Ідзе рамонт басейна
Два гады ў Глуску не працуе басейн: у тым стане, у які прыйшлі сам будынак і камунікацыі, яго эксплуатаваць немагчыма, а на рамонт патрэбны значныя сродкі, якія раён са свайго бюджэту выдаткаваць не мог і не можа. У мінулым годзе глушчане падчас сустрэчы з губернатарам Уладзімірам Даманеўскім звярнуліся да кіраўніка вобласці з просьбай дапамагчы ў рамонце гэтага вельмі патрэбнага гарадскому пасёлку аб’екта. І вось справа зрушылася з месца: перад будынкам, як і належыць, з’явіўся пашпарт будаўнічага аб’екта, а ў самім будынку пачаліся падрыхтоўчыя работы: разбор сцен, падлогі, пліткі. Выконваюць іх будаўнікі мясцовай ПМК-249, паколькі менавіта гэта арганізацыя з’яўляецца генеральным падрадчыкам. Адказвае за гэты ўчастак агульнабудаўнічых работ прараб Уладзімір Дзярбееў. Згодна з пашпартам тут праводзіцца капітальны рамонт з элементамі мадэрнізацыі будынка басейна. Пазначаны таксама і тэрмін заканчэння работ — 2 лістапада 2016 года.
Можна сабе ўявіць, як чакаюць гэтай даты аматары плавання як з ліку дзяцей, так і дарослыя. Будзем спадзявацца, што ўсе работы будуць весціся згодна з планам і завершацца своечасова.
Т. ЛУГАВАЯ