Темы

Глуск: 1396—2026. “Перуновы стрэлы” і шэдэўры сярэднявечных рамеснікаў

Глуск: 1396—2026. “Перуновы стрэлы” і шэдэўры сярэднявечных рамеснікаў

Жыхары сярэдневяковых гарадоў займаліся хатняй гаспадаркай, трымалі агароды, свойскую жывёлу і птушак. Але галоўная адметнасць горада праяўлялася ў тым, што большасць мяшчан зараблялі на жыццё рамяством, гандлем і аказаннем паслуг. Інвентары Глуска-Пагарэлага і Глуска-Дубровіцкага ўпамінаюць пра замкавых майстроў, якія забяспечвалі патрэбы замка і фальварка.
А рамеснікі, што жылі на пасадзе (гандлёва-рамесная частка горада за крапасной сцяной), працавалі на сябе, прадаючы свае вырабы на рынку. Узнікла сярэдневяковае рамяство з саматужных промыслаў, якія ў Глускай воласці яшчэ са старажытнасці мелі свае асаблівасці і адметнасці. Перш за ўсё гэта датычыцца ганчарства, металургіі, кавальскай і ювелірнай справы, шавецтва і ткацтва.

Да з’яўлення металаў прылады працы выраблялі з дрэва, гліны, каменю, косці ці рогу. Вырабы з косці на тэрыторыі раёна знойдзены, але пераважна ў зламаным ці перапаленым выглядзе, што не дае магчымасці дакладна вызначыць іх прызначэнне. Найбольш адметны падобныя да гарпуноў касцяныя прылады з пахавання бронзавага веку ва ўрочышчы Горкі каля Барысаўшчыны. Сярод выпадкова знойдзеных прылад вядома матыка з ласінага рога, зробленая ў канцы IV тысячагоддзя да нашай эры.

Артэфакты бронзавага веку
Вырабы з каменю прадстаўлены рубіламі, скрэбламі, наканечнікамі для стрэл, нажамі, сякерамі і матыкай. Дастаткова распаўсюджаны крамянёвыя нуклеусы (вялікія прыдатныя для расколвання кавалкі) і збітыя з іх адшчэпкі, з якіх рабілі рэжучыя і колючыя часткі прылад працы. Сякеры вырабляліся з больш трывалых горных парод — пясчаніку, дыярыту, сланцу, базальту, граніту. У неаліце і бронзавым веку камень навучыліся пілаваць і шліфаваць, а потым — свідраваць адтуліны. У сярэднявеччы камень таксама выкарыстоўвалі: з валуноў высякалі жорны, з пясчаніку і сланцаў — тачылы, з мяккіх горных парод рабілі крыжыкі і абразкі.
Яшчэ год сто назад многія сяляне захоўвалі знойдзеныя ў полі каменныя сякеры і наканечнікі коп’яў. Называлі іх “Перуновы стрэлы”. У славянскай міфалогіі Пярун — бог нябеснага агню, бог грому і маланак. Лічылася, што “Перуновы стрэлы” траплялі ў зямлю пасля ўдару маланкі, а праз сем ці дванаццаць гадоў выходзілі на паверхню. Нашы продкі верылі, што такія сякеры валодаюць магічнай сілай: вылечваюць ад хвароб і зберагаюць ад зладзеяў і нячыстай сілы. Свідраваныя сякеры (“вока бога”), акрамя народнай медыцыны, выкарыстоўваліся яшчэ для аховы жывёлы і хатняй птушкі ад хвароб, кікімар і іншых нячысцікаў. Нягледзячы на тое, што царква называла іх багамерзкімі і пагражала праклёнам тым, хто імі валодае ці лечыцца, мала хто па добрай волі адмаўляўся ад чароўных сякер нават за грошы.
Цэлыя калекцыі выпадкова знойдзеных сякер, што маюцца ў розных глускіх музеях, сабраны дзякуючы мясцовым жыхарам. Апошні раз давялося патрымаць у руках “Перунову стралу” год дзесяць назад. Жыхарка Старога Сяла адкапала на бульбяным полі незвычайны камень і папрасіла вызначыць, ці старажытная гэта рэч. Сякера-клін з чырвонага граніту мела правільную форму і шліфаваную паверхню. Несумненна, гэта быў артэфакт бронзавага веку, катораму тры тысячы ці больш гадоў. Уладальнікі падобных рарытэтаў вельмі часта хутка страчваюць да іх усякі інтарэс, а потым знаходкі губляюцца ці іх проста выкідваюць. Людзі пазней і самі шкадуюць (“трэба было вам тады аддаць”), але нічога ўжо нельга выправіць. Таму лепш адразу перадаваць знойдзеныя старажытнасці ў раённы гісторыка-краязнаўчы музей, тым больш што па законе ўсе археалагічныя артэфакты зараз належаць дзяржаве: іх нельга купляць, прадаваць, абменьваць ці дарыць.

З мясцовай гліны
Вырабы з гліны і іх фрагменты — самая шматлікая катэгорыя знаходак. Помнікі археалогіі ў Глускім раёне часта знаходзілі менавіта па вялікай колькасці керамікі, якая выкідвалася на паверхню пасля ўзворвання поля, вымывалася вадой ці выдзьмухвалася ветрам.
Ва ўрочышчы Горкі каля Барысаўшчыны знойдзены рэшткі неалітычнага гаршка з завостраным дном і арыгінальнага пласкадоннага шматвалікавага сасуда эпохі бронзы. Сярод знаходак у вёсцы Сіманавічы маюцца фрагменты посуду жалезнага веку і часоў Старажытнай Русі: розных памераў гаршкі, гліняная патэльня, сасуды з ручкамі (гаршкі ці кубкі). Вядомы спецыяліст па старажытнай кераміцы Н. М. Дубіцкая вызначыла, што зроблены яны з мясцовых чырвоных і шэрых глін, што маюцца ў наваколлі селішча.
Спачатку гліняныя вырабы ляпіліся ўручную гаспадарамі для сваіх патрэб, а з X стагоддзя са з’яўленнем ганчарнага круга вылучыліся і майстры-ганчары. Кожны меў свае сакрэты замесу гліны, фармавання посуду, абпальвання і мастацкай апрацоўкі вырабаў. Агульнай жа адметнасцю глускіх ганчароў было дабаўленне ў гліну вялікай колькасці жарствы (дробныя каменьчыкі) цвёрдых крышталічных парод, пяску, сечанай саломы ці пілавіння, тоўчаных панцыраў рачных малюскаў. Без гэтага тлустая гліна не будзе трымаць форму і не абпаліцца як след. На донцах гаршкоў сустракаюцца клеймы 13 розных майстроў у выглядзе крыжа, крыжа ў коле, крыжа ў квадраце.
Яшчэ адным цэнтрам ганчарства была вёска Гарадок, якая славілася сваім посудам на рынках Бабруйска. Апошнія ганчары тут працавалі не так ужо і даўно: каля ста год назад.
Калі для вырабу і аздаблення печаў у драўляным замку Глуска-Дубровіцкага выкарыстоўваліся прывазныя цэгла і кафля, то ў новым замку печы былі зроблены ўжо глускімі майстрамі з мясцовых матэрыялаў. Цэгла вызначалася добрай якасцю, выраблялі яе некалькі майстроў. Пра гэта сведчаць характэрнае выскрабанне дна і сценак формаў для гліны, розныя спосабы нанясення барознаў. Інвентар 1713 года ўскладаў на мяшчан павіннасць кожную восень нарыхтоўваць гліну на цэглу.
Кафля выраблялася як звычайная непаліваная, так і пакрытая слоем каляровай палівы. Глуская кафля з гербам “Ястрабец” князёў Палубінскіх з’яўляецца выдатным творам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Эскізы матрыц для кафляных пласцін для адціскання рэльефаў зроблены вядомым мастаком-гравёрам Аляксандрам Тарасевічам.

Цэнтр старажытнай металургіі
Жалезны век пачаўся на Глушчыне на некалькі стагоддзяў раней, чым у большасці мясцін Беларусі. Паўднёва-ўсходні ўскраек рэспублікі ў VII стагоддзі да нашай эры засялілі плямёны мілаградскай культуры. Яны ўжо карысталіся жалезнымі прыладамі, ведалі тэхналогію атрымання жалеза і пачалі выплаўляць яго з мясцовай сыравіны.
Пласты жалезных руд маюцца ў Глускім раёне паўсюдна, нават некаторыя геаграфічныя назвы звязаны з рудой і металургіяй: вёска Рудня, рака Зарудзеча. Унушальных памераў яма для выпальвання драўнянага вугалю вынайдзена В. Ф. Капыціным паміж вёскамі Бабірова і Горнае. Пасля выплаўлення ў спецыяльных печах-домніцах сумесі руды і драўнянага вугалю атрымоўвалі крыцу — нізкаякасны, але прыдатны для далейшай кавальскай апрацоўкі кавалак жалеза.
На гарадзішчы мілаградцаў у Халопенічах знойдзены два жалезныя вырабы: наканечнік кап’я і нож для жніва. У Сіманавічах, ва ўрочышчы Цямшава Поле, на селішчы кіеўскай культуры адкапалі тры фрагменты нажоў з прамымі спінкамі, рыбалоўны кручок, два язычкі ад спражак, абломак зубіла і шыла.
А селішча ў Жалвінцы беларускія археолагі ўключылі ў спіс цэнтраў старажытнай металургіі Беларусі. Тут знойдзены жалезныя вырабы і ў вялікай колькасці металургічныя шлакі і крыцы. Пры гэтым не знойдзена аніводнай металургічнай печы. Але ж печы маглі застацца толькі пры няўдалых выплаўках з-за іх дрэннай канструкцыі, няправільнай закладкі руды і вугалю ці няўмелага выпальвання. Наадварот, пры паспяховай выплаўцы печ разбуралася, а вуголле разграбалася, каб знайсці і павыцягваць крыцы. Адсутнасць патухлых печаў і наяўнасць шматлікіх крыц — паказчык высокай якасці працы жалвінецкіх металургаў.
Са старажытных часоў вядома ў Глускай воласці апрацоўка каляровых металаў. Сярод знаходак, зробленых у час раскопак на Халопеніцкім гарадзішчы, маюцца два вырабы з бронзы: падвеска і вельмі арыгінальны бранзалет. Зроблены ён мясцовым майстрам, бо сярод старажытнасцей ранняга жалезнага веку Беларусі і сумежных тэрыторый падобныя бранзалеты невядомы.
У Сіманавічах знойдзены два абломкі гліняных тыгляў-чарачак і адзін фрагмент льячкі. У тыглях плавілі бронзу, а з дапамогай льячкі расплаў разлівалі ў формы. Сярод знаходак таксама маецца колца, зробленае з бронзавага круглага ў сячэнні дроту.
У пісьмовых крыніцах Сярэднявечча сярод глускіх мяшчан згадваюцца майстры, спецыяльнасці каторых звязаны з металаапрацоўкай: руднікі, літнікі, кавалі, слесары, катляры (займаліся вырабам меднага посуду), канвісары (выраблялі посуд і іншыя рэчы з каляровых металаў) і злотнікі (замкавыя майстры Ян і Севярын Тарасевічы).
Злотнікі займаліся апрацоўкай каляровых металаў і вырабам упрыгожванняў. Але не гэта цікавіла расійскіх ваявод, калі яны вывозілі ў палон прадстаўнікоў гэтай прафесіі ў час ваенных дзеянняў. Толькі беларускія злотнікі былі здольныя зрабіць дробныя дэталі для вырабу ці рамонту агнястрэльнай зброі. Маглі апынуцца ў Маскве і глускія майстры пасля захопу і спальвання горада казакамі Залатарэнкі ў 1655 годзе. А яшчэ прадстаўнікі менавіта гэтай прафесіі часта рабіліся мастакамі-гравёрамі. Па адной з версій, да глускіх злотнікаў належаў і будучы выдатны майстар гравюры на медзі Аляксандр Тарасевіч.

Шавецкая справа
У выніку археалагічных раскопак Глускага замка знойдзены фрагменты скураных вырабаў: абрэзкі скуры і дэталі абутку (кавалкі падэшваў, бакавіны чаравікаў, язычок, шнуркі). Інвентар 1713 года пералічвае дзевяць шаўцоў, два з каторых (Фёдар Саўчык і Сцяпан Кляпец) працавалі ў замку. Здаўна і паўсюдна было пашырана ў воласці прадзенне і ткацтва. Гліняныя прасліцы (інакш называлі праселка, прасельца) — грузікі з адтулінай, што надзяваліся на верацяно — пасля посуду самая распаўсюджаная катэгорыя археалагічных знаходак. Тэхналогія вырабу прасліц і іх мастацкае аздабленне мелі свае асаблівасці, што дазваляе вызначыць іх прыналежнасць да той ці іншай гісторыка-культурнай супольнасці старажытнага насельніцтва. Перад вялікімі святамі, асабліва на Каляды, верацяно і прасліца выносілі з хаты на двор, каб засцерагчы хатнюю жывёлу ад хвароб, а людзей — ад сустрэчы са змеямі.
А. ЕМЯЛЬЯНАЎ
фота аўтара

Последние новости

Общество

Глуск: 1396—2026. “Перуновы стрэлы” і шэдэўры сярэднявечных рамеснікаў

23 мая 2026
Читать новость
Общество

Девятиклассник гимназии Глуска Егор Лось принял участие в областном этапе республиканского юниорского лесного конкурса «Квiтней, мой лес»

23 мая 2026
Читать новость
Общество

В Могилёве завершился областной слет юных спасателей пожарных

22 мая 2026
Читать новость
АПК

В Беларуси засеяно 97% площадей яровых культур

22 мая 2026
Читать новость
Будь в курсе

Глусский РОВД. Не верьте «письмам счастья»

22 мая 2026
Читать новость
Общество

В Музее Славы Могилевщины сегодня чествуют работников печатных и электронных СМИ, региональной типографии.

22 мая 2026
Читать новость

Рекомендуем