Кожная пятнiца — роднае, сваё. Бабруйск

У другую пятніцу месяца расказваем пра цікавыя мясціны Беларусі. Сёння згадаем, дзеля чаго варта наведаць Бабруйск. Звычайна мы шукаем цікавае і адметнае ў далёкіх далях, а між тым суседні Бабруйск выглядае вельмі прываблівым у турыстычным плане. Пачнём з таго, што горад гэты — адзін з самых буйных і старадаўніх у нашай краіне. І калі ставіць за мэту пазнаёміцца з усімі яго выдатнасцямі, то аднаго дня не хопіць і блізка. Пералічым самыя адметныя з іх.
Бабруйская крэпасць, будаўніцтва якой пачалося ў 1810 годзе і завяршылася к 1812-му, адна з лепшых на той час па ваенным аснашчэнні у Еўропе. Сёння гэта ўнікальны архітэктурны комплекс у стылі класіцызму, уваходзіць у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Крэпасцей такога тыпу ў краіне усяго дзве: у Бабруйску і Брэсце. Да нашых дзён засталіся каля 20 абарончых і гаспадарчых пабудоў рознай ступені захаванасці, запланавана іх рэстаўрацыя.

На вуліцы Сацыялістычнай раней жыла знаць, размяшчаліся шматлікія магазіны, і дагэтуль там захаваліся будынкі канца 19 — пачатку 20 стагоддзя ў стылях класіцызму і мадэрну. Так, да нашага часу ў добрым стане дайшоў будынак тыпаграфіі пачатку 20-га стагоддзя. Візітнай жа карткай гарадской забудовы лічыцца адмысловы дом купчыхі Кацнэльсон на вуліцы Інтэрнацыянальнай, расказваюць, што ў свой час гаспадыня перавезла яго з Прыбалтыкі па асобных частках. Унутры многае выглядае, як раней, захаваліся разныя дзверы і каміны. Зацікавіць турыста і яшчэ адзін дом пачатку 20 стагоддзя — “Порт-Артур” на вуліцы Дзяржынскага, гэта незвычайны дом-калодзеж з унутраным дворыкам. А сярод сучасных будынкаў вока абавязкова заўважыць дом-тэтрыс, або дом-шпакоўню, на вуліцы Мінскай. Пабудаваны ў 1980-х, ён уяўляе сабой яскравы прыклад савецкага мадэрнізму.

Бабруйск называюць горадам трох рэлігій, тут суседнічаюць праваслаўе, каталіцызм і іўдаізм, таму для аматараў рэлігійнага турызму тут проста раскоша.
У Бабруйску знаходзіцца рэспубліканскі духоўны цэнтр іўдзеяў — на базе адзінай дзеючай у горадзе сінагогі (а калісьці іх было больш за сорак). Звярніце таксама ўвагу на царкву Святога Георгія, Свята-Мікалаеўскі кафедральны сабор, жаночы манастыр Святых Жон-Міраносіц (на тэрыторыі Бабруйскай крэпасці).
Пра касцёл Прасвятой Дзевы Марыі можна смела сцвярджаць, што ў Беларусі храмаў такога выгляду больш няма. Касцёл быў пабудаваны ў 1906 годзе па праекце вядомага гомельскага архітэктара Станіслава Шабунеўскага. Аўтар сумясціў элементы архітэктуры мадэрну з псеўдаготыкай, у выніку атрымаўся асаблівы і вельмі прыгожы храм з незвычайнай разгорнутай вежай, парнымі востраканцовымі вокнамі і складаным цагляным мурам. Але ўжо ў савецкі час фасад быў часткова разбураны, вежу знеслі, а астатнюю частку касцёла ўпісалі ў пяціпавярховы будынак адміністрацыйнага назначэння.

Дарэчы, адзін з турыстычных маршрутаў па горадзе, які называецца “Таки-да, этоБобруйск!”, акурат уключае ў сябе наведванне гістарычнага цэнтра: вуліцы Сацыялістычнай, яўрэйскага дворыка, Бабруйскай крэпасці, манастыра Святых Жон-Міраносіц, духоўнага цэнтра іўдаізму, а таксама іншых храмаў.

У горадзе шмат мясцін, звязаных з Вялікай Айчыннай вайной. Цэнтральная з іх — плошча Перамогі, дзе знаходзяцца мемарыяльны комплекс з пахаваннямі воінаў, Алея Герояў і знакаміты танк Т-34. Танкавы корпус пад камандаваннем Бахарава адзначыўся пры вызваленні Бабруйска і атрымаў ганаровае званне Бабруйскага. Пасля гібелі генерала Бахарава камандуючы Першым Беларускім фронтам маршал Ракасоўскі загадаў пахаваць яго ў Бабруйску. На магіле ўстанавілі той самы танк, пасля рэканструкцыі ён знаходзіцца побач з пахаваннем.
Абавязкова зазірніце на бабруйскія вакзалы. Чыгуначныя станцыі “Бабруйск” і “Бярэзіна” пабудаваны на пачатку 20 стагоддзя, а ў памяшканні станцыі “Бярэзіна” вы пабачыце ўнікальную насценную мазаіку савецкага перыяду — пано “Схема асноўных чыгунак Саюза ССР”.

Што яшчэ зацікавіць турыста ў Бабруйску? Можна наведаць музеі: краязнаўчы (адзін з самых даўніх у Беларусі, заснаваны ў 1924 годзе) і мастацкі. Прагуляцца па пешаходнай вуліцы Сацыялістычнай. Зазірнуць у фірменны магазін ад “Чырвонага харчавіка”. Сфатаграфавацца на памяць з бабрамі, у горадзе некалькі скульптур, прысвечаных неафіцыйнаму сімвалу Бабруйска. І гэта далёка не ўсё з таго займальнага, што вы зможаце знайсці і пра што даведацца, ад’ехаўшы ад Глуска на нейкія пяцьдзясят кіламетраў.