На сувязі з чытачом. Па маршруце аўтакрамы

Да работы аўтакрам, або, як кажуць у народзе, аўталавак, адносіны розныя: адны іх хваляць, іншыя ганяць, але несумненна вось што: іх работа людзям на сяле патрэбна, а сама гэта работа няпростая, як фізічна, так і псіхалагічна. У гэтым пераканалася, калі ў мінулы аўторак праехала з аўтакрамай № 2 нашага Глускага райпо па адным з яе маршрутаў, ён пачынаецца ў Кіраўскім і заканчваецца ў Кляшчоўцы, усяго восем вёсак. Менавіта з гэтай аўтакрамай пару тыдняў таму здарылася надзвычайная сітуацыя, якая выклікала людское абурэнне і даволі актыўнае абмеркаванне ў інтэрнэце. Справа ў тым, што ў адзін зусім не цудоўны дзень да людзей прыехала не звыклая для іх крама на колах са звыклым асартыментам, а просты фургон, дзе з прадуктаў былі хлеб, малако, крупы, цукар ды некаторыя іншыя тавары. Што здарылася?
Здарылася сур’ёзная паломка аўтамашыны, прычым прама перад выездам на маршрут, тлумачыць сітуацыю начальнік гандлёвага аддзела Глускага райпо Алена Мандзік. Што было рабіць? Пакінуць людзей нават без прадуктаў першай неабходнасці? Вядома ж, не, таму адправілі на маршрут звычайны фургон з наборам асноўных тавараў, тлумачыць яна. Так, і для пакупнікоў гэта быў непрыемны сюрпрыз, і прадаўцу было нязручна працаваць. Але ж трэба разумець, па-першае, рашэнне прымалася тэрмінова, па-другое, гэта не звычайная, а надзвычайная сітуацыя, паломкі машын і абсталявання часам, на жаль, здараюцца — гэта жыццё. Хутка адрамантаваць аўтамабіль не атрымалася, таму для ўзнаўлення абслугоўвання сельскіх пакупнікоў у ранейшым рэжыме давялося населеныя пункты гэтай аўтакрамы размеркаваць паміж іншымі чатырма. Праўда, з-за гэтага крыху змясціўся графік іх прыезду ў вёскі, але гэта часова, паабяцалі ў Глускім райпо.

Мы паназіралі за работай крамы на колах на трох першых, найбольш масавых, прыпынках (двух у пасёлку Кіраўскае і адным у Карпавічах). Мы — гэта карэспандэнт раёнкі, галоўны спецыяліст аддзела эканомікі райвыканкама Аксана Круглова і начальнік гандлёвага аддзела райпо Алена Мандзік.
Абслугоўвала пакупнікоў прадавец Вераніка Прыгара, гэта яе маршрут, у гэты дзень яна працавала з вадзіцелем Аляксандрам Скуратовічам (пастаянны яе напарнік Віктар Дзяшчэня). Размаўляем з людзьмі, пытаемся, ці добрае абслугоўванне, ці ўсяго хапае. Што адметна: сітуацыю з фургонам ніхто з сяльчан сам не згадваў, мы самі ў іх запыталіся, што было б лепш: застацца наогул без пакупак ці хоць самае неабходнае (хлеб, малако, цукар, соль) купіць? Адказ прадказальны: людзям патрэбна было купіць асноўныя прадукты, а райпо павінна было хутчэй выправіць сітуацыю і ўсё наладзіць. Так, зрэшты, і атрымалася.
Што датычыць увогуле якасці абслугоўвання, то тут меркаванні вяскоўцаў разышліся. Калі прадаўца ў большасці сваёй яны хвалілі, казалі, што і гаваркая, і ветлівая, і прапануе што трэба, то на асартымент былі нараканні. Казалі, што возяць на сяло тое, што ў глускіх магазінах не пакуплялі, што тавар заляжалы, а хлеб чэрствы, вось і каўбасы няма…

Алена Мандзік патлумачыла, што аўтакрамы фарміруюць свой асартымент (прасцей кажучы, бяруць тавары) не ў магазінах райцэнтра, а на гандлёвай базе райпо, таму пра дрэнную іх якасць казаць нельга, яе кантралююць не толькі спецыялісты райпо, але і іншыя службы, тая ж санстанцыя. Аксана Круглова тут жа папрасіла прадаўца паказаць хлеб і батон: дата вырабу — 23 красавіка, хлеб свежы, сённяшні. Каўбасныя вырабы ў гэтай аўтакраме былі, праўда, не на вітрыне, яна тут не прыстасаваная, а ў халадзільніку, пералік вывешаны побач з акенцам, у ім — больш за два дзясяткі найменняў (я палічыла). Алена Мандзік параіла прадаўцу падказваць людзям, прапаноўваць тавар — гэта і пакупнікам добра, і выручку павысіць. А вось свежыя агуркі аўтакрама не возіць, такі тавар трэба папярэдне замаўляць, і яго прывязуць, прадаўцы бяруць і выконваюць заказы. Паабяцала прадавец бабульцы прывезці ў наступны раз і селядца ў маленькай упакоўцы (бо была толькі вялікая).
Наогул, для аўтакрам распрацаваны абавязковы пералік тавараў, туды ўваходзяць сацыяльна значымыя прадукты (хлеб, малако, кісламалочныя прадукты, масла поснае і сметанковае, мука, крупы, макароны, яйкі курыныя і г. д.) і тавары першай неабходнасці, расказвае начальнік гандлёвага аддзела райпо. Ёсць і асартыментны пералік, ён больш шырокі (прыкладна 200 найменняў харчовых і нехарчовых тавараў). Праўда, вяскоўцы, жанчыны, сказалі, што хацелі б большага выбару тавараў, чым ёсць зараз. І каб сама аўтакрама была большай, такой, куды заходзіць можна. Па тэлевізары паказвалі такую…
Такія сапраўдныя магазіны на колах насамрэч ёсць, у некаторых буйных гандлёвых сетках, ездзяць і абслугоўваюць сельскае насельніцтва. Праўда, толькі там, дзе людзей шмат, у аграгарадках, напрыклад, бо гандаль павінен прыносіць прыбытак, а не страты. А які прыбытак атрымаеш, праехаўшы кіламетры, каб абслужыць аднаго ці двух пакупнікоў? Гэта ўжо не камерцыя, а сацыяльны праект. Уласнік за гэта не бярэцца. А вось спажывецкае таварыства гэтую сацыяльную функцыю выконвае безумоўна. Так, Глускае райпо ў Глускім раёне пяццю аўтакрамамі абслугоўвае 83 населеныя пункты, важнае ўдакладненне: маланаселеныя пункты, ёсць і такія, дзе пражываюць дзве-тры сям’і, а то і ўвогуле адзін чалавек. І вось два-тры разы на тыдзень едуць машыны за дзясяткі кіламетраў, вязуць двум, тром, сямі чалавекам хлеб і малако, масла, мыла, лямпачкі, мяккую паперу ў рулонах. Тавараабарот гэтых аўтакрам за сакавік склаў ад 20 да 24 тысяч рублёў (аўтакрама № 2 нагандлявала за месяц 22,4 тысячы), а сярэдняя налічаная (“гразнымі”) заработная плата прадаўцоў — 1022 рублі. Ці ёсць у іх рабоце недахопы? Зразумела, ёсць. Гэтым разам, напрыклад, яек не было, яблыкаў, цыбулі, мукі патрэбнага вытворцы, здараецца, што тавару не хапае да канца маршруту, бывае, што машына паламаецца. Бывае. Але ж гэта не заўжды так, даводзяць людзям Аксана Круглова і Алена Мандзік. Прадаўцы цяпер у дэфіцыце, не кожны пойдзе сюды працаваць, ды і не кожнаму такую працу даверыш. “Калі здараюцца накладкі, тэлефануйце ў райпо, — кажа начальнік гандлёвага аддзела, — будзем старацца іх выпраўляць”. Вось і машыну аўтакрамы № 2 адрамантавалі і 25 красавіка яна сама ўжо паехала па сваім маршруце.
Т. ЛУКАШЭВІЧ
Фота аўтара