У першую пятніцу красавіка згадаем верш беларускага класіка Янкі Купалы “Явар і каліна”

У першую пятніцу красавіка згадаем верш беларускага класіка Янкі Купалы “Явар і каліна”. Верш гэты вядомы яшчэ і як песня, найперш у выкананні славутых “Песняроў”.
Верш быў напісаны Купалам у 1910 годзе, а пазней кампазітар Юрый Семяняка напісаў музыку, і ў 1978 годзе песня “Явар і каліна” выйшла ў трэцім альбоме ансамбля “Песняры”, у тым жа, дзе прагучалі “Белоруссия”, “Беловежская пуща” і іншыя песні, што сталі пасля хітамі.
Чытачу, магчыма, не ўсе словы будуць зразумелыя, дык растлумачым: явар — гэта белы клён; модлы — малітвы. Услухайцеся ў кожны радок, у “дзіўную музыку” гэтага верша — абавязкова адчуеце, як абуджаецца да жыцця прырода, як нараджаецца першае нясмелае пачуццё закаханых… А ўвогуле, кожны адчуе і пачуе нешта сваё, патаемнае.
Ілюстрацыяй да паэтычных радкоў выбралі карціну глускага мастака Івана Булгакава “Вясна ў лесе” (1982 год).
Явар і каліна
Песняй вясны лебядзінаю,
Скінуўшы зімнія чары,
Шэпчуцца явар з калінаю
Ў сумнай даліне над ярам.
Лісцікі зеленяй хваляцца
Небу панятлівай мовай:
Росамі мыюцца раніцай,
Песцяцца сонцам паўднёвым.
Захадам модлы пакорныя
З маткай-зямлёй адпраўляюць;
Тайна у ночаньку чорную
Месяца, зор выглядаюць.
Слухаюць смехаў русалчыных,
Лопату крылляў начніцы,
Ветру павеваў ап’янчаных,
Плюскату шклістай крыніцы.
Чуецца музыка дзіўная
Ў повесцях сонных імшараў…
Цешыцца явар з калінаю,
Скінуўшы зімнія чары.