Затрымка пенсій і паліва ў крэдыт: з якімі праблемамі глушчане звярталіся да дэпутата ў 1996 годзе

У 2026 годзе Беларусь адзначае 30-годдзе інстытута парламентарызму. Рэспубліканскі рэферэндум 24 лістапада 1996 года вызначыў новую структуру і яе ролю ў палітычнай сістэме Беларусі. Быў створаны двухпалатны Парламент — Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь: Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі.
Да 1996 года функцыі Парламента (заканадаўчай улады) выконваў аднапалатны Вярхоўны Савет. Прэзідэнт з’яўляўся кіраўніком дзяржавы і выканаўчай улады. Меркавалася, што Вярхоўны Савет будзе здольны вывесці краіну з крызісу, аднак гэтага не атрымалася, болей таго, супярэчнасці паміж Вярхоўным Саветам і выканаўчай уладай у рэшце рэшт прывялі да палітычнага крызісу. Пераломным момантам стала рэформа 1996 года. Па выніках рэферэндуму былі ўнесены змены ў Канстытуцыю, сярод іх: пераход да моцнай прэзідэнцкай формы кіравання; стварэнне двухпалатнага Парламента; пераразмеркаванне паўнамоцтваў паміж галінамі ўлады; змяненне парадку заканадаўчай ініцыятывы.
Першы склад Палаты прадстаўнікоў (1996—2000) фарміраваўся не праз выбары, а па ўказе Прэзідэнта з ліку дэпутатаў Вярхоўнага Савета 13-га склікання, якія падтрымалі курс кіраўніка дзяржавы. Безумоўна, раённая газета не магла не адгукнуцца на такія важныя палітычныя падзеі. У газеце “Радзіма” ад 14 снежня 1996 года пад рубрыкай “Выбаршчыкаў цікавіць” выйшаў матэрыял з назвай “А з кім наш вы-браннік?”. Вось што ў ім паведамлялася: “Па роду працоўнай дзейнасці ў складзе Палаты прадстаўнікі прамысловасці, будаўніцтва, сельскай гаспадаркі, аховы здароўя, адукацыі, праваахоўных органаў, Адміністрацыі Прэзідэнта, Кабінета Міністраў, мясцовых Саветаў, выканаўчых органаў улады. Ад Магілёўскай вобласці ў склад Палаты прадстаўнікоў увайшлі 22 дэпутаты, або 20 працэнтаў. Сярод іх дэпутат ад нашага раёна Анатоль Канстанцінавіч Бабкоў. Гаворачы аб гэтым, задавальняем цікаўнасць многіх чытачоў, жадаючых ведаць, з кім жа наш выбраннік”.
Зазначым, што ў розныя гады Глускі раён уваходзіў у розныя выбарчыя акругі: да 2016 года ў Бабруйскую сельскую выбарчую акругу, а пасля і па сённяшні час — у Асіповіцкую выбарчую акругу.
Анатоль Бабкоў, эканаміст і юрыст з Бабруйска, прадстаўляў наш раён і падчас дзеяння Палаты прадстаўнікоў II склікання (2000—2004).
У якіх умовах жылі людзі і якія праблемы прыходзілася вырашаць дэпутатам, сведчыць вось такая нататка з газеты “Радзіма” за 1996 год. Надрукавана яна была ў майскім нумары, калі Анатоль Бабкоў быў яшчэ дэпутатам Вярхоўнага Савета і праводзіў прыём грамадзян у Глуску. На прыём прыйшлі больш за дваццаць чалавек, пераважна пенсіянеры і інваліды. “Гэта, уласна кажучы, не занадта здзіўляла: менавіта ім сёння найбольш цяжка, — піша карэспандэнт і дадае: — Інакш ці ўзнікла б пытанне аб неабходнасці браць паліва ў крэдыт. Многа праблем, як паказаў характар скаргаў, звязаных з нясвоечасовай выдачай пенсій. Ёсць “нюансы” з зямельнымі ўчасткамі, нямала пытанняў да народнага выбранніка аб цяжкасцях з эксплуатацыяй кватэр”.
Многія пытанні і праблемы патрабавалі грунтоўнай заканадаўчай базы (трэба разумець, што з распадам СССР савецкія законы страцілі сілу, для маладой суверэннай рэспублікі трэба было распрацоўваць іншыя, актуальныя ў новых рэаліях). Толькі за перыяд працы Нацыянальнага сходу I склікання было прынята 18 асноўных кодэксаў, уключаючы Выбарчы, Грамадзянскі, Крымінальны, Жыллёвы і Зямельны.
Прадуманае размежаванне паўнамоцтваў палат Парламента і тое, што праекты законаў сталі праходзіць праз “двайное сіта” экспертных праверак, садзейнічала таму, што рашэнні набылі больш узважаны і адказны характар.
На долю пастаянных камісій Палаты прадстаўнікоў сёння даводзіцца асноўная частка ўсёй заканатворчай дзейнасці, што дазваляе зняць большасць дыскусійных пытанняў яшчэ да канчатковага абмеркавання законаў. За тры дзесяцігоддзі беларускім Парламентам разгледжана амаль 3000 законапраектаў, закладзены трывалы заканадаўчы падмурак дзяржавы.
У Палаце прадстаўнікоў III склікання (2004—2008) нашым дэпутатам быў Юрый Аляксандравіч Кулакоўскі, настаўнік, палітолаг, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, галоўны інспектар па Магілёўскай вобласці. Ганаровы грамадзянін Глуска, ураджэнец нашага раёна Анатоль Ціханавіч Глаз быў дэпутатам ад Бабруйскай сельскай акругі ў Палаце прадстаўнікоў IV склікання (2008—2012) — намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі. Алена Уладзіміраўна Шамаль, дэпутат
V склікання (2012—2016) ад Бабруйскай сельскай акругі, была задзейнічана ў Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, справах сям’і і моладзі.
З 2016 года Глускі раён перайшоў у Асіповіцкую акругу № 89 (Глускі, Клічаўскі, Асіповіцкі раёны), дэпутатам Палаты прадстаўнікоў VI склікання (2016—2019) быў абраны Аляксандр Віктаравіч Багдановіч, алімпійскі чэмпіён па веславанні на байдарках, родам з Асіповіцкага раёна. У лік дэпутатаў VII склікання (2019—2024) ад Асіповіцкай акругі ўвайшла Святлана Аляксандраўна Шутава, журналіст, да абрання была галоўным рэдактарам абласной газеты “Магілёўскія ведамасці”, у Палаце прадстаўнікоў працавала ў Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце.
З 2024 года пачаў работу Нацыянальны сход VIII склікання, дэпутатам ад Асіповіцкай акругі № 89 быў выбраны Алег Віктаравіч Дзячэнка, кандыдат філасофскіх навук, дацэнт, на той час рэктар Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. У Палаце прадстаўнікоў Алег Віктаравіч — намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах.
Дадаткова варта адзначыць, што ў верхняй палаце Парламента, Савеце Рэспублікі 8-га склікання, ад Магілёўскай вобласці працуе Аляксандр Іванавіч Багель, вылучаны ад Бабруйскага, Глускага, Клічаўскага і Кіраўскага раёнаў, ён намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні.
А. Васілеўская