Темы

Аб чым расказваюць пагаспадарчыя кнігі

Аб чым расказваюць пагаспадарчыя кнігі
Старонка з пагаспадарчай кнігі Хваставіцкага сельсавета, 1946 год

Пачынаючы з 1934 года, ва ўсіх сельскіх Саветах савецкай дзяржавы пачалі весці ўлік сялянскіх гаспадарак — з’явіліся пагаспадарчыя кнігі. Да Кастрычніцкай рэвалюцыі на беларускіх землях таксама існавалі падобныя дакументы і называліся інвентарамі. Трэба адзначыць, што пагаспадарчыя кнігі — гэта ўнікальныя і даволі дакладныя гістарычныя крыніцы інфармацыі. На іх аснове дзяржаўныя органы выканаўчай улады складалі справаздачы і вялі фінансава-гаспадарчую дзейнасць. Адказнасць за захаванасць, правільны і своечасовы запіс у кнігах ускладалася на сакратароў сельскіх Саветаў. Яны, адвучыўшыся на двухтыднёвых курсах, павінны былі здаць экзамен раённай камісіі, каб пацвердзіць веданне гэтай працы. Запісы ў пагаспадарчыя кнігі рабілі-ся пасля абходу двароў і апытання ўладальнікаў. У дакументах пералічвалася хатняя жывёла, запісваліся вынікі абмеру двароў, надзелаў і г. д. Увогуле, па гэтых кнігах можна прасачыць пэўны перыяд з жыцця асобнай сям’і і нават уявіць, як людзям жылося ў той час. Мяне зацікавілі пагаспадарчыя кнігі 1944—1948 гадоў Казловіцкага і Хваставіцкага сельсаветаў, а дакладней, вёсак Казловічы, Зарэчча, Балашэвічы, Вільча, Чыкілі, Калацічы, Хваставічы.

Сям’я

Як жылося вяскоўцам у пасляваенны час, уявіць няцяжка: голадна і холадна было. У 1944 годзе ўсіх мужчын, якія маглі  трымаць у руках зброю, забралі на фронт, таму ў кнігах у раздзеле “склад сям’і” галавой сям’і былі запісаны жанчыны. І ўвогуле, у 1944 годзе большасць пералі-чаных у дакументах сялян — жанчыны, дзеці і старыя. Гэта на іх кволыя, малыя і знямоглыя плечы лёг увесь цяжар аднаўлення гаспадаркі і краіны ў пасляваенны час. Трэба адзначыць, што дзяцей у тагачасных сем’ях было шмат (па нашым сённяшнім меркаванні) — трое, чацвёра і больш. Адна з самых вялікіх сем’яў была ў Балашэвічах, дзе ў бацькоў гадавалася аж восем дзяцей. Уразіла сям’я, дзе гаспадыняю запісана 14-гадовая дзяўчына Каця, якая жыла разам з братам, а дзве іх малодшыя сястрычкі ў 1946 годзе знаходзіліся ў дзіцячым доме Глуска. Вось так у некалькі радкоў пагаспадарчай кнігі змясці-ўся лёс цэлай сям’і.

 Адукацыя і прафесіі

Здзівіла мяне адна акалічнасць з жыцця тагачаснага сялянства: амаль усе сталыя жанчыны, якія былі замужам, — непісьменныя або малапісьменныя. Ды што жанчыны — у запісах сустракаюцца паметкі, дзе бачна, што непісьменнымі былі цэлыя сем’і. Дзеці, асабліва дзяўчынкі, якія нарадзіліся ў 20—30-я гады, таксама былі малапісьменныя і ў асноўным скончылі 1—4 класы. Так, вучыцца не было часу — працавалі шмат і пры хаце, і калі-нікалі ў калгас бацькоў падмяняць выходзілі. У выніку некаторыя вяскоўцы нават у пагаспадарчых кнігах не маглі за сябе паставіць подпіс, таму за іх распісваўся сакратар: “За Міхала”. Нават старшыні калгасаў у той час былі не вельмі адукаваныя — хтосьці сямігодку скончыў, а хтосьці толькі чатыры класы. Некаторыя сакратары, якія запаўнялі пагаспадарчыя кнігі, таксама не вылучаліся асаблівай адукаванасцю. Як у вёсцы называлі таго ці іншага селяніна, так ён і значыўся ў дакуменце — Хведар, Вікця, Валерык, Мікодзя, Аўдуля, Марфута, Анопрай Ладымераў, Адар’я Назарава (прычым Назарава — гэта імя па бацьку).

Трэба адзначыць, што сярод вяскоўцаў жылі і працавалі людзі розных прафесій: калгаснікі (іх, канешне ж, была большасць), настаўнікі, служачыя, ляснік, сплаўшчык, каваль, рабочы МТС і загадчык медпункта (у Чыкілях).

Імёны

У вяскоўцаў сустракаюцца вельмі цікавыя і незвычайныя для нас імёны: Зося, Алімпіяда, Міна, Лукаш, Епіфан, Логвін, Юстына, Яўмен, Фёкла, Домна, Арэхта, Альбін, Парфен, Тэкля, Сысой, Сузана, Харціна, Вахарый (магчыма Захарый), Сынклета, Уліта, Хоця. У аднаго з мужчын было імя па бацьку (а можа і па маці) — Варваравіч.

Сядзіба

У склад сялянскай сядзібы ўваходзілі пабудовы і зямля. У пагаспадарчых кнігах пазначаўся год, калі будавалася хата, наяўнасць сараяў і колькасць зямлі, выдзеленай асобнай сям’і. Самая старая хата, якая значылася (і захавалася падчас вайны) у пагаспадарчых кнігах Казловіцкага і Хваставіцкага сельскіх Саветаў, была пабудавана аж у 1863 годзе. Сустракаюцца і крыху маладзейшыя: 1871, 1884, 1890, 1901 года. Але большая частка хат і хлявоў у вёсках была адбудавана ўжо пасля 1944 года.

Сялянская зямля падзялялася на некалькі частак: двор, агарод і палі. І тут выяўляецца цікавая акалічнасць: колькасць зямлі залежала ад уступлення ў калгас. Калі ты калгаснік — у цябе прыкладна 45—60 сотак зямлі, а калі аднаасобнік — ад 15 да 20. Трэба адзначыць, што ў 1944 годзе, адразу пасля вызвалення Беларусі, у вёсках  раёна зноўку пачалася калектывізацыя — аднаўляліся калгасы.

Аднаасобнікі

Па дакументах відаць, што аднаасобнікаў у вёсках Казловіцкага і Хваставіцкага сельсаветаў у 1944 годзе было шмат, а вось ў 1946—1948 гадах іх колькасць ужо значна змяншаецца. Дакументы сведчаць, што ў калгас не жадалі ісці ў асноўным неадукаваныя людзі сталага ўзросту. Напрыклад, самай старэйшай у гэтых сельсаветах аднаасобніцай была неадукаваная жанчына 1869 года нараджэння. Яшчэ адна, таксама неадукаваная, жанчына 1894 года нараджэння, якая адна гадавала траіх дачок, ніяк не магла вызначыцца: у кнізе каля яе імені некалькі разоў напісана “калгасніца”, а потым столькі ж разоў было выпраўлена на “аднаасобніцу”. Трэба сказаць, што цяжка прыходзілася таму, хто не хацеў ісці ў калгас. Напрыклад, 16 з 20 адведзеных сотак гаспадар-аднаасобнік засейваў бульбай, астатнія — гароднінай. А дзе хлеба ўзяць? Як сям’ю карміць? Вось і вярталіся паціху вяскоўцы ў калгасы.

Што вырошчвалі і каго трымалі ў хляве

Сталыя людзі памятаюць, што ў савецкай дзяржаве амаль да пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя калгаснікам не плацілі зарплату грашыма, а выдавалі яе ў канцы года зернем і іншымі прадуктамі, улічваючы колькасць адпрацаваных дзён. Таму сяляне ў гэты час вялі, можна сказаць, натуральную гаспадарку — выраблялі для сябе амаль усё, што ім было неабходна. Канешне ж, ва ўсіх вёсках сеялі бульбу, прычым гэтай гароднінай засявалі большасць палеткаў. (І не дзіва, гэта ж другі хлеб беларусаў.) Акрамя бульбы, сеялі ячмень, жыта, пшаніцу, проса, грэчку, лён, гарох і нават фасолю. Сустракаюцца і крыху незвычайныя для нас расліны, якія сяляне масава высявалі, — каноплі і тытунь.

Жыўнасць у хлявах сялян таксама вадзілася: гадавалі парсючкоў, свінаматак, кароў і цялят, валоў, коз і казлянят, авец. Птушкі (куры) былі запісаны толькі ў пагаспадарчых кнігах вёскі Калацічы: у аднаго гаспадара іх было пяць штук, у другога — тры. А вось коней у сялян не зафіксавана. Па дакументах відаць, што жывёліны з’яўляліся ў вяскоўцаў паступова, прычым большасць з іх у 1946 годзе. Напрыклад, спачатку ў гаспадарцы з’явілася козачка, у наступным годзе — парсючок, а крыху пазней і цялушка (якая праз год запісана ў кнізе ўжо — карова). Цікавая акалічнасць: у Вільчы амаль усе вяскоўцы трымалі толькі коз, а вось у Балашэвічах было шмат авечак.

Рэпрэсіі, рэпатрыянты

Пагаспадарчыя кнігі вялі не толькі ўлік зямлі і жывёлы, туды таксама запісвалася інфармацыя пра кожную сям’ю: дзе і кім працуюць, калі, куды і па якой прычыне выехалі, хто і ў якім годзе асуджаны або памёр, ці ёсць інваліднасць і г. д. Калі нехта з сям’і быў у партызанах, загінуў на фронце альбо прапаў без вестак — гэта таксама пазначалася. Напэўна, усім вядома, што адразу пасля вайны жорсткія сталінскія рэпрэсіі ў адносінах да грама-дзян прадоўжыліся. Гэта пацвярджаюць пагаспадарчыя кнігі: у дакументах пазначана шмат асуджаных, прычым гэта і мужчыны, і жанчыны рознага ўзроўню адукацыі: ад неадукаваных да скончыўшых сярэднюю школу. Напрыклад, запісана: “Марфа Трафімава1902 г. н., неадукаваная, у 1945 годзе забралі органы НКДБ”, “Яніна Іванаўна, сярэдняя адукацыя, служачая, чацвёра дзяцей, у 1944 годзе забралі органы НКДБ”. І такіх прыкладаў шмат. Тыя, хто вяртаўся з фашысцкага палону, канцлагераў або прымусовых работ, таксама не маглі разлічваць на лагодныя адносіны да сябе, таму іх пазначалі ў пагаспадарчых кнігах так: “прыбыў з Германіі”, “рэпатрыявана”.

Гартаючы пажаўцелыя старонкі пагаспадарчых кніг, я на некаторы час перанеслася ў тую, ужо далёкую ад нас эпоху. І гледзячы на лічбы, словы, запісаныя сакратаром чарніламі або простым алоўкам, я ўбачыла не толькі лёс і гісторыю асобнага чалавека, а і гісторыю нашага краю і нашай краіны.

Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ

Фота аўтара

Последние новости

Общество

Глусский район — на Доске почета Могилёвской области

3 мая 2024
Власть

«Не просто впечатляет». Лукашенко о предварительных результатах проверки дежурных сил ВВС и войск ПВО

3 мая 2024
Актуально

Более 400 кг некачественных мясных изделий и рыбы нашел Госконтроль в «Светофоре»

3 мая 2024
Актуально

Информация для владельцев собак

3 мая 2024
Духовность

Расписание богослужений и освящения пасхальных приношений в православных храмах Глусского района

3 мая 2024
Общество

В Глуске отпраздновали Первомай — Праздник труда, весны и мира

3 мая 2024
Общество

На сувязі з чытачом. Па маршруце аўтакрамы

3 мая 2024
Актуально

Чтобы защитить свой урожай

2 мая 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Путь к Победе. Хроника освобождения Беларуси. 1943—1944

2 мая 2024
Общество

Белорусская партия «Белая Русь» отмечает первую годовщину

2 мая 2024

Рекомендуем

Власть

Алексей Журавлёв назначен председателем Глусского райисполкома

22 апреля 2024
Беларусь помнит

Митинг в честь 38-й годовщины чернобыльской катастрофы прошел в Глусском районе

26 апреля 2024
Культура

Афиша выходного дня. Куда сходить в Глуске

26 апреля 2024
АПК

«Работать надо по-военному, день и ночь». Лукашенко поручил до 9 мая завершить посевные работы

30 апреля 2024
Общество

Глусчанка Валентина Хлань — автор гимна «Роскосмоса» и многих популярных белорусских песен

25 апреля 2024
Власть

Говорят делегаты ВНС. Председатель Глусского райисполкома Алексей Журавлёв

23 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Путь к Победе. Хроника освобождения Беларуси (1943—1944)

26 апреля 2024
Власть

Новое руководство в министерствах и местная вертикаль. Лукашенко рассмотрел кадровые вопросы

22 апреля 2024