Пра што пісала «Радзіма» 30 год назад

Заканчэнне.
Папярэдняя частка — у № 38
№ 89, 23 лістапада 1994 года
“Ужо звычайнай з’явай становяцца газетныя паведамленні аб тым, што еўрапейскія і іншыя краіны шукаюць дзяшовую рабочую сілу ў рэспубліках былога Савецкага Саюза. Дачакаліся гэтай навіны і мы, жыхары Глушчыны. Як стала вядома, аддзел па рабоце з моладдзю райвыканкома мае магчымасць накіраваць на работу ў Чэхію 15 маладых працаўнікоў (мужчын) узростам 18—30 гадоў. 10 чалавек — для работы на пасадцы лесу ў маі-чэрвені будучага года. Зарплата выплачваецца ў амерыканскіх доларах, а іх колькасць будзе залежаць ад выкананых аб’ёмаў работы. Таксама запрашаюцца 5 муляроў і тынкоўшчыкаў тэрмінам на 3—6 месяцаў для работы на будоўлях Чэхіі. Месцам пражывання запрошаныя на работу забяспечваюцца бясплатна, а харчаванне — за ўласны кошт”. (Запрашае на работу Чэхія)
“У Глускай санаторнай школе-інтэрнаце навучаюцца вучні… амаль з усёй вобласці. Усё больш сталі наведваць школу дзеці з малазабяспечаных і цяжкіх сем’яў. З-за адсутнасці бюджэтных сродкаў у гэтым навучальным годзе на адзенне і абутак гэтым дзецям не выдзелена ні капейкі. Таму дырэкцыя, педагагічны калектыў звярнуліся за дапамогай да насельніцтва раёна. І многія людзі адгукнуліся на гэты зварот. Дырэкцыя школы-інтэрната выказвае вялікую ўдзячнасць за аказаную дапамогу дзецям-сіротам, дзецям з малазабяспечаных сем’яў медсястры раённай бальніцы Алесі Пуліновіч, намесніку загадчыка райфінаддзела Г. В. Асадчай, швачцы камбіната бытавога абслугоўвання А. І. Каранкевіч, галоўнаму бухгалтару санаторнай школы-інтэрната З. П. Касцюкавец і іншым”. (Не засталіся раўнадушнымі)
№ 90, 26 лістапада
“Кожны званок хворых раніцай 23 лістапада на станцыю “хуткай дапамогі” суправаджаўся адным і тым жа адказам: “Прыехаць не можам, няма бензіна”… Каб высветліць сітуацыю, мы звярнуліся да загадчыцы раённай паліклінікі В. П. Шчэрба, якая ў той дзень замяняла галоўнага ўрача:
— Так, сапраўды, адна машына “хуткай дапамогі” з раніцы не змагла паехаць на выклік, другая знаходзілася ў Магілёве. Прычына — не выдзелілі грошай на бензін. І пакуль яны не знойдуцца, ніхто ў райсельгастэхніцы не зможа нас заправіць…
Ад рэдакцыі: як нам паведамілі ў той дзень у райвыканкоме, райфінаддзел выдзеліў на набыццё бензіна для запраўкі машын “хуткай дапамогі” 4 мільёны рублёў. (“Хуткая” на прыколе)
№ 94, 10 снежня
“Пачалося фарміраванне выканаўчай улады, так званай прэзідэнцкай “вертыкалі” на раённым узроўні. У мінулы чацвер гэтую місію прадстаяла выканаць на сесіі дэпутатам раённага Савета. Былі разгледжаны арганізацыйныя пытанні. Адно з іх — аб зацвярджэнні пасады старшыні Глускага выканаўчага камітэта. Старшыня Магілёўскага аблвыканкома… унёс прапанову зацвердзіць назначанага ім па ўзгадненню з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь на пасаду старшыні Глускага раённага выканаўчага камітэта кандыдатуру Віктара Уладзіміравіча Шчэцькі. Гэтая прапанова была сустрэта апладысментамі прысутных і зацверджана раённым Саветам”. (Сесія раённага Савета: падзелены галіны ўлады)
Падшыўку гартала
А. ВАСІЛЕЎСКАЯ