У Глускім раёне ідзе нарыхтоўка кармоў

У Глускім раёне ідзе нарыхтоўка кармоў, першым укосам скошана 613 гектараў шматгадовых траў, звезены яны з плошчы 178 гектараў. План першага ўкосу складае 6180 гектараў. Згодна з інфармацыяй упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, самыя вялікія плошчы, адведзеныя пад зялёнае жніво, сяголета ў аграфірме “Слаўгарадскі” — больш за паўтары тысячы гектараў, 1200 га шматгадовых траў патрэбна скасіць у эксперыментальнай базе “Глуск”, за тысячу гектараў — у “Глускай Зары”, далей ідуць РАПТЗ — 810 гектараў, “Турыно-агра” і “Зара Камуны” — 790 і 780 гектараў адпаведна.
Травы сяголета выраслі добрыя, гэтаму спрыяла сакавіцкае цяпло і дастатковая колькасць вільгасці, тлумачыць галоўны аграном ТАА “БНБК-АГРА Глуск” Валерый Глаз і паказвае на густы валок толькі скошанай травы. На полі, што насупраць мікрараёна “сем вятроў”, адкуль мы і пачалі наш сумесны рэйд, шматгадовыя бабова-злакавыя травы касіў Міхаіл Зельманчук з механізаванага атрада МТС, створанай пры “БНБК-АГРА Глуск”, за модульнай ратацыйнай касілкай (КМР-9) заставаліся шырокія, каля трох метраў, пракосы і роўныя рады сакавітай травы.
На полі перад вёскай Падкалендай (гэта другая кропка маршруту) скошаную роўнымі радамі траву падбіраў КВК-800, высокапрадукцыйны кормаўборачны комплекс здрабняе на сянаж і адначасова грузіць правяленую масу ў кузаў трактара. За рулём камбайна — яшчэ адзін механізатар МТС Аляксандр Чыгір. На адвозцы “зялёнкі” былі заняты тры адзінкі тэхнікі. Калі мы пад’ехалі на поле, ад кормаўборачнага камбайна ад’язджаў Станіслаў Дубенка, яму на змену прыехаў і стаў пад пагрузку Васіль Патачыц, ужо каля сянажнай траншэі мы сустрэлі Уладзіміра Дроба, усе тры трактарысты працуюць у Глускім райаграпрамтэхзябеспячэнні. Менавіта гэта гаспадарка першай і пачала нарыхтоўку кармоў. Пры закладцы сянажнай траншэі зялёную масу трамбаваў “Амкадорам” Анатоль Дзяшчэня, таксама механізатар РАПТЗ.


Глускаму райаграпрамтэхзабеспячэнню сяголета патрэбна нарыхтаваць амаль 9400 тон сенажу, будзе закладзена сем-восем сянажных траншэй, расказвае галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Іван Туміловіч, віды на ўраджай шматгадовых траў добрыя, на круг можна ўзяць 150—160 цэнтнераў. За першы дзень было скошана 48 гектараў бабова-злакавых траў.
З зялёным жнівом марудзіць не трэба, гаворыць галоўны аграном “БНБК-АГРА Глуск” Валерый Глаз, травы зараз у самай пары, як толькі гаспадаркі завершаць сяўбу кукурузы (на 27 мая заставалася пасеяць 186 гектараў), усе актыўна ўключацца ў корманарыхтоўку.
Т. ЛУГАВАЯ
Фота аўтара