Темы

Глуск: 1396—2026. Не глуш, а цэнтр Палесся

Глуск: 1396—2026. Не глуш, а цэнтр Палесся

У гісторыі Глускай воласці дастаткова маладаследаваных старонак і спрэчных пытанняў. Як і належыць, усё пачынаецца са слова, і словам гэтым з’яўляецца “Глуск”. Прынята лічыць, што назва горада ўтварылася ад слова “глуш”, бо знаходзіўся цэнтр воласці глыбока сярод лясоў і балот, у самай глухамані. Ніякімі навуковымі фактамі гэта версія не пацвярджаецца, больш таго, яна ім пярэчыць.

Сярэдневяковыя гарады не ўзнікалі ў глушы. Яны будаваліся ў самых людных і асвоеных мясцінах: на берагах суднаходных рэк, на скрыжаваннях дарог, сярод урадлівых зямель, каля феадальных замкаў. А лясоў і балот у Глускай воласці ў той час было не больш, чым дзе-небудзь яшчэ на Палессі.

Археалагічныя знаходкі і вядомыя факты з пісьмовых крыніц сведчаць пра высокі ўзровень асваення тэрыторыі і эканамічнага развіцця воласці. Гэта быў шчодры дар вялікага князя літоўскага Вітаўта свайму родзічу і вернаму паплечніку князю Івану Гальшанскаму. На карце Еўропы нямецкага матэматыка і картографа Каспара Вапелія, выдадзенай у 1566 годзе, Глуск пазначаны разам з іншымі буйнымі гарадамі, такімі як Слуцк, Магілёў і Бабруйск.

Падобная кропка гледжання выказваецца ў трэцім томе “Геаграфічнага слоўніка Царства Польскага і іншых славянскіх краін”, выдадзенага ў 1882 годзе на польскай мове ў Варшаве. У невялікім, але цікавым артыкуле, прысвечаным Глуску, горад называецца важным рамесным і гандлёвым паселішчам. Пры гэтым адзначаецца яго знаходжанне ў цэнтры Палесся, на беразе суднаходнай ракі і на дарогах, што ідуць з чатырох буйных гарадоў: Мінска, Слуцка, Мазыра і Бабруйска.

На думку аўтараў артыкула, нават вялікая колькасць яўрэйскага насельніцтва ў Глуску сведчыць аб высокім гаспадарчым развіцці воласці: “Вядома, што яўрэі шукаюць толькі самыя выгодныя для пасялення мясціны”.

Спачатку глускія яўрэі гандлявалі жывёлай і “чаем” — зборам сухіх траў, настой каторых нагадваў па смаку чай. Трывала замацаваўшыся ў Глускай воласці, яны сталі займацца рамяством, гандлем, грашовымі аперацыямі і медыцынай, трымалі корчмы.

Пра тое, што глуская зямля з’яўлялася не глушшу, а эканамічна актыўнай тэрыторыяй, сведчыць яе старажытная і сярэдневяковая гісторыя. Рака Пціч разам з Дняпром, Сожам, Бярэзінай, Случчу была асноўным шляхам пранікнення на тэрыторыю Беларусі старажытнага насельніцтва. Быццам нанізаныя пацеркі, па яе берагах размешчаны стаянкі каменнага і бронзавага веку, селішчы жалезнага веку і Сярэднявечча, а цяпер раскінуліся сучасныя вёскі. Гарадзішчы — умацаваныя паселішчы жалезнага веку — знаходзяцца не на самой Пцічы, а непадалёк ад ракі ці на яе прытоках. Гэта акалічнасць сведчыць пра актыўнае перамяшчэнне па рацэ старажытных плямён. Мясцовыя жыхары ў той час вымушаны былі бараніцца ад чужынцаў, таму і трымаліся на некаторай адлегласці ад Пцічы, каб не прыцягваць да сябе непатрэбнай увагі.

Знакаміты сярэдневяковы гандлёвы шлях “з варагаў у грэкі”, акрамя асноўнага напрамку, меў шэраг адгалінаванняў. Вядомы беларускі географ В. А. Жучкевіч у кнізе “Дороги и водные пути Белоруссии” называе шлях з Дняпра па Прыпяці ў Пціч, з яе ў раку Шаць, далей праз волак у прыток Нёмана Лошу, а праз сам Нёман — у Балтыйскае мора. Сухапутны шлях з Мінска ў Кіеў таксама цягнуўся ўздоўж Пцічы, а далей — па Прыпяці і Дняпру. Рака Пціч у той час была суднаходнай, па ёй перавозілі грузы, сплаўлялі лес, рабілі запруды для будаўніцтва вадзяных млыноў ці лоўлі рыбы.

Металургія і кавальская справа мелі важнае значэнне для гаспадарчага развіцця і асваення тэрыторыі ў жалезны век і эпоху Сярэднявечча. І ў гэтым плане глуская зямля таксама была адметнай. Прыдатныя для выкарыстання пласты балотных жалезных руд маюцца ў розных частках Глускага раёна. Найстаражытнейшая яма, дзе выпальваўся драўняны вугаль для металургічных печаў, знойдзена каля вёскі Бабірова. Гэты від паліва на Глушчыне выраблялі на продаж аж да канца XIX стагоддзя.

Жалезныя вырабы знойдзены ў час раскопак на гарадзішчы ў Халопенічах і селішчы ва ўрочышчы Цямшава Поле ў Сіманавічах. А селішча ў Жалвінцы беларускія археолагі А. Н. Ляўданскі і К. М. Палікарповіч уключылі ў спіс цэнтраў старажытнай металургіі Беларусі. Тут знойдзены буйная калекцыя жалезных вырабаў, а таксама вялікая колькасць шлакаў і крыцы — кавалкаў жалеза, выплаўленага ў спецыяльных печах-домніцах. У 1930-я гады кіраўніцтва БССР планавала ў такіх цэнтрах пабудаваць металургічныя заводы. Але з-за нізкай якасці балотных руд у параўнанні з прывазной сыравінай ад гэтых намераў давялося адмовіцца.

Глушчына — адзін з буйнейшых у Беларусі цэнтраў рассялення дрыгавічоў. Заселена і асвоена была ўся яе тэрыторыя, за выключэннем непраходных балот. Пра гэта сведчаць курганныя могільнікі і асобныя курганы, каторых у межах раёна каля сотні. Па колькасці курганных груп не маюць сабе роўных у Беларусі могільнікі дрыгавічоў каля вёскі Слаўкавічы.

Як жа ўзнікла назва горада і што яна можа азначаць? Аўтарытэтны спецыяліст па геаграфічных назвах В. А. Жучкевіч у сваёй працы “Краткий топонимический словарь Белоруссии” звяртае ўвагу на тое, што назва “Глуск” указвае не канкрэтна на глуш, а з’яўляецца трансфармацыяй (пераасэнсаваннем) значэння слова. На яго думку, назва можа быць звязана з вёскай Глушай у Бабруйскім раёне (не блытаць з аднайменным пасёлкам, каторы ўзнік усяго каля 130 год назад). Такім чынам, Глуск (Глушеск) — паселішча, заснаванае перасяленцамі з Глушы (людзьмі глушескімі). Утварэнне выселкаў, каторыя мелі такую ж ці падобную назву, што і старое паселішча, у той час было самай звычайнай справай. Зразумела, што перасяленне адбывалася не ў глуш, а на эканамічна актыўныя  і прыдатныя для асваення землі.

Трэба мець на ўвазе, што словы з асновай “глуш”, акрамя прамога, маюць і некалькі спецыяльных значэнняў, сэнс каторых у наш час мала хто ведае. Глуш, глуша, глушэц — гэта назвы старога непраточнага рэчышча ракі (зараз у геаграфіі ўжываецца тэрмін “старыца”). Глушцамі зваліся таксама ўскраіны сельскагаспадарчых угоддзяў каля лесу ці непраходнага балота. Нарэшце, глушэц — гэта буйная лясная птушка.

Сваю назву Глуск (Глушеск, Глушск) мог атрымаць таксама ад ракі Глуша, што існавала ў мінулым, але да нашага часу не захавалася. На гэта паказвае характэрнае заканчэнне назвы. Гарады Мінск, Пінск, Слуцк (Случеск), Друцк (Друтеск), Віцебск, Полацк (Палатеск), Бабруйск названы па рэках, на каторых былі заснаваны. Рачная сістэма таго часу і блізка не была падобна на цяперашнюю. Яшчэ толькі дзвесце год назад напалеонаўскія войскі не маглі перайсці ўброд невялікую цяпер рачулку Красную, што цячэ непадалёк ад месца заснавання Глуска-Пагарэлага. Давялося гора-захопнікам ладзіць паромную пераправу. Шмат малых рэк і ручаёў за сем стагоддзяў перасохла, а назвы тых, што захаваліся, нікому не вядомы.

Акрамя дастаткова абгрунтаваных навуковых тлумачэнняў назвы горада, сустракаюцца і занадта мудрагелістыя, у каторыя мала верыцца, але ўсё можа быць. Напрыклад, састарэлае слова “глудзь” азначае вялікую адкрытую прастору або слізкае месца. Калі прыняць да ўвагі, што ў асобных дакументах таго часу Глуск-Пагарэлы завецца Глуцкам, то не ведаеш, што і думаць. Такім чынам, паходжанне назвы старажытнага Глуска, які быў цэнтрам эканамічна развітой воласці, з’яўляецца адной з неразгаданых пакуль таямніц глускай гісторыі.

Сучасны Глуск пераняў ад свайго старэйшага папярэдніка толькі назву. Будаваўся Глуск-Дубровіцкі як адміністрацыйны, ваенны, гаспадарчы і гандлёвы цэнтр воласці на спецыяльна абраным месцы. Пра нейкую глуш у гэтым выпадку і гаварыць не даводзіцца. Хутка ён пераўзышоў Глуск-Пагарэлы па сваім развіцці і значэнні. Глуск-Дубровіцкі, катораму не было яшчэ і ста гадоў, паказаны на Радзівілаўскай карце Вялікага Княства Літоўскага 1613 года ў ліку буйных беларускіх гарадоў.

У невялікае правінцыяльнае мястэчка цяперашні Глуск паступова пачаў ператварацца з другой паловы XVІІІ стагоддзя. Спачатку гэтаму паспрыяў заняпад гаспадаркі пры апошніх уладальніках — Радзівілах і Юдыцкіх. Значна пагоршылася геаграфічнае становішча Глускай воласці ў складзе Расійскай імперыі. Яна апынулася ў далечыні ад новых гандлёвых шляхоў і эканамічных цэнтраў. Толькі па самым ускрайку Глушчыны прайшла дарога Масква — Варшава, а вось чыгункі зусім яе абмінулі. Захоўваецца гэта непажаданая асаблівасць геаграфічнага становішча да нашага часу. Відаць, з гэтай прычыны за апошнія два стагоддзі і з’явіўся міф пра Глуск як невялічкі гарадок, заснаваны ў глухамані.

А. ЕМЯЛЬЯНАЎ

Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту

Последние новости

Общество

Глуск: 1396—2026. Не глуш, а цэнтр Палесся

20 апреля 2026
Читать новость
Общество

В Минске встретились ветераны Военно-морского флота из всех регионов Беларуси

20 апреля 2026
Читать новость
Актуально

Победу приближали как могли

18 апреля 2026
Читать новость
Образование

В Глуске управление по труду провело очередную ярмарку вакансий

18 апреля 2026
Читать новость
Общество

Глусчане на республиканском субботнике. Фоторепортаж

18 апреля 2026
Читать новость
Власть

Председатель Глусского райисполкома Алексей Журавлёв на субботнике работал на животноводческом объекте в ОАО «Турино-агро»

18 апреля 2026
Читать новость

Рекомендуем