Лагатып да 100-годдзя з дня ўтварэння Глускага раёна выбраны

Падведзены вынікі раённага конкурсу на лепшы лагатып да 100-годдзя з дня ўтварэння Глускага раёна. Конкурс праводзіўся з 21 сакавіка па 16 красавіка, а яго арганізатарамі выступілі аддзел ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама, раённая арганізацыя ГА “Белая Русь” і раённае аб’яднанне прафсаюзаў.
З 29 конкурсных работ журы вызначыла тры лепшыя. У ліку прызёраў — работы Вольгі Сокал, педагога Глускай дзіцячай школы мастацтваў, і Алены Варонінай, настаўніцы СШ № 1 імя С. І. Грахоўскага, пераможцам конкурсу прызнаны лагатып, створаны настаўніцай Завалочыцкай сярэдняй школы Таццянай Герман.
Усе элементы лагатыпа маюць сваё значэнне. Каласы, размешчаныя па крузе, сімвалізуюць дабрабыт, урадлівасць і жыццяздольнасць, а іх сонечны колер — светлую будучыню і багацце. Дарэчы тут і бусел — сімвал новага жыцця, удачы і даўгалецця, сувязь паміж небам і зямлёй, захавальнік ураджаю, а стужка — беларускі ручнік, сімвалізуе гасціннасць нашай зямлі. Карта раёна ў зялёным колеры асацыіруецца з ростам і багаццем шчодрых глускіх лясоў.
Т. ЛУГАВАЯ