Тут сапраўдны заасад

У Жанны Хрысцічэнкі, гаспадыні аднаго з дамоў па вуліцы Сацыялістычнай, прахожыя часам пытаюцца дазволу сфатаграфавацца каля двара. Бо, сапраўды, тут чаго толькі няма: сава з вялізнымі бліскучымі вачыма, два прыгажуны лебедзі, чорны і белы, магчыма, лебядзіны кароль і яго каралева, ёсць вясёлая кабета з каромыслам, яркая жырафа, а побач пяшчотнае дрэўца сакуры. Гаспадыня дома смяецца, што вырасціла “сакуру па-глуску”. Многа цікавага можна пабачыць і ў двары. Гаршкі-парсючкі для садовых раслін, паласаты вальяжны кот, сабачая будка і тая размалявана прыгожымі кветкамі. Уразіла невялікая царква, якая зроблена — трэба ж такое прыдумаць! — са спісаных трактарных фільтраў і пафарбаваных у залаты колер чыгункоў .
Усе вырабы зроблены сваімі рукамі з таго, што іншыя лічаць смеццем і выкідваюць з хаты. Жанна Хрысцічэнка такое “смецце” збірае ў закутку на двары, там з яго нараджаюцца цікавыя рэчы. Асноўны матэрыял — пластыкавыя бутэлькі, з іх і кветкі японскага дрэва, і тая ж сава, і ландышы каля дома, і шмат іншага. У ход ідуць сапсаваныя дыскі, бутэлечкі з-пад лекаў, стары абутак, аўтамабільныя колы і шмат іншага. “Сыравіну” збірае ўся радня, а муж дапамагае справіцца з нежаночай часткай работы, напрыклад, калі трэба нешта апрацаваць бензапілой.
Ці не баяцца гаспадары пакідаць такую прыгажосць на вуліцы? Здаралася ўсякае, бывала, што і кветкі выкопвалі ці ламалі, і накідаюць абы-чаго, бо так жа ў нас прынята: ісці па вуліцы есці-піць ды сабе пад ногі кідаць. Гаспадыня не крыўдзіцца: “Канешне, я разумела, што могуць і зламаць, і дадому нешта забраць, як гэта было з лілеямі і дэкаратыўнымі кустамі, але калі я нешта раблю цікавае, то адпачываю душою. Бывае, дрэнны настрой, тады пачну прыдумляць новыя вырабы, завіхацца каля двара — і адразу лягчэй становіцца. Няхай нехта штосьці зломіць, але большасць — палюбуецца, а мне прыемна, што людзі радуюцца”.
А. ВАСІЛЕЎСКАЯ
Фота С. РУДЗІНСКАГА