Каб збываліся надзеі


На раённую дабрачынную ёлку, што прайшла 5 студзеня ў актавай зале гімназіі, запрасілі 100 дзяцей — са шматдзетных, апякунскіх і прыёмных сем’яў, дзіцячых дамоў сямейнага тыпу (36 чалавек), а таксама тых, хто добра вучыцца і актыўна ўдзельнічае ў школьным жыцці. На свяце прысутнічалі старшыня Глускага раённага выканаўчага ка-мітэта Уладзімір Царыкаў, яго намеснік па сацыяльнай рабоце Дзмітрый Цімчанка і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Аляксандр Бельскі. Віншуючы малых са святам, Уладзімір Царыкаў пажадаў ім у першую чаргу здароўя, добрых адзнак у школе і каб абавязкова спраўдзіліся іх мары.
Аб тым, каб збываліся надзеі ўсіх людзей на Зямлі, клапоціцца і галоўны чараўнік Новага года Дзед Мароз. Але ж мы разумеем, што не ўсё так проста ў гэтым жыцці, вось і Дзеду Марозу са сваёй унучкай Снягурачкай прыйшлося пераадолець перашкоды, перш чым дабрацца ў гэты дзень да маленькіх глушчан. Злая Баба Яга і яе памочнікі Лешы і Кікімара (дарэчы, самі хацелі прыкінуцца, злодзеі гэтакія, Дзедам Марозам і Снягуркай, толькі малыя ў зале ім зусім не паверылі) зрабілі ўсё, каб навагодні чараўнік не патрапіў на свята, нават на іншую планету яго выслалі…

Але ў дабра таксама знайшліся памочнікі: супергерой Бэтман і яго верны Конь, ну і, канешне, дзеці, што былі на свяце. Бачылі б вы, як яны перажывалі, як ім не сядзелася на месцы, яны проста рваліся ў бой з нячыстай сілай (асабліва адзін хлопчык, у касцюме Пірата). А адна першакласніца ледзьве стрымлівала слёзы, пакуль справа ў герояў не пайшла на лад.
Аксана ВАСІЛЕЎСКАЯ
Фота Сяргея РУДЗІНСКАГА