Темы

Сямнаццаць гадоў, як сямнаццаць імгненняў, або Маналог на зададзеную тэму

Сямнаццаць гадоў, як сямнаццаць імгненняў, або Маналог на зададзеную тэму

Сямнаццаць гадоў, на працягу якіх ён узначальваў аддзел культуры Глускага райвыканкама, праляцелі хутка, як тыя сямнаццаць імгненняў, але здолелі ўмясціць у сябе многае — і з таго, што мы маем і чым карыстаемся сёння, і з таго, што, выканаўшы сваю ролю на пэўным этапе, адышло ў нябыт. З Уладзімірам Аляксандравічам Шулякоўскім мы сустрэліся напярэдадні Дня работнікаў культуры і папрасілі яго згадаць час работы ў  гэтай сферы, чым вызначалася, як развівалася і выходзіла на новыя рэйкі культурна-асветніцкая работа ў Глускім раёне з 1990-х па 2000-я гады. Атрымаўся цікавы і грунтоўны  маналог на зададзеную тэму.

— Загадчыкам аддзела культуры райвыканкама я прыйшоў працаваць у 1995 годзе, — пачаў гаворку Уладзімір Шулякоўскі. — У той час у Глускім раёне было 26 клубных устаноў, 14 бібліятэк, 16 кінаўстановак і дзіцячая музычная школа. Ледзь не палова сельскіх клубаў, дакладней, 11 будынкаў, не ацяплялася, яны, як правіла, былі падключаны да калгасных качагарак, у 1990-я гады калгасам самім было цяжка выжываць, таму клубы яны паадключалі ад цяпла, у выніку сістэмы там паразмарожваліся. Таму адну са сваіх першых задач я бачыў у тым, каб наладзіць нармальную жыццядзейнасць устаноў, і пры падтрымцы раённага выканаўчага камітэта за два гады мы далі цяпло амаль ва ўсе клубы (за выключэннем Макавіцкага). Цяпер можна было ўжо і работу патрабаваць ад загадчыкаў. Але тут была іншая праблема. Калі ў бібліятэках сітуацыя з прафесійнай падрыхтоўкай кадраў была дарма, то ў клубах спецыяльную культасветніцкую адукацыю мелі толькі 36 працэнтаў работнікаў. Спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй у сферы культуры можна было на пальцах палічыць. Маральна і матэрыяльна састарэлым было абсталяванне ў клубах, там працавалі з бабіннымі магнітафонамі, а дзе і з прайгравальнікамі. Словам, патрэбна было і працаваць, і выжываць адначасова. Таму я вельмі ўдзячны Таісіі Кандрацьевай, Надзеі Бычкоўскай, Ірыне Янушэўскай, якія тады ўзначальвалі ключавыя напрамкі культурнай работы, за тое, што зразумелі задачу, якая стаяла перад усімі намі, і разам пачалі яе вырашаць.

Тут зазначу, што мы, мабыць, першыя ў нашай вобласці пачалі практыкаваць і ўводзіць платныя культурныя паслугі — не толькі кіно і танцы, як раней, але і іншыя, і сталі паціху зарабляць свае грошы. У кінатэатры быў кафетэрый, нейкі час яго памяшканне мы здавалі ў арэнду, потым самі наладзілі там гандаль:  прадавалі марожанае. У адным з памяшканняў РДК адкрылі мастацкі салон, куды мясцовыя мастакі прыносілі свае работы, арганізоўваліся выставы, людзі прыходзілі паглядзець карціны, а потым і купляць іх сталі. Думаю, менавіта тады і пайшла ў нас мода дарыць карціны з відамі Глуска. А яшчэ мы ў РДК прадавалі тканіну, трыкацін, яго і людзі добра бралі, і нашы клубныя ўстановы змаглі “пераапрануць” свае сцэны — няхай і не такая прыгажосць, як зараз, але ўсё ж нейкае абнаўленне было. Адкрылі мы пры раённым Доме культуры і сваю майстэрню, там абнаўлялі старыя, шылі новыя касцюмы для дарослых калектываў і дзяцей, бо рабіць гэта самім было дзешавей, чым заказваць у некага. Так мы сталі зарабляць свае грошы і паціху, паступова абнаўляць матэрыяльную базу культурных устаноў.

Усе гэтыя камерцыйна-гаспадарчыя намаганні ішлі непарыўна і разам з актыўнай культурнай работай. На той час адзіным творчым калектывам са званнем народнага быў ансамбль “Крынічанька” пры раённым Доме культуры. Потым такое званне заслужыў і хор Завалочыцкага СДК. Памятаю, калі першы раз прыехаў і пабачыў яго рэпетыцыю, я быў літаральна ашаломлены: столькі ўдзельнікаў, і мужчыны, і жанчыны, старэйшыя, маладзейшыя, атмасфера шчырая, душэўная, і гэта не дзіўна, бо туды прыходзілі цэлымі сем’ямі. І спявалі яны выдатна, спевы бралі за душу. За наш завалочыцкі хор я дзякую найперш Таццяне Дубашынскай ну і ўсім яго тагачасным удзельнікам.

У Хваставіцкі клуб прыйшла працаваць Раіса Сокал, стварыла там фальклорны ансамбль “Спадчына”, яго ўдзельніцы вельмі добра ведалі народную культуру, звычаі, абрады і сталі ўводзіць іх у свой рэпертуар. З адной са сваіх праграм яны нават ездзілі па запрашэнні ў падмаскоўны Чэхаў. Тут трэба сказаць дзякуй раённаму выканаўчаму камітэту, які прафінансаваў гэтую паездку, уражанняў ад яе ў калектыву было вельмі шмат. Ансамбль “Спадчына” таксама стаў народным, пазней такое званне атрымалі “Зносіны”, гэта аматарскае аб’яднанне стварылася спачатку пры бібліятэцы, а потым і пры РДК.

Памятаецца мне, як на адзін з выніковых раённых сходаў запрасілі артыстаў са Старых Дарог, іх выступленне, асабліва танцы, так усім спадабалася, так усе былі прыемна ўражаны, што мы вырашылі заснаваць свой дзіцячы харэаграфічны калектыў. У музычнай школе адкрылася харэаграфічнае аддзяленне, там працавалі Сняжана Каржнёва і Людміла Дробава, узнік дзіцячы харэаграфічны ансамбль “Вясёлка”, з’явіўся клас па харэаграфіі — філіял школы мастацтваў у Заеліцы, потым у Катцы і Завалочыцах. Паступова “Вясёлка” станавілася неад’емнай часткай усіх раённых святаў і канцэртаў, а потым атрымала званне ўзорнага калектыву (тады дырэктарам школы мастацтваў была Таццяна Баглай і ўсяляк падтрымлівала яго). Гэта цяпер харэаграфічнае аддзяленне, мабыць, самае вялікае ў школе мастацтваў, а на пачатку яго стварэння набіралі па 15—20 чалавек…

Важным і прыкметным накірункам у рабоце аддзела культуры стала развіццё народных рамёстваў. Народныя ўмельцы жылі ў асноўным па вёсках, і першапачаткова ахвотных вучыцца мы вазілі да іх. Потым вырашылі стварыць сваю школу рамёстваў. Для гэтага выбралі Заеліцу — там і дзяцей было шмат, і памяшканне патрэбнае мелася, майстрам па лозапляценні стаў працаваць Аляксей Меснік, праз нейкі час адкрыўся яшчэ адзін напрамак — па рабоце з бяростай і саломкай, навучанне вяла Соф’я Меснік (на жаль, не памятаю яе дзявочага прозвішча). Разам з гэтым мы сталі па вёсках шукаць і купляць прылады для ткацтва, набылі сапраўдны дзеючы станок, запрасілі майстрыху з Горнага Зінаіду Іванаўну, каб навучыла на ім працаваць. Ахвоту вучыцца выказала Наталля Грашчанка і дабілася поспеху ў навучанні — таму што аднеслася да гэтага вельмі добрасумленна, таму што душа ляжала да такога занятку. Потым мы ўвялі яшчэ адну штатную адзінку і запрасілі на работу Уладзіміра Станкевіча, ён займаўся бондарствам і стаў сапраўдным адмысловым майстрам, нават атрымаў званне народнага, народным майстрам быў таксама і Мікалай Фёдаравіч Ячмянькоў, чалавек у сталым узросце, але вельмі актыўны.

Лічу патрэбным згадаць тут і яшчэ адно прозвішча — археолага Ірыны Ганецкай. У Глуску здаўна ведалі пра старажытны замак, хадзілі настойлівыя чуткі пра падземны ход, які нібыта праходзіў пад ракой. Каб прыадкрыць завесу гэтай таямніцы, мы звязаліся з Інстытутам гісторыі Акадэміі навук, да нас прыехала Ірына Уладзіміраўна, агледзела тое, што засталося ад замка, і ўзялася за яго даследаванне. Ужо пасля першага сезона яе работы мы правялі ў Глуску навуковую канферэнцыю, да нас прыехалі розныя навукоўцы, разгледзелі і абмеркавалі навуковыя работы па гісторыі Глушчыны, якія меліся на той час. Па матэрыялах гэтай канферэнцыі з’явілася кніга “Глуская зямля: дыялог з гісторыяй”. А Ірына Ганецкая працавала на глускім замчышчы потым яшчэ 12 сезонаў, з ёю прыязджалі студэнты, з вялікай ахвотай у раскопках прымалі ўдзел і мясцовыя дзеці. У выніку гэтай шматгадовай працы выйшла цікавая кніга “Глускі замак у святле археалагічных даследаванняў і пісьмовых крыніц”. Увогуле, я лічу: тое, што Ганецкая зрабіла для вывучэння гісторыі глускай зямлі, няхай сабе і невялікага, але вельмі значнага яе ўчастка, пераацаніць немагчыма. У пэўнай ступені з яе работай і вывучэннем глускага замка звязана ідэя стварэння герба Глуска, раённая ўлада гэтую прапанову аддзела культуры падтрымала, герб з выявай замка быў створаны і ўнесены ў геральдычную метрыку.

Дарэчы, пра кнігі. У свой час з дапамогай аддзела культуры пабачыла свет першая кніга Навума Сандамірскага  “Люди, время, жизнь”, зборнік вершаў глускіх паэтаў і некалькі іншых кніг.

У размове пра культурнае жыццё Глушчыны тых гадоў нельга не сказаць колькі слоў пра фестывалі, якія праходзілі ў раёне. Гэта той жа “Палескі трохкутнік”, у ім бралі ўдзел творчыя калектывы трох суседніх раёнаў трох абласцей — Глускага Магілёўскай, Любанскага Мінскай і Акцябрскага Гомельскай, гэты фестываль праходзіў пачаргова ў кожным раёне і праіснаваў гадоў шэсць, двойчы суседзяў прымалі глушчане. Даўжэйшым было жыццё абласнога фестывалю сямейнай творчасці “Сузор’е талентаў”, ён праводзіўся раз у два гады, за час маёй работы прайшоў дзевяць разоў, пад канец яго ўжо можна было назваць міжнародным, бо да нас прыязджалі госці з Белгародскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Для ўсяго раёна фестывальныя дні былі вялікім святам.

Так паступова развівалася, расла сфера культуры ў Глускім раёне, шырыліся яе напрамкі, накірункі дзейнасці. За пяць гадоў дзесьці ўдвая павысіўся адукацыйны ўзровень культработнікаў, заахвочваючы іх да гэтага, аддзел нават аплачваў іх завочную вучобу. Памятаю, у адзін год адразу чатыры работнікі пайшлі вучыцца, хоць і працавалі, і сем’і мелі, гэта Галіна Гембіцкая, Зоя Сіраж, Алена Грамыка, Галіна Графава — успамінаю іх з вялікай цеплынёй і ўдзячнасцю. І ўвогуле хачу сказаць, што ўсё зробленае і ўсё, чаго мы дабіліся і да чаго прыйшлі, — гэта заслуга людзей, якія працавалі тады, а некаторыя працуюць і зараз у сферы культуры. Ну як не згадаць Марыю Максімаўну Галамаку з Хваставіцкага СДК, Тамару Прохараўну Ляпко з Падлужжа, здавалася б, маленькі сельскі клуб, а платных паслуг яна давала часам больш за Дамы культуры, потым арганізавала клуб-музей, сабраўшы нямала рэчаў народнага побыту.

Я з упэўненасцю магу сказаць, што мне ў маёй працы пашанцавала на людзей. Ні адзін кіраўнік нічога не даб’ецца, калі не будзе работнікаў, якія яго зразумеюць, падтрымаюць яго ідэі і задумкі. Са мной працавалі менавіта такія людзі, энтузіясты, улюбёныя ў сваю справу. Калі б не яны — нічога з таго, што было, не атрымалася б. Усім ім я сёння бязмерна ўдзячны. Мінулае прынята хваліць, маўляў, раней лепш было. Я так скажу: у нашай сферы, калі ёсць людзі, для якіх і з якімі мы працуем, то работа пойдзе добра. Цяпер матэрыяльныя ўмовы, у якіх працуюць культработнікі, непараўнальна лепшыя, чым былі ў другой палове 1990-х, калі я пачынаў, але сталі пусцець вёскі — з кім жа арганізоўваць самадзейнасць, ездзіць на конкурсы ды фестывалі? У кожны час свае ўмовы, абставіны, асаблівасці, цяжкасці. Мы са сваімі спраўляліся так, як я расказаў. Сёння іншыя запыты і магчымасці, і работа вядзецца ў адпаведнасці з імі. Карыстаючыся выпадкам, віншую культработнікаў раёна, і тых, хто на адпачынку, і тых, хто працуе зараз, з нашым прафесійным святам. Будзьце ўсе здаровыя і шчаслівыя.

Запісала Таццяна ЛУКАШЭВІЧ

Фота з архіва рэдакцыі 

Последние новости

80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Интеллектуальная игра «Эрудит» прошла сегодня в Глуске

19 апреля 2024
Актуально

Первое заседание VII ВНС состоится 24—25 апреля

19 апреля 2024
Актуально

Продлили контракт на правовом приеме! Какие еще проблемы помог решить профсоюз?

19 апреля 2024
Культура

Выставка работ учащихся Центра творчества Глуска открылась в районном музее

19 апреля 2024
Общество

Республиканский субботник пройдет в Беларуси 20 апреля

19 апреля 2024
Актуально

Отсрочки, штрафы и СМС‑повестки — о каких новациях нужно знать будущим призывникам

19 апреля 2024
Общество

Ремонт в городской бане Глуска

18 апреля 2024
Актуально

На территории Глусского района проходит специальная программа «Допинг»

18 апреля 2024
Актуально

Когда судом применяется специальная конфискация

18 апреля 2024
Культура

Афиша Глуска: куда сходить и что посмотреть на досуге

18 апреля 2024

Рекомендуем

Общество

В Глусском районе проверили готовность лесной охраны к пожароопасному периоду

7 апреля 2024
Есть вопрос? Есть ответ!

На связи с читателем. Кто должен строить гнезда аистам?

15 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

11 апреля — Международный день освобождения узников фашистских концлагерей

9 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Общереспубликанская акция «Разам з мастацтвам» прошла в Глусском районе

11 апреля 2024
Актуально

Все в банк! Новый порядок получения пенсий и детских пособий

14 апреля 2024
АПК

Посевная в агрофирме «Славгородский» Глусского района

11 апреля 2024
Культура

Афиша выходного дня: выставки, фильмы, танцы в Глуске

12 апреля 2024
Общество

Новый состав молодежного парламента избрали в Глуске

12 апреля 2024