Темы

Было цяжка, але хацелася свята, або Пра што пісала глуская газета ў 80—90-я

Было цяжка, але хацелася свята, або Пра што пісала глуская газета ў 80—90-я

Заканчэнне. Пачатак у нумары 100 ад 31.12.2025

Зойдзем у год 1987-ы. Подых перабудовы ў савецкім грамадстве ўжо адчуваецца, хаця радыкальныя перамены яшчэ не наступілі. У другім нумары раённай газеты на тытульнай старонцы — навагодні зварот да савецкага народа Генеральнага сакратара ЦК КПСС М. С. Гарбачова. Пра перабудову і пераўтварэнні там таксама ёсць, але працытаваць хочацца іншае. “Мы добра ведаем — ніхто за нас нічога не зробіць, не вырашыць нашы задачы, нашы праблемы. Мы ўсё павінны зрабіць самі. А гэта значыць — кожны з нас абавязан прыбавіць у рабоце, і прыбавіць грунтоўна. Толькі так можна забяспечыць паскарэнне і значнымі працоўнымі дасягненнямі азнаменаваць 70-годдзе Вялікага Кастрычніка”, — гэта адна цытата. А вось другая: “Планета сустракае Новы год. У кожнага народа свае звычаі, свой рытуал яго сустрэчы. Але ў адным людзі падобныя: у навагоднюю ноч яны жадаюць сабе, сваім блізкім, сваім народам шчасця і мірнага жыцця. Цяпер, аднак, мала толькі добрых пажаданняў. Патрэбны і добрыя справы. Ніколі яшчэ наш зямны дом не падвяргаўся такой небяспецы. Вельмі многа накапілася ў ім зброі, нельга дапусціць катастрофы”. На 1980-я акурат прыйшоўся новы віток ядзернага супрацьстаяння паміж СССР і ЗША.

У студзеньскіх нумарах 1987 года таксама, як і раней, амаль няма расказаў пра святкаванне Новага года. Толькі пад рубрыкай “Ідуць зімовыя канікулы” ў трэцім нумары газеты дзве нататкі. Адна пачынаецца словамі “Вясёлым, шумным карагодам ля навагодняй ёлкі пачаліся для рабят райцэнтра зімовыя школьныя канікулы” і расказвае пра тое, што ў кінатэатры “Арыён” праходзіць фестываль “Казка” — гульні, віктарыны, гутаркі на літаратурныя тэмы, спектаклі і кінафільмы. А другая заметка называецца “Свята ля ёлкі” і апавядае пра ранішнік для сем’яў будаўнікоў у ленінскім пакоі МПМК-249.

У астатніх жа матэрыялах найбольш падводзяцца вынікі працоўнага года. “Плён працы натхнёнай”, “Стаў лепшым па прафесіі” (пра трактарыста Дзмітрыя Гаранцава), “Рапарт кааператараў”, “Віншуем з перамогай, Фёдар!” (пра механізатара Фёдара Яльчыка), “Прыклад камуніста” (пра Уладзіміра Логвінавіча Акуліча) — такія назвы артыкулаў, надрукаваных у раёнцы 1 студзеня. Сярод іншых ёсць фатаграфія і заметка пра Фядору Якаўлеўну Голуб — муляра МПМК-249, аднаго з лепшых працаўнікоў прадпрыемства. А яшчэ надрукаваны партрэт — не фотаздымак — Ганны Уладзіміраўны Пяхоты, даяркі эксбазы “Глуск”. Мастак Ул. Марціновіч завітаў да яе не проста так: Ганна Пяхота стала першай у раёне даяркай-пяцітысячніцай, надаіла па 5100 кілаграмаў малака ад кожнай каровы.

У гэтым жа нумары змешчана апытанне “Што б вы зрабілі, каб былі Дзедам Марозам?” Вось як адказвалі глушчане на такое пытанне больш за трыццаць год назад. Маладая даярка Турынской фермы Валянціна Арцёмчык расказала пра англійскі звычай набіраць ваду ў першы дзень новага года — вада гэта, лічыцца, валодае магічнымі якасцямі. “Выпала б быць Дзедам Марозам, дастала б такой вады для нашых каровак. Малака, глядзі, паболела б у бітоне…” — сказала жанчына. А чацвёртакласніца Бярозаўскай СШ Галя Басякова пажадала: “А я б для сваіх сябровак, сяброў, маленькай сястрычкі Наташкі, для ўсіх мам і тат выпусціла б сто серый мультфільма “Ну, пачакай!”. Пакуль Воўк і Заяц не стануць сапраўднымі сябрамі”.

Перанясёмся ў 1995-ы, на тры дзесяцігоддзі назад. Раённая газета ўжо называецца “Радзіма” і выходзіць два разы на тыдзень замест трох. У першым нумары, які выйшаў 4 студзеня, перададзена віншаванне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Менавіта перададзена, бо гэта не прамая цытата, а пераказ віншавальнага звароту Прэзідэнта да жыхароў краіны ў пераднавагоднюю ноч па рэспубліканскім тэлебачанні. “З поўным тэкстам віншавання можна пазнаёміцца ў цэнтральных рэспубліканскіх газетах”, — прыпісана ў канцы гэтай кароткай нататкі пад назвай “Віншуе Прэзідэнт”.

У гэтым жа нумары — віншаванні ад раённага савета ветэранаў вайны і працы і шмат навагодніх віншаванняў жыхарам раёна ад арганізацый і прадпрыемстваў. Як бачым, гэтая традыцыя зарадзілася ў дзевяностых.

Што тычыцца працоўных рапартаў, то іх… няма. Ёсць расказы пра людзей, працаўнікоў, ветэранаў, але гэта зусім не тая масавая справаздача пра дасягненні і перавыкананні планаў, што назіралася ў газетах сямідзясятых-васьмідзясятых. Краіна знаходзілася на пераломе, у крызісе — і думкі ў людзей былі ўжо зусім іншыя. А ў газеце нават у святочныя студзеньскія дні галоўнымі былі навіны пра павышэнне цэн, ацяпленне ў дамах (дакладней, пра яго адсутнасць) і іншыя праблемы і цяжкасці.

Аднак жа перагартаем старонкі 1995 года да снежня. Апошні нумар, лічы, амаль увесь — святочны. На першай старонцы апошняга нумара — зварот старшыні райвыканкама В. Шчэцькі, у якім ён жадае жыхарам, апроч іншага, “нязгаснага аптымізму”. Тут жа — праграма навагодніх і калядных мерапрыемстваў, сярод іх і прывычныя для нас, нашкталт навагодняй дыскатэкі каля “Арыёна” або дзіцячага ранішніка, і адметныя — “Поле цудаў” і відэафільм у раённым Доме культуры. Тады якраз відэафільмы набылі вялізную папулярнасць.

У нумары сабраны лісты глушчан, у якіх яны расказваюць, чым быў адметны для іх год адыходзячы, і разважаюць, з якім настроем ідуць у год новы. “Нас вядзе па жыцці надзея”, “Хай хутчэй расце мая дачушка”, “Я веру ў лепшую будучыню”, “Гэтая Перамога заўсёды з намі” — вось такія загалоўкі ў гэтым нумары. Тут жа — мноства віншаванняў ад арганізацый і прадпрыемстваў, а таксама фотазамалёўкі пра тое, як рыхтуюцца да свята работнікі раённага Дома культуры і пра ранішнік у дзіцячым садку. Цяжка жылося, а людзі ўсё роўна імкнуліся стварыць святочны настрой для сябе і тым болей для дзетак.

Увогуле, ёсць адчуванне (асабліва калі параўнаць з першымі выпускамі раёнкі за 1995 год), што гэты нумар не проста святочны — ён прасякнуты аптымізмам і надзеяй на лепшае. І наша сённяшняе падарожжа ў мінулае хочацца завяршыць акурат радкамі, якія былі вынесены вялікімі літарамі ў самы верх першай старонкі апошняга нумара за 1995 год: “Новы год — на старце. Пажадаем сабе ўдачы!”

Падшыўкі гартала А. ПЯТРОВА

Последние новости

Будь в курсе

Как не попасть на уловку мошенника вовремя телефонного разговора?

27 мая 2026
Читать новость
Культура

«Созвездие талантов». В Глуске прошел отчетный концерт Глусской детской школы искусств

27 мая 2026
Читать новость
Будь в курсе

С этого года в Беларуси зарегистрировано 69 происшествий на воде

27 мая 2026
Читать новость
Будь в курсе

Годовщины свадеб: как называются и что подарить

27 мая 2026
Читать новость
Будь в курсе

Включи ближний свет: мероприятие «Внимание – дети!» проводится в Могилёвской области

27 мая 2026
Читать новость
Будь в курсе

Как обманывают доверчивых граждан

27 мая 2026
Читать новость

Рекомендуем