя

Гэта наша гісторыя

Сёння ў нашай краіне адзначаецца Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. У кожнага грамадзяніна сучаснай Беларусі свае адносіны да гэтай даты. Але трэба ўсё ж такі прызнаць, што ноч з 25 на 26 кастрычніка (па старому стылю) 1917 года змяніла назаўсёды не толькі гісторыю Расійскай імперыі, а і ўвогуле сусветную гісторыю. Старэйшае пакаленне глушчан добра памятае, якім святочным для ўсіх быў дзень 7 лістапада, а для маладзейшых нашых землякоў мы з дапамогай раённай газеты арганізуем падарожжа ў мінулае.

Мы з вамі ў 1968 годзе. К святу Вялікага Кастрычніка працаўнікі раёна падводзілі вынікі сацыялістычных спаборніцтваў, прымяркоўвалі адкрыццё новабудоўляў, прымалі школьнікаў у акцябраты і піянеры. Так, у гэтым годзе для хлебаробаў з Малінава к святочнай даце быў пабудаваны новы клуб. Трэба адзначыць, што ў той час тэлевізары былі яшчэ не ў кожным доме, таму даведацца аб тым, як праходзілі ваенны парад і дэманстрацыя працоўных, глушчане маглі з раёнкі — друкаваліся рэпартажы з Масквы і Мінска. Нас, канешне ж, цікавіць, як праходзілі ўрачыстасці ў Глуску. “З самай раніцы 7 лістапада вуліцы райцэнтра абудзіліся звонкімі песнямі, музыкай. Пад гукі марша перад трыбунай, дзе знаходзілася кіраўніцтва раёна, прайшлі школьнікі, за імі калоны рабочых і служачых. А завяршылі дэманстрацыю спартсмены раёна і матацыклісты,” — пісаў карэспандэнт “Сцяга Радзімы”.

Далей — 1974 год. Напярэдадні свята раённая  газета напоўнена заклікамі і лозунгамі, напрыклад: “Вялікаму Кастрычніку — ударную працу”, “Пад кіраўніцтвам камуністычнай партыі — наперад да перамогі камунізму!”. Усе артыкулы асвятляюць ударную працу пераможцаў сацыялістычных спаборніцтваў.

 А вось у 1979 годзе пра Глускі раён гаварылі нават на рэспубліканскім узроўні. “Цэнтральны камітэт Кампартыі Беларусі, Савет Міністраў БССР, Белсаўпраф падвялі вынікі рэспубліканскага сацыялістычнага спаборніцтва за высокапрадукцыйнае выкарыстанне і захоўванне сельскагаспадарчай тэхнікі. Сярод пераможцаў ёсць і Глускі раён”. Глушчане былі ўзнагароджаны пераходным Чырвоным сцягам з уручэннем грашовай прэміі — 1 000 рублёў. На той час гэта была вялікая сума!

У 1981 годзе, як і ў папярэднія гады, 7 лістапада ў Глуску адбылася святочная дэманстрацыя: “З выдатным настроем прыйшлі на прыгожа ўбраную плошчу працоўныя раёна, а гэта больш за 40 працоўных калектываў і вытворчых участкаў”.

Бяжыць час, мы ў 1989-м, і ў краіне Саветаў ужо поўным ходам ідзе “перабудова”. Хоць яшчэ з размахам святкуецца Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, але ўжо адчуваецца недавер народа да заклікаў і лозунгаў камуністычнай партыі — іх усе менш і менш на старонках раёнкі. А з развалам Савецкага Саюза і набыццём нашай рэспублікай незалежнасці 7 лістапада ўвогуле знікае як чырвоны дзень календара. У раёнцы за 1992 год ёсць толькі маленькі ўспамін аб 75-й гадавіне Кастрычніка і здымак крэйсера “Аўрора” з кароткім гістарычным экскурсам.

З 1995 года 7 лістапада ізноў вярнулася ў святочны каляндар рэспублікі. У 1999 годзе ў Глуску прайшоў урачысты сход, прысвечаны 82-й гадавіне Кастрычніка, дзе ўшаноўвалі пераможцаў спаборніцтва “Ураджай-99”, у РДК і сельскіх клубах адбыліся канцэрты з нагоды свята, а ў цэнтры пасёлка — кірмаш і народныя гулянні.

Лістапад 2005-га быў адметны для глушчан: у раён прыйшоў прыродны газ — факел на цэнтральнай плошчы Глуска запаліў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Для жыхароў райцэнтра ў гэты дзень былі арганізаваны разнастайныя мерапрыемствы: масавае народнае гулянне развярнулася насупраць кінатэатра “Арыён”, дзе была наладжана гандлёвы кірмаш з удзелам спажывецкіх таварыстваў з розных раёнаў вобласці, канцэрт мастацкай самадзейнасці, спартыўныя спаборніцтвы (лёгкаатлетычны прабег, футбольны матч, спаборніцтвы па гіраваму спорту,  перацягванне каната і іншыя).

Савецкае мінулае захавалася ў нашым пасёлку і зараз — назвы многіх вуліц звязаны з Кастрычніцкай рэвалюцыяй. Магчыма, на хвалі дэсаветызацыі іх трэба было б памяняць на гістарычныя назвы, але ў той фінансава складаны час  было не да такіх перамен, таму і засталіся ў нас вуліцы Кастрычніцкая, Інтэрнацыянальная, Савецкая, Пралетарская, Камсамольская і іншыя. Цікава было даведацца ў жыхароў некаторых з гэтых вуліц, як яны адносяцца да свята Кастрычніка. Вось якія адказы я атрымала:

Валянціна, жыхарка вуліцы Кастрычніцкай:

— У мяне з гэтай датай звязаны ўспаміны аб маім дзяцінстве. Я лічу, што для старэйшага пакалення Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі — гэта не толькі ўспамін аб маладосці,  магчыма, для кагосьці гэта важная дата. Ну і, канешне ж, вельмі добра, што дзень 7 лістапада — выхадны.

Сяргей, жыхар вуліцы Савецкай:

— Для мяне гэта проста дадатковы выхадны дзень. Адзначаў гэтую дату толькі, калі хадзіў разам з класам на дэманстрацыі, і то рабіў гэта не вельмі ахвотна.

Вольга, жыхарка вуліцы Камсамольскай:

— У савецкі час гэта свята было адным з самых любімых для мяне. Прыгожа ўбраны горад, калоны дэманстрантаў, дзе жанчыны (у перыяд дэфіцыту тавараў) маглі пахваліцца сваімі абноўкамі. А якія прыгожыя былі матацыклісты і дзяўчаты, якія стоячы ехалі ў калясцы матацыкла і трымалі сцягі рэспублік Савецкага Саюза! Зараз жа гэты дзень проста яшчэ адзін выхадны, магчымасць пабыць з сям’ёй.

А як жа ставіцца да свята моладзь? Мы ў групе нашай газеты ў сацсетцы “Вконтакте” правялі апытанне сярод падпісчыкаў, і вось якія вынікі атрымалі: 12 адказалі, што 7 лістапада для іх проста дадатковы выхадны, 13 гэтую дату не адзначаюць ніяк і не лічаць святам, але знайшліся 4 падпісчыкі, для якіх гэта вялікі дзень у гісторыі. А два нашыя, напэўна, самыя маладыя, падпісчыкі ўвогуле не ведаюць, што такое свята існуе.

Напрыканцы хочацца павіншаваць тых глушчан, што адзначаюць Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, са святам, а ўсім астатнім пажадаць прыемнага выхаднога дня.

Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ

Фота Ігара КІРЫНА і  з сайта ok.ru

Последние новости

Образование

В Глусском районе с 8 по 12 сентября проходит Неделя Белорусской республиканской пионерской организации

11 сентября 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко провел встречу с представителем Президента США Джоном Коулом

11 сентября 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко принял верительные грамоты послов зарубежных стран

11 сентября 2025
Читать новость
АПК

У Никиты Прибыша — своя тысяча!

11 сентября 2025
Читать новость
Власть

Госнаград удостоены 68 представителей различных сфер деятельности 

11 сентября 2025
Читать новость
Актуально

Всемирный день оказания первой помощи отмечается 13 сентября

11 сентября 2025
Читать новость

Рекомендуем