Темы

Майстар справы не баіцца

Майстар справы не баіцца

Абыдзі ўсе дваровыя дзіцячыя пляцоўкі Глуска, і, мабыць, на кожнай будзе хоць адна драўляная фігурка, лавачка або гушкалка, зробленая рукамі майстра-разьбяра па дрэве Леаніда Власіка. У “Жылкамгасе” ён працуе адносна нядаўна — каля двух гадоў, аднак і за такі непрацяглы час паспеў зрабіць нямала так званых малых архітэктурных формаў, якія насамрэч упрыгожылі двары і іншыя грамадскія месцы пасёлка.
Разьба па дрэве — даўняе захапленне Леаніда Власіка, ды настолькі моцнае, што стала яго прафесіяй: у свой час Леанід Леанідавіч скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педінстытута, а яго дыпломнай работай была манументальна-дэкаратыўная скульптура княгіні Вольгі. Потым, атрымаўшы спецыяльнасць настаўніка чарчэння, малявання і працы, Леанід Власік працаваў у школе — яго драўляныя вырабы доўгія гады рабілі Усцярхоўскую школу адметнай сярод іншых сельскіх устаноў, шмат што там засталося і зараз. Была яшчэ работа ў гуртку Цэнтра пазашкольнай работы — і ўсё з дзецьмі, вучыў іх адчуваць дрэва, умець працаваць з ім, бачыць і ствараць сваімі рукамі прыгожае.
— Як жа вы не пабаяліся так рэзка змяніць накірунак дзейнасці? — цікавімся ў майстра.
— А я ўвогуле лёгкі на пад’ём чалавек. Ды не так ужо і рэзка змянілася мая дзейнасць: я і раней працаваў з дрэвам, толькі пры гэтым яшчэ вучыў іншых. Цяпер сам зрабіўся выключна практыкам. Тым больш што ў школе гэта спецыяльнасць паступова страчвае свае пазіцыі: мала хто цікавіцца чарчэннем, мала хто хоча працаваць рукамі. А тут я, па-першае, займаюся тым, што мне падабаецца, а па-другое, тое, што раблю, вельмі запатрабавана. Таму я не шкадую, што пагадзіўся на прапанову дырэктара “Жылкамгаса” Генадзя Шуміна і нейкім чынам памяняў поле дзейнасці. Працую, зразумела, па заказах — там лаўка патрэбна, там арэлі, там іншая драўляная форма, але далей — ужо толькі мая фантазія, толькі маё майстэрства, маё бачанне фігуры або цэлай кампазіцыі.
І насамрэч, вось зараз (дарэчы, пасля публікацыі ў раённай газеце) “Жылкамгас” дапаўняе рознымі формамі адну з дзіцячых пляцовак па вуліцы Кірава. Сказана — зроблена, дакладней, ужо амаль зроблена вялікая лаўка з сядзеннямі з двух бакоў, а на спінцы надпіс: “Калі ўся сямейка ўмесце, дык і душа на месцы”. Чым не месца для сямейнага адпачынку?! Паралельна з гэтым Леанід Власік вырэзвае фігуры для драўлянай кампазіцыі “Глушчына турыстычная”, што размясцілася на рагу вуліц Кірава і Гагарына (насупраць запраўкі). Там паступова з’явіцца ўсё, што ёсць у глускіх лясах, што падкрэслівае адметнасць і прыгажосць нашага краю — і рыба, і звяры, і птушкі, іншыя лясныя багацці.


Не шкадуюць, што запрасілі такога спецыяліста, і ў “Жылкамгасе”, што абсталявалі для яго майстэрню на вытворчай тэрыторыі № 2, бо ён не проста работнік з рэдкай для прадпрыемства спецыяльнасцю і выключнымі здольнасцямі, а чалавек са сваёй творчай пазіцыяй. І ўсё гэта прыйшлося вельмі дарэчы, калі ўпраўленне жыллёва-камунальнай гаспадаркі Магілёўскага аблвыканкама і абкам галіновага прафсаюза аб’явілі конкурс прафесійнага майстэрства “Магілёўскі майстар-2013”. Праводзіўся гэты конкурс сярод работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі вобласці і быў прысвечаны прысваенню гораду Магілёву статуса культурнай сталіцы СНД. Дык вось, сумесная работа майстра па ўтрыманні зялёных насаджэнняў Алы Галамакі і разьбяра Леаніда Власіка з Глускага УКП “Жылкамгас” прызнана пераможцай у намінацыі “Малыя архітэктурныя формы”, сам жа Леанід таксама стаў лаўрэатам конкурсу “Магілёўскі майстар-2013”, атрымаўшы дыплом як рабочы зялёнага будаўніцтва. Цяпер іх драўляная архітэктурная форма з кветкамі ўпрыгожвае адну з вуліц абласнога цэнтра. Але вернемся ў майстэрню “Жылкамгаса”, дзе разьбяр завяршае гушкалку-балансір.
— Колькі вы ўжо зрабілі такіх гушкалак? — пытаемся ў яго.
— Не ведаю, не лічыў дакладна, але ўжо парадкам: на адну пляцоўку зробіш — на другой паламаецца, зноў рабіць трэба.
— А не шкада вам працы сваіх рук, што дзеці ламаюць вашы вырабы?
— Не, не шкада. Дзеці ж і дома цацкі ламаюць, дык дома яно адно гуляе, а ў двары на пляцоўцы іх колькі. Ды і ламаюць часцей за ўсё не спецыяльна — у іх гэта неяк “само” выходзіць. Дзеці ёсць дзеці. Крыўдна, калі дарослыя псуюць альтанкі, лавачкі, фігуры, тут ужо не “само”, тут наша дурасць, прабачце мне. Але я ўсё ж рабіць буду — не дзеля тых, хто ламае, а каб парадаваць тых, хто любіць свой горад і хоча бачыць яго прыгожым. Як і я.
Таццяна ЛУКАШЭВІЧ
Фота Сяргея РУДЗІНСКАГА

Последние новости

Общество

Несколько инвестиционных проектов запланировано реализовать на территории Глусского района в ближайшее время

24 мая 2026
Читать новость
Общество

Пра што пісала “Радзіма” 30 год назад

24 мая 2026
Читать новость
Общество

От патефона до магнитофона. Коллекция аудиоаппаратуры глусчанина Альберта Волкова выставлена в районном историко-краеведческом музее

23 мая 2026
Читать новость
Общество

Глуск: 1396—2026. “Перуновы стрэлы” і шэдэўры сярэднявечных рамеснікаў

23 мая 2026
Читать новость
Общество

Девятиклассник гимназии Глуска Егор Лось принял участие в областном этапе республиканского юниорского лесного конкурса «Квiтней, мой лес»

23 мая 2026
Читать новость
Общество

В Могилёве завершился областной слет юных спасателей пожарных

22 мая 2026
Читать новость

Рекомендуем