Кожная пятніца — роднае, сваё! У першую пятніцу месяца расказваем пра таленавітага сатырыка Кандрата Крапіву

У першую пятніцу месяца прачытаем верш беларускага пісьменніка, драматурга, паэта і байкапісца Кандрата Крапівы. Кандрат Кандратавіч Атраховіч (гэта сапраўднае прозвішча пісьменніка) у гэтым годзе юбіляр: 5 сакавіка споўнілася 130 год з дня яго нараджэння. Згадаем некалькі фактаў з біяграфіі таленавітага сатырыка.

Кандрат Крапіва нарадзіўся ў 1896 годзе ва Уздзенскім раёне. Пачатковую адукацыю атрымаў у царкоўна-прыходскай школе. У 1913 годзе экстэрнам здаў экзамен на званне настаўніка, але Першая сусветная вайна перапыніла настаўніцкую дзейнасць. Служыў на Заходнім і Румынскіх франтах, перахварэў на брушны тыф, а ў канцы вайны атрымаў чын паручніка (армія была яшчэ царская). Пасля рэвалюцыі, зімой 1918 года, быў дэмабілізаваны.
Адна за адной грымелі войны, рэвалюцыі — і кожная пакінула след у лёсе будучага класіка. У верасні 1939 года Крапіва ўдзельнічаў у паходзе ў Заходнюю Беларусь, затым — у вайне з Фінляндыяй. На Вялікую Айчынную вайну трапіў з першага ж яе дня — у рэдакцыю газеты “Чырвонаармейская праўда”, потым — газеты “За Савецкую Беларусь”. З 1943 года рэдагаваў сатырычную газету-плакат “Раздавім фашысцкую гадзіну”.
У літаратуру Кандрат Крапіва прыйшоў бліжэй да 1920-х гадоў, пачынаў як лірык, нават лічыў сатыру нечым несур’ёзным. Але з гадамі адкрыўся талент “пякучкі-крапівы”. Гумар сатырыка, тонкі, трапны і інтэлігентны, імгненна станавіўся папулярным, ледзь з’явіўшыся на паперы. У 1956 годзе Кандрату Крапіве было прысвоена званне народнага пісьменніка БССР.
Памёр народны пісьменнік у 1991-м. Лёсам яму былі адмераны доўгія 95 гадоў, наканавана было перажыць жонку, чацвярых дзяцей і амаль усе войны ХХ стагоддзя. (Дарэчы, адзін з яго сыноў, Барыс, загінуў у канцы 1942 года пры абароне Сталінграда.)
Верш “Ворану вышай арла не лятаць” быў напісаны ў 1939 годзе, перад Вялікай Айчыннай вайной, аднак у нашы дні яго радкі гучаць не менш актуальна.
На нас узнімаюцца рыцары ночы,
Іх сочаць у цьме нашы зоркія вочы:
Хай точыць ім сэрца зялёная злосць —
Па смерць сюды прыйдзе няпрошаны госць.
Як ворану вышай арла не лятаць,
Так ворагу нашай зямлі не таптаць.
Ёсць што бараніць нам і чым бараніцца,
Скала непрыступная наша граніца,
I пораху хопіць у нас, і свінца,
Каб ворагаў знішчыць усіх да канца.
Як ворану вышай арла не лятаць,
Так ворагу нашай зямлі не таптаць.
Мы сілы падвоім, мы храбрасць патроім,
Мы ворагаў іх жа крывёю напоім,
Як ворану вышай арла не лятаць,
Так ворагу нашай зямлі не таптаць.