Беларусь разлічвае ў гэтым годзе атрымаць ураджай не горшы, чым у 2014 годзе
Беларусь разлічвае ў гэтым годзе атрымаць ураджай не горшы, чым у 2014 годзе. Аб гэтым ішла размова ў час рабочай паездкі Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ў Мінскую вобласць, дзе ён наведаў СУП «Азярыцкі-Агра».
Кіраўніку дзяржавы было даложана аб ходзе веснавых палявых работ, якія масава вядуцца цяпер у сельскагаспадарчых арганізацыях. Пасеяна ўжо 82 працэнты ранніх яравых. У Беларусі пачалі сяўбу ўсіх культур — бульбы, ільну, цукровых буракоў, кукурузы. Паводле слоў намесніка прэм’ер-міністра Міхаіла Русага, азімыя збожжавыя культуры выйшлі з зімоўкі здавальняюча. Крыху цяжэйшая сітуацыя з азімым рапсам, з-за маласнежнай зімы значная частка пасеваў пашкоджана. У сувязі з гэтым неабходна да 25 красавіка пасеяць яравы рапс на плошчы 90 тыс. га. У цэлым чакаецца, што дзякуючы наяўнасці ўсіх рэсурсаў, выкананню тэхналогій Беларусь у гэтым годзе атрымае ўраджай не меншы, чым раней, адзначыў Міхаіл Русы.
У час рабочай паездкі Прэзідэнт азнаёміўся з арганізацыяй пасадкі бульбы і сяўбы кармавых культур у СУП «Азярыцкі-Агра», а таксама наведаў малочнатаварную ферму «Задомля» гэтай гаспадаркі. Прэзідэнту было даложана аб будаўніцтве і тэхнічным аснашчэнні МТФ. Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з сучаснымі тэхналагічнымі працэсамі вытворчасці малака на ферме. Акрамя таго, Прэзідэнту былі прадстаўлены вынікі работы жывёлагадоўчай галіны краіны, а таксама ў Мінскай вобласці і Смалявіцкім раёне. Кіраўніку дзяржавы далажылі аб выкананні яго даручэнняў па будаўніцтве сучасных жывёлагадоўчых комплексаў па вытворчасці малака. Так, па стане на 1 сакавіка ў цэлым па краіне ўведзена ў эксплуатацыю 1029 малочнатаварных ферм.