Канікулы — час зарабляць вопыт і грошы

Найперш трэба сказаць пра студатрад з ліку навучэнцаў Заеліцкага НПК. Гэта адзін з шасці такіх атрадаў, што створаны сяголета ў раёне, і адзін з трох, што маюць сельскагаспадарчы профіль. Працаваць мясцовым хлопцам і дзяўчатам выпала ў трэцюю змену, з 19 ліпеня і амаль да канца месяца (да 30 чысла). У першы дзень работы 13 школьнікаў на чале з Аксанай Віктараўнай Смушковай былі накіраваны на адказную і пры гэтым смачную справу — збор чорных парэчак, што пасадзілі ў гаспадарцы пяць гадоў назад. Фізічна работа не цяжкая, але карпатлівая і нават далікатная: трэба абабраць усе ягадкі з куста, не пацерці іх, не параскідаць (можна жменю-другую і з’есці — ніхто сварыцца не будзе) і набраць вядро — кожнаму, такую норму вызначылі сабе на першы дзень работы. “Прымушаць ці падганяць каго не трэба, — гаворыць Аксана Віктараўна, — дзеці працуюць старанна, разумеюць, што гэта дапамога бацькам. Ёсць такія, хто ўжо трэці год падрад уладкоўваецца і працуе летам у студатрадзе. Просяцца нават меншыя, але мы бяром толькі тых, каму ёсць 14 гадоў”. І праўда, калі мы прыехалі, ніхто работу не кінуў, каб адпачыць, а ў цяністым месцы ўжо стаялі восем вядзёр, напоўненых чорнай ягадай — да адзінаццаці гадзін дзённая норма была выканана больш як напалову.
Ягады пойдуць часткова самім жа дзецям, у школьную сталовую, для падзешаўлення харчавання, часткова ў гаспадарку, для прыгатавання абедаў удзельнікам палявых работ, на кісялі ды кампоты, расказвае намеснік дырэктара аграфірмы “Слаўгарадскі” па ідэалагічнай рабоце Вікторыя Самусева. “Калі дзеці справяцца з ягадамі, дадзім ім іншае заданне, — кажа яна, — зараз пасільнай для падлеткаў работы ў гаспадарцы хапае”.
Фота аўтара