Кожная пятніца — роднае, сваё. Страва посная — крупнік

У мінулым месяцы мы гатавалі масленічныя бліны, сёння ж будзе страва посная — крупнік.
Суп-крупнік (кажуць яшчэ “крупеня”) быў адным з самых распаўсюджаных у меню беларускіх сялян. Звычайна яго варылі з ячных, грэцкіх, прасяных, радзей — з іржаных круп. У заможных сем’ях варылі густым, а тых, хто не мог сабе гэтага дазволіць, высмейвалі: крупіна за крупінай ганяюцца з дубінай. Вы ж можаце прыгатаваць на свой густ, як любіце.
Нам спатрэбіцца: 1 шклянка ячных круп або проса, 4 бульбіны, 2 цыбуліны, соль, лаўровы ліст, кроп. Калі ёсць і жадаеце — дадайце колькі грыбоў, сушаных ці свежых. Шампіньёны падыдуць таксама, толькі, канечне, гэта будзе ўжо не зусім аўтэнтычны варыянт. Сушаныя грыбы папярэдне замачыце ў кіпені на гадзіны чатыры. Па жаданні можна дабавіць і моркву, але неабавязкова.
Тым часам крупы трэба перабраць, прамыць, усыпаць у каструлю, заліць вадой і варыць, час ад часу перамешваючы. Калі крупы будуць амаль гатовыя, пакладзіце нарэзаную кубікамі бульбу і падсмажаную на посным масле дробна нашаткаваную цыбулю. Калі падабаеце скаромны варыянт — замяніце поснае масла на дробна нарэзанае сала. За пяць хвілін да канца варкі дадайце соль, лаўровы ліст. Выпраўце ўсё на свой смак, а ў няпосным варыянце можаце ўліць крыху малака.
Гатовы крупнік пасыпце дробна нарэзанай зелянінай кропу, дайце пастаяць яму літаральна хвілін дзесяць і адразу падавайце яшчэ гарачым.
Смачна есці!