Темы

І сабе, і людзям. Глускія ратаўнікі адзначылі Дзень пажарнай службы

І сабе, і людзям. Глускія ратаўнікі адзначылі Дзень пажарнай службы

“Пражыць адно жыццё — выратаваць тысячы” — у гэтых некалькіх словах уся сутнасць і ўся важнасць прафесіі ратаўніка. Таму 25 ліпеня, у Дзень пажарнай службы, гучала нямала шчырых пажаданняў і слоў падзякі людзям гэтай сапраўды гераічнай прафесіі, у тым ліку і ў адрас работнікаў Глускага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. І ніякага пафасу ў тым, што іх называлі героямі, няма, бо і ў мірны час пажарным прыходзіцца пераадольваць страх і інстынкт самазахавання. “А ты паспрабуй зрабіць крок у агонь, калі дома жонка і сын” — менавіта аб такіх момантах спяваў са сцэны кінатэатра «Арыён» Дзмітрый Сокал. Ён спяваў, а жонкі, маці, дзеці глускіх ратаўнікоў, што сядзелі ў зале, крадком выціралі слёзы. Бо добра ведаюць, як гэта — чакаць, сустракаць сваіх сужэнцаў, сыноў, бацькоў пасля цяжкай змены, калі яны вяртаюцца дадому стомленыя, запэцканыя сажаю і прапахлыя дымам. Прафесія пажарнага — гэта заўсёды рызыка, бо агонь  не адрознівае, хто перад ім, радавы ці маёр.

А яны ж да ўсяго іншага паспяваюць і прафілактычнай работай займацца, і ў спартыўных спаборніцтвах прызавыя месцы займаць, і грамадскай дзейнасці не тое што не цураюцца, а нават лічаць яе сваім абавязкам. Тое ж 25 ліпеня — пацвярджэнне. У сваё прафесійнае свята ўжо не першы год глускія ратаўнікі ладзяць свята для ўсіх землякоў. Яно адбылося пасля канцэрта (у якім зноў жа поруч з артыстамі раённага Дома культуры выступалі і самі пажарныя, і іх дзеці) на бульвары Грахоўскага. Дзяцей тут сабралася неймаверная колькасць, ды і многія дарослыя зацікавіліся. Дзіва што: можна было ўдосталь палазіць па пажарных машынах, паруліць (канешне, пры заглушаным рухавіку), прымераць ахоўны касцюм ратаўніка, пасядзець у спецыяльнай лодцы, падсілкавацца паходнай кашай і запіць яе чаем. Не абышлося без падарункаў, праўда, іх трэба было зарабіць, прайшоўшы чатыры этапы: адказаць на пытанні па тэме  захавання бяспекі, трапіць дроцікам у паветраны шарык, выбіць цацку з дапамогай спецыяльнай вялікай рагаткі, а таксама, і гэта, пэўне, было самым складаным іспытам, — зайсці ў дымакамеру.

Бачылі б вы, якія там сабраліся з дзяцей чэргі да кожнага з этапаў, параўнальна, як у бабруйскім «Еўраопце» ў суботу. А яшчэ ж быў фестываль фарбаў, дык і ўвогуле ўсё вакол расквецілася ў яркія колеры. Адным словам, зрабілі свята і сабе, і людзям.

Зразумела, і прафесійная, і грамадская дзейнасць глускіх ратаўнікоў у гэты дзень была адзначана на розных узроўнях. Так, усіх прысутных са святам павіншаваў ад імя раённай выканаўчай улады і раённага Савета дэпутатаў яго старшыня Андрэй Баброўнік. Ён уручыў падзячныя лісты Глускага райвыканкама старшым прапаршчыкам унутранай службы камандзірам аддзяленняў пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1 Генадзю Гусараву і Івану Піліповічу.

Сіл, мужнасці і сухіх рукавоў пажадаў сваім калегам і падначаленым Андрэй Камінскі, начальнік Глускага РАНС, і таксама ўручыў узнагароды. Граматай Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь за дасягненне высокіх рэзультатаў у аператыўна-службовай дзейнасці па выніках 1-га паўгоддзя 2017 года і значны ўклад у папярэджанне і ліквідацыю надзвычайных сітуацый адзначаны прапаршчык унутранай службы камандзір аддзялення пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 12 Ігар Шыла. Не забываюцца ратаўнікі і на ветэранаў сваёй службы, і ў гэты дзень прагучалі імёны Уладзіміра Палякова, Ігара Анцюшэні, Вячаслава Кошаня, якія пастановай          Рэспубліканскага савета грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз афіцэраў” узнагароджаны юбілейнымі медалямі “Беларускі саюз афіцэраў: 25 год”.

Шчырыя словы падзякі глускім пажарным, найперш членам пярвічнай моладзевай арганізацыі ўстановы, за дапамогу ў любых пачынаннях раённага камітэта БРСМ сказала ў гэты дзень яго першы сакратар Ганна Царык, пры гэтым падкрэсліла, што іх ніколі не трэба прасіць двойчы, што гэта людзі, словам і абяцанням якіх можна цалкам давярацца. Такую актыўную грамадскую пазіцыю райкам БРСМ адзначыў граматай і падарункам.

Дарэчы, як нам стала вядома, на калегіі Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС, дзе падводзіліся вынікі паўгоддзя, былі таксама названы імёны супрацоўнікаў Глускага РАНС. За ўзорнае выкананне службовых абавязкаў і дасягненне высокіх рэзультатаў нагрудным знакам Міністэрства па надзвычайных сітуацыях  Рэспублікі Беларусь «Выдатнiк» узнагароджаны старшы прапаршчык унутранай службы вадзіцель ПАВП № 13 Сяргей Берднік, а старшына ўнутранай службы Васіль Трыбуш атрымаў чарговае спецыяльнае званне, на ступень вышэйшае, чым прадугледжана займаемай пасадай, — прапаршчык унутранай службы.

Аксана ВАСІЛЕЎСКАЯ

Фота Сяргея РУДЗІНСКАГА

Последние новости

Общество

Наши люди. Тренер по спорту Глусского ФСК Александр Кочергин

17 мая 2025
Читать новость
Власть

С Днем работников физической культуры и спорта! Поздравление от руководства района

17 мая 2025
Читать новость
Актуально

Дефициты каких витаминов и микроэлементов часто встречаются у женщин в возрасте 35+? Отвечает нутрициолог

16 мая 2025
Читать новость
Образование

Министерство образования обновило перечень рабочих профессий для школьников

16 мая 2025
Читать новость
Общество

Что интересного предложит 3—7 июня белорусская агропромышленная неделя

16 мая 2025
Читать новость
Общество

Поздравления принимали работники физической культуры и спорта Глусчины

16 мая 2025
Читать новость

Рекомендуем