Пахаладанне да мінус 27 градусаў чакаецца ў Беларусі на бягучым тыдні
Рэзкае пахаладанне да мінус 27 градусаў чакаецца ў Беларусі на бягучым тыдні, паведаміў начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Дзмітрый Рабаў.
“У першы тыдзень 2017 года надвор’е будзе вельмі зменлівым: спачатку моцны снег, парывісты вецер, затым узмацненне марозаў”, – адзначыў Дзмітрый Рабаў.
У сераду, 4 студзеня, умовы надвор’я на тэрыторыі Беларусі будуць вызначаць актыўныя атмасферныя франты ад цыклону, які днём перамесціцца на поўнач краіны. Будуць складаныя ўмовы надвор’я: снег, на большай частцы тэрыторыі моцны, слабая мяцеліца. У асобных раёнах наліпанне мокрага снегу, слабыя туман і галалёд, на дарогах галалёдзіца. Па паўднёва-заходняй палавіне ўзмацненне ветру парывамі да 15-20 м/с. Тэмпература ноччу складзе 0 – мінус 5 градусаў, па паўночным усходзе пры праясненнях – 6-8 градусаў марозу. Днём будзе ад мінус 3 да плюс 2 градусаў.
“Далей цыклон будзе перамяшчацца на Расію і ўслед за ім у Беларусь прыйдзе вельмі халоднае паветра і пахаладае”, – расказаў Дзмітрый Рабаў.
У чацвер, 5 студзеня, на большай частцы тэрыторыі прагназуецца снег, уначы ў асобных раёнах моцны. У некаторых раёнах мяцеліца, на дарогах галалёдзіца. Ноччу па паўночна-заходняй палавіне, раніцай і днём у многіх раёнах рэспублікі ўзмацненне ветру парывамі да 15-20 м/с. Тэмпература на працягу сутак складзе 8-15 градусаў марозу, па паўднёвым усходзе – да мінус 1-7.
У пятніцу, 6 студзеня, у некаторых раёнах, пераважна па ўсходняй палавіне рэспублікі, чакаецца невялікі кароткачасовы снег. На асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература на працягу сутак будзе мінус 13-20 градусаў, ноччу па паўночнай палавіне пры праясненнях – да мінус 23 градусаў.
У суботу, 7 студзеня, у асобных раёнах краіны пройдзе невялікі снег, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература ўначы складзе мінус 15-22 градусы, пры праясненнях будзе да 27 градусаў марозу. Удзень прагназуецца мінус 11-18 градусаў, па ўсходзе – да 20 градусаў марозу.
8 студзеня ў асобных раёнах краіны магчымы кароткачасовы снег, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература ноччу – 15-22 градусы са знакам мінус, пры праясненнях – да 27 градусаў марозу. Днём чакаецца 9-16 градусаў марозу. Па захадзе ўначы будзе мінус 10-14 градусаў, удзень – ад 4 да 8 градусаў марозу.