На канікулы з новымі мячамі

Вось ужо другі год запар па ўсёй краіне праводзіцца акцыя “Падары дзіцяці футбольны мяч!”. У нашым раёне ў мінулым го-дзе яе ўдзельнікамі і шчаслівымі ўладальнікамі мячоў сталі першакласнікі ўсіх сельскіх школ, сяголета геаграфія яе правядзення значна пашырана: на лінейках апошняга званка футбольныя мячы былі падораны яшчэ і першакласнікам гарпасялковых школ. І насамрэч, футбол з’яўляецца ці не самым масавым відам спорту на планеце, вось чаму гэту маштабную акцыю, ініцыятарам якой з’яўляецца Асацыяцыя “Беларуская федэрацыя футбола”, актыўна падтрымалі Міністэрства адукацыі і ААТ “Белаграпрамбанк”.
Усяго 30 мая для далейшай папулярызацыі футбола сярод маленькіх беларусаў спартыўныя падарункі ў Глуску і раёне атрымалі 146 хлопчыкаў і дзяўчынак, якія ў гэтым годзе скончылі свой першы год навучання ў школе. Самы вялікі атрад першакласнікаў — у гімназіі Глуска, 42 вучні, віншуючы іх з першымі летнімі канікуламі, кіраўнік аддзялення ААТ “Белаграпрамбанк” у Глуску Юрый Глаз пажадаў, каб гэтыя футбольныя мячы сталі для іх на ўсё лета вернымі сябрамі і спадарожнікамі па цудоўнай краіне спорту, здароўя і сілы.
Цяжка пераацаніць сацыяльную значнасць і актуальнасць гэтай ініцыятывы, таму застаецца спадзявацца, што акцыя “Падары дзіцяці футбольны мяч!” прадоўжыцца і далей, каб садзейнічаць прапагандзе футбола і папулярызацыі ў нашага падрастаючага пакалення здаровага ладу жыцця, далучаць дзясяткі тысяч маленькіх беларусаў да заняткаў фізічнай культурай і спортам.
Т. ЛУГАВАЯ
Фота С. РУДЗІНСКАГА